Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры рэчы, якіх чакаюць ад саміту NATO ў Вільні


Плякат на мітынгу ў Кіеве ў падтрымку далучэньня Ўкраіны да NATO, сьнежань 2019
Плякат на мітынгу ў Кіеве ў падтрымку далучэньня Ўкраіны да NATO, сьнежань 2019

За чым варта сачыць на саміце NATO, які адбудзецца ў сталіцы Літвы 11–12 ліпеня? Тлумачыць эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

#1: Што атрымае Ўкраіна?

Што варта ведаць:

Для Ўкраіны важна, каб гэты саміт не ператварыўся ў яшчэ адзін «Бухарэст» ці «Будапэшт».

Пад «Бухарэстам» маецца на ўвазе саміт NATO ў румынскай сталіцы ў 2008 годзе, калі прадстаўнікі альянсу заявілі, што Ўкраіна (і Грузія) далучацца да арганізацыі, але пры гэтым не назвалі канкрэтных датаў ці працэдуры.

Усе ясна разумеюць што дэклярацыя саміту NATO ў Вільні ня будзе запрашэньнем для Кіева адразу ж далучыцца да альянсу. Ніхто за сталом перамоваў не гарыць жаданьнем даць краіне, якая вядзе вайну, гарантыі паводле артыкулу 5 (які прыраўноўвае напад на любую краіну NATO да нападу на ўсіх чальцоў альянсу).

Замест гэтага яны паспрабуюць знайсьці спосаб абяцаць Украіне сяброўства ў NATO, калі сытуацыя палепшыцца. І якраз тут прыгадваецца «Будапэшт». Гэта адсылка да мэмарандуму 1994 году, якім Расея, Вялікая Брытанія і Злучаныя Штаты далі запэўніваньні наконт бясьпекі Ўкраіне (а таксама Беларусі і Казахстану) узамен на адмову ад ядзернай зброі, якая гэтым краінам дасталася ў спадчыну ад СССР.

Пакуль Украіна будзе чакаць магчымага сяброўства ў NATO, яна хоча мець «гарантыі» ці «запэўніваньні», што Захад працягне вайсковую падтрымку. Але як гэта будзе сфармулявана, застаецца адной з галаваломак саміту.

Калі капянуць глыбей:

  • Большасьць прадстаўнікоў NATO, зь якімі я размаўляў, прыватна прызнаюць, што адзіная жалезная гарантыя бясьпекі — гэта сяброўства ў NATO. Гэта тое, што ўсьвядомілі Фінляндыя і Швэцыя (пра гэта больш падрабязна крыху пазьней), калі падалі заяўкі на далучэньне да альянсу ў хуткім часе пасьля расейскага ўварваньня. Усе астатнія меры — такія, як запэўніваньні наконт бясьпекі, — могуць рабіцца на двухбаковым падмурку асобнымі чальцамі NATO.
  • Можа атрымацца так, што група краін напярэдадні саміту ці ў Вільні паабяцае весьці вайсковую падтрымку Ўкраіны «так доўга, як гэта спатрэбіцца» — пастаўкамі зброі, боепрыпасаў ці нават навучаньнем украінскіх войскаў. Нельга выключаць і магчымасьць асобнай заявы «Вялікай сямёркі» наконт гэтага, асабліва таму, што прадстаўнікі ўсіх краін будуць у Вільні (прэм’ер-міністар Японіі Фуміё Кісіда таксама прыедзе).
  • NATO як арганізацыя прапануе 500 мільёнаў эўра (каля $538 мільёнаў) на год у прадказальнай будучыні, каб дапамагчы Ўкраіне з разнастайнымі ваеннымі выдаткамі. У будучыні гэтая сума можа вырасьці.
  • У астатнім галоўная праблема: як сфармуляваць дэклярацыю саміту так, каб пазьбегнуць яшчэ аднаго «Бухарэсту» і не расчараваць Украіну, але ў той жа час супакоіць асьцярожныя краіны, такія як ЗША і Нямеччына, якіх моцна напружвае пэрспэктыва ўзяць на сябе абавязаньні наконт сяброўства Ўкраіны пасярод вайны з Расеяй, якая валодае ядзернай зброяй?
  • Адным са спосабаў можа быць заява, што Кіеў далучыцца да альянсу, калі гэта дазволяць «умовы» і «наступствы», і, магчыма, гэтыя ўмовы і наступствы будуць канкрэтна сфармуляваныя. Магчыма, што будзе апісаны нейкі шлях далучэньня, напрыклад, што краіны NATO правядуць ацэнку ці вернуцца да пытаньня на наступным саміце, у Вашынгтоне наступным летам.
  • Украіна таксама змагаецца за тое, каб пазьбегнуць патрабаваньня мець Плян дзеяньняў у падрыхтоўцы да сяброўства ў NATO. Гэта фактычна «сенцы», у якіх краіны атрымліваюць індывідуальныя праграмы, каб падрыхтавацца да будучага сяброўства, і гэтыя праграмы могуць тычыцца ня толькі аспэктаў абароны, але таксама палітычных і юрыдычных пытаньняў, якія, на думку альянсу, варта разьвязаць. Многія з краін цэнтральнай і ўсходняй Эўропы мусілі выконваць такія пляны перад далучэньнем да NATO. Аднак ёсьць сьведчаньні, што афіцыйнаму Кіеву гэта не спатрэбіцца — гэтаксама як такіх плянаў не патрабавалася ад Фінляндыі і Швэцыі, перад тым як яны пачалі працэс далучэньня.
  • Урэшце, галоўнае пытаньне ў тым, ці будуць украінцы задаволеныя вынікамі саміту. Чакаецца, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыедзе на саміт, але ўвесь час ходзяць чуткі, што ён разглядае магчымасьць не прыехаць, калі будзе адчуваць, што саміт ставіць недастаткова амбітныя задачы. Аднак большасьць чакае, што Зяленскі будзе сустаршынём першай рады NATO-Ўкраіна — структуры, якая прадэманструе новыя палітычныя адносіны, у якіх Кіеў будзе за сталом як роўны і зможа ініцыяваць сустрэчы з вайсковым альянсам у любы момант.

#2: Далучэньне да NATO Швэцыі?

Што варта ведаць:

Мала хто з прадстаўнікоў NATO чакаў, што гэтае пытаньне так зацягнецца. Швэцыя падала заяўку на далучэньне разам зь Фінляндыяй увесну 2022 году ў выніку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, і многія дыпляматы разьлічвалі, што гэты працэс завершыцца ўжо да восені. Але Турэччына мела іншыя пляны.

Перш чым даць зялёнае сьвятло на далучэньне, Турэччына запатрабавала ад абедзьвюх краін, але асабліва ад Швэцыі, зьняць эмбарга на пастаўкі зброі ў Турэччыну, рэфармаваць антытэрарыстычныя законы і выдаць асобаў, якіх Анкара лічыць датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасьці.

Хоць на саміце ў Мадрыдзе летась Турэччына і пагадзілася на далучэньне Швэцыі і Фінляндыі, яна затрымала ратыфікацыю пратаколаў аб далучэньні, пакуль не пачнуць выконвацца яе ўмовы. Праблемы ў адносінах са Швэцыяй — асабліва дэманстрацыі ў Стакгольме, падчас якіх, сярод іншага, спальвалі Каран — дадаткова напружылі турэцка-швэдзкія стасункі, у той час як Фінляндыя адасобілася і адна далучылася да NATO сёлета на пачатку красавіка.

Калі капянуць глыбей:

  • Тут, па сутнасьці, ёсьць два шляхі, якімі могуць пайсьці падзеі. Можа быць паўтарэньне мадрыдзкага саміту, калі прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган сустрэнецца з прэмʼер-міністрам Швэцыі Ульфам Крыстэрсанам у Вільні напярэдадні саміту, каб дасягнуць пагадненьня, і будзе пракладзены шлях да ратыфікацыі далучэньня Швэцыі турэцкім парлямэнтам у ліпені ці ўвосень; альбо пара можа правесьці ў Вільні «канструктыўныя перамовы», па выніку якіх спатрэбіцца дадатковая праца на розных дыпляматычных узроўнях.
  • Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг сустрэўся зь міністрамі замежных спраў, а таксама з кіраўнікамі выведак і службаў бясьпекі Фінляндыі, Швэцыі і Турэччыны 6 ліпеня, каб паспрабаваць разьвязаць праблемныя дэталі перад самітам у Вільні. Па выніку ён назваў сустрэчу «плённай» і сказаў, што «магчыма атрымаць пазытыўнае рашэньне» на тыдні, калі праходзіць саміт.
  • Тыя прадстаўнікі NATO, зь якімі я размаўляў на ўмовах ананімнасьці, лічаць, што Эрдаган хоча, каб яго разглядалі як ключавога палітыка, і можа пагадзіцца на нешта, калі на саміт будзе скіраваная поўная ўвага мэдыя. Яны адзначылі, што перад самітам у Мадрыдзе чаканьні таксама былі нізкія, але перамовы сам-насам на найвышэйшым узроўні тады праклалі шлях да пагадненьня.
  • Яны аднак, адзначаюць, што можа спатрэбіцца яшчэ адна сустрэча: паміж Эрдаганам і прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам, на якой апошні мог бы абяцаць паставіць Анкары амэрыканскія зьнішчальнікі F-16 — многія лічаць, што такі крок стаў бы вырашальным для пагадненьня.
  • Але, напрыклад, новыя спаленьні Карана ў Швэцыі маглі б патэнцыйна сапсаваць сытуацыю. Турэччына і значная частка мусульманскага сьвету разьюшыліся, калі нехта атрымаў дазвол спаліць сьвятую кнігу мусульман каля мячэці ў Стакгольме 28 чэрвеня падчас пратэсту, які адбываўся на Курбан-байрам, адну з найбольш сьвяточных падзеяў ісламскага календара.
  • Адзін са швэдзкіх судоў дазволіў пратэст пасьля таго, як падобныя ж заяўкі адхіляліся, бо ўлады абгрунтоўвалі гэта пагрозай нацыянальнай бясьпецы. За апошнія дні было выдадзена як мінімум тры дазволы на спальваньне рэлігійных кніг, і цяпер перад швэдзкімі ўладамі стаіць сапраўдная праблема. Дыпляматы, зь якімі я размаўляў, кажуць, што прадстаўнікі Швэцыі будуць гаварыць сваім турэцкім суразмоўцам, што супраць апошняга, хто спаліў Каран, прынамсі выставілі абвінавачаньні ў распальваньні варожасьці да этнічнай ці нацыянальнай групы і што яны плянуюць падобныя ж абвінавачаньні, калі такія інцыдэнты яшчэ будуць.
  • Калі ў Вільні будзе дасягнутая дамоўленасьць, дык пануе перакананьне, што парлямэнт Турэччыны можа правесьці ратыфікацыю да таго, як пойдзе на вакацыі ў кастрычніку. Вугоршчына пакуль што таксама не ратыфікавала пратаколу аб далучэньні Швэцыі — у асноўным ад салідарнасьці з Анкарой. Хоць былі сьведчаньні, што вугорскія дэпутаты адклалі галасаваньне на восеньскую сэсію, Будапэшт неаднаразова заяўляў, што Вугоршчына ня будзе апошняй краінай, якая правядзе ратыфікацыю; таму ня выключана, што Швэцыя стане 32-м чальцом NATO ўжо ў гэтым месяцы.

#3: Вырашыць ключавыя задачы NATO

Што варта ведаць:

Магчыма, самае галоўнае рашэньне, якое маюць прыняць на гэтым саміце NATO, — гэта аднагалосная ўхвала першых комплексных плянаў абароны альянсу ад часоў халоднай вайны. Гэта асноўнае, дзеля чаго ствараўся альянс: як абараніць кожны квадратны сантымэтар тэрыторыі 31 краіны NATO.

Трэба, каб ухвалілі 4 тысячы старонак сакрэтных плянаў, якія тычацца трох асноўных рэгіёнаў: паўночнага, то бок Атлянтычнага і Арктычнага рэгіёнаў; цэнтральнага рэгіёну, які абʼядноўвае эўрапейскія краіны ад Балтыкі да Альпаў; і паўднёвага рэгіёну ад Альпаў да Міжземнаморʼя, у які ўваходзяць і краіны NATO вакол Чорнага мора.

Вядома ж, ёсьць і падразьдзелы, якія, напрыклад, факусуюцца на кібэрбясьпецы. Калі ўсё пойдзе добра і на саміце ўхваляць гэтыя пляны, за гэтым адбудзецца больш дэталёвае плянаваньне, якое будзе інструкцыяй для дзеяньняў канкрэтных батальёнаў — які менавіта ўчастак тэрыторыі ці мора ім трэба абараняць у выпадку нападу.

Калі капянуць глыбей:

  • Разьлічвалася, што пагадненьне ў гэтых плянах будзе дасягнутае перад самітам, але зьявіліся некаторыя перашкоды — у асноўным яны тычацца Турэччыны. Анкара, да прыкладу, настойвала, каб Басфор у плянах называлі «Турэцкай пратокай», а таксама хацела зрабіць большы акцэнт на змаганьні з тэрарызмам, а ня проста факусавацца на пагрозе з боку Расеі.
  • Але асноўным пытаньнем застаецца тое, як перайсьці ад плянаў да рэальнасьці, а гэта, па сутнасьці, значыць: ці дастаткова вайсковага абсталяваньня, салдатаў і грошай, каб усяго гэтага дасягнуць? NATO добра бярэ на сябе абавязаньні — летась у Мадрыдзе саюзьнікі пагадзіліся, што падрыхтуюць 100 000 вайскоўцаў, якіх можна разьмясьціць на пазыцыях цягам 10 дзён, і яшчэ 300 000 — цягам месяца. Але яны дагэтуль не дасягнулі гэтай амбітнай мэты.
  • Сытуацыя яшчэ горшая ў тым, што тычыцца выдаткаў на абарону. На саміце NATO ў Валіі ў 2014 годзе краіны альянсу ўзялі на сябе абавязаньне выдаткоўваць 2 працэнты ВУП на абарону да 2024 году — у часы халоднай вайны ўсе краіны NATO дасягнулі такога паказьніку. Аднак у сярэднім краіны Альянсу дагэтуль нават не наблізіліся да гэтай лічбы.
  • Толькі сем краін — Вялікая Брытанія, Грэцыя, ЗША, Латвія, Літва, Польшча і Эстонія — дасягнулі 2 працэнтаў у 2022 годзе. У 2023 годзе да клюбу далучыцца новы чалец Альянсу — Фінляндыя, а таксама Вугоршчына, Румынія і Славаччына. Нямеччына мае дасягнуць гэтага паказьніка ў 2024 годзе а Францыя — у 2025. Але некалькі прадстаўнікоў NATO кажуць, што некаторыя краіны могуць дасягнуць 2 працэнтаў, але потым зноў зьменшыць гэты паказьнік у хуткім часе.
  • Таму ў Вільні чакаецца новае абавязаньне. Два працэнты павінны стаць «падлогай», а ня «стольлю». Гэта не праблема для такіх краін, як Эстонія, Польшча ці Злучаныя Штаты, бо яны выдаткоўваюць на абарону больш за 3 працэнты ВУП. Але для астатніх гэта можа стаць новым пустым абяцаньнем.
  • Іншае пытаньне ў тым, што NATO зноў давядзецца вярнуцца да базавых рэчаў. Пасьля 20 гадоў змаганьня ў асноўным з партызанскім рухам у Афганістане зноў адчуваецца патрэба ў інвэстыцыях у танкі, самалёты і артылерыю — і гэта была вострая патрэба яшчэ да таго, як многія краіны NATO пачалі пастаўляць такое вайсковае абсталяваньне Ўкраіне.
  • Таксама стаіць пытаньне вытворчасьці артылерыйскіх боепрыпасаў. Хоць эўрапейскія краіны яе патроху нарошчваюць, у асноўным каб пастаўляць боепрыпасы Кіеву, Расея па-ранейшаму штодня выкарыстоўвае ва Ўкраіне месячны абʼём эўрапейскай вытворчасьці артылерыйскіх боепрыпасаў (які цяпер ацэньваецца ў 20–25 тысяч снарадаў).

#4: Усе іншыя прыяцелі NATO

Што варта ведаць:

Асноўная ўвага на саміце, без сумневу, будзе прыцягнутая да Ўкраіны, але ў Вільні будуць і прадстаўнікі іншых краінаў, якія не ўваходзяць у Альянс.

У першы дзень саміту, 11 ліпеня, адбудзецца нефармальная сустрэча Паўночнаатлянтычнай рады (NAC) з «Партнэрамі пад рызыкай» — у гэтым выпадку гаворка пра Босьнію і Герцагавіну, Грузію і Малдову. Усе гэтыя краіны будуць рэпрэзэнтаваныя міністрамі замежных спраў.

На другі дзень саміту, 12 ліпеня, адбудзецца сустрэча NAC зь лідэрамі чатырох «Інда-Ціхаакіянскіх партнэраў» — Аўстраліі, Карэі Новай Зэляндыі і Японіі — гэта будзе паўторам фармату, які выкарыстоўваўся ў Мадрыдзе ў 2022 годзе. Інда-Ціхаакіянская сустрэча адлюстроўвае ўсё большыя засьцярогі Альянсу наконт Кітаю; але ўнутры гэтай групы існуюць разыходжаньні наконт таго, ці правільнае гэта месца — саміт NATO, каб вырашаць праблемы, зьвязаныя з Пэкінам.

Калі капянуць глыбей:

  • Адным зь ясных вынікаў гэтага ўнутранага напружаньня стала тое, што NATO дагэтуль не дасягнула кансэнсусу наконт адкрыцьця свайго офісу ў Токіё, бо Францыя ня вельмі прыхільна ставіцца да такой ідэі. На саміце, аднак, NATO падрыхтуе новыя праграмы супрацоўніцтва зь Інда-Ціхаакаіянскім квартэтам, якія маюць тычыцца такіх сфэраў, як марскія камунікацыі, кібэрбясьпека і новыя тэхналёгіі.
  • Даволі дзіўна выглядае абʼяднаньне ў адну групу Босьніі і Герцагавіны, Грузіі і Малдовы. Першыя дзьве краіны імкнуцца ў NATO, маюць, як і Ўкраіна, прапановы пра будучы ўдзел у арганізацыі, але без канкрэтных раскладаў. Малдова, з другога боку, — нэўтральная краіна паводле Канстытуцыі, а яе насельніцтва глыбока падзеленае ў пытаньні магчымага ўдзелу ў Альянсе.
  • Для Грузіі гэта крыху зьніжэньне ўзроўню. Да нядаўняга часу Тбілісі рухаўся поруч з Украінай у пытаньні сяброўства ў NATO, але цяпер гэта ўжо ня так. Прадстаўнікі NATO, зь якімі я размаўляў, кажуць, што гэты падзел пары папросту адлюстроўвае тую рэальнасьць, што ўкраінскае кіраўніцтва дамагаецца цяпер сяброўства ў NATO больш энэргічна.
  • Таксама гэтаму, відавочна, не паспрыялі такія выказваньні, як тое, што зрабіў прэмʼер-міністар Грузіі Іраклі Гарыбашвілі на канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі Globsec у Браціславе, калі ён назваў прычынай вайны ва Ўкраіне пашырэньне NATO. Я чую ў калідорах NATO ў Брусэлі, што Тбілісі трэба паправіць адносіны з Украінай і аказаць Кіеву большую палітычную падтрымку. Застаецца надзея, што Ўкраіна створыць для Грузіі прэцэдэнт, як ісьці па шляху ў NATO.
  • На саміце саюзьнікі па-ранейшаму абяцаюць грошы для ўзмацненьня абароннага патэнцыялу Грузіі (асабліва ў сфэры хімічнай, біялягічнай, радыялягічнай і ядзернай абароны) і для абнаўленьня навучальных цэнтраў у гэтай краіне.
  • Для Босьніі і Герцагавіны чакаецца пагадненьне пра пакет падтрымкі на 30 мільёнаў эўра, якім маюць фінансаваць 12 праектаў у такіх сфэрах, як кібэрбясьпека, паветраная мэдычная эвакуацыя і ўзмацненьне вайсковай паліцыі.
  • Для Малдовы NATO распрацавала так званы «ўзмоцнены пакет пабудовы абарончага патэнцыялу», які сфакусуецца на змаганьні з дэзынфармацыяй і кібэрпагрозамі, а таксама на мадэрнізацыі абарончых інстытутаў краіны.
  • Цікава, што ў сьвятле нядаўніх забурэньняў у паўночным Косаве, дзе пад атаку трапілі сілы NATO KFOR, гэтая краіна фармальна не на парадку дня. Прысутнасьць KFOR цяпер павялічылася да 500 салдат, так што агульная лічба міратворцаў дайшла да 4300; аднак на саміце не чакаецца дыскусіяў у гэтым пытаньні, калі толькі нехта зь лідэраў яго не падыме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG