Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра ядзерную зброю, палітыку русыфікацыі і нацыянальнае адраджэньне Беларусі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

Калі ў Беларусі пачалася дзяржаўная палітыка русіфікацыі?

— Звычайна пачынальнікам называюць генэрал-губэрнатара Мураўёва, які павесіў Кастуся Каліноўскага (1864). Але сучасьнікі згадваюць, што пасьля паразы папярэдняга паўстаньня пачаў татальную русыфікацыю генэрал-губэрнатар Мікалай Даўгарукаў, які заступіў на пасаду ў 1832 годзе.

«Ён першы паводле царскай задумы нас дэкаталізаваў, дэпалянізаваў, дэмаралізаваў і нішчыў, быў ахвочы да раскошы і нашых кабет баламуціў, змушаў грамадзян хадзіць у царкву на афіцыйныя набажэнствы і ўсё больш уводзіў тую барбарскую мову» (Станіслаў Шумскі).

Між іншым, у Расеі гэты пэрсанаж лічыцца героем і важным дзяржаўным дзеячом, пра яго напісаныя ўхвальныя кнігі.

— Ці ёсьць хоць нейкая разумная карысьць ад ядзернай зброі ў Беларусі?

— Трэба мець на ўвазе, што гэта расейская зброя. І Расея ўвесь час падкрэсьлівае, што кіраваньне бомбамі нікому (Лукашэнку) не перадасьць. Тым часам Лукашэнка паўтарае, што распараджаецца зброяй ён.

Два дыктатары імкліва страчваюць сваю пэрсанальную вагу, пры тым трымаюцца адзін за аднаго, бо больш няма за каго. А тут яны пачынаюць спрачацца за тое, хто зь іх націсьне кнопку. Спрэчка, вядома, яшчэ больш аслабляе іх. Хіба што ў гэтым можа быць нейкая ўмоўная карысьць для будучыні як Беларусі, так і Расеі, і ўсяго сьвету.

— Які сэнс у антыўтопіях (вайна — гэта мір), калі абсурды зноў запаноўваюць у жыцьці?

— У нашай частцы сьвету яны запаноўваюць над усё меншай колькасьцю краін. Не параўнаць, калі панаваў камунізм. Сьвет вучыцца рабіць разумны выбар. І падручнік у гэтай справе — антыўтопіі. Мір і вайна — гэта факты, а абсурды трымаюцца на інтэрпрэтацыях («ня ўсё так адназначна»).

Пасьля таго дзікунства, што дзеялася ў нас у ХХ ст., беларусы ня мелі навыку рабіць правільны выбар, слухалі прапаганду і не зважалі на факты. Напрыклад, на тое, што дырэктар саўгасу трапіў пад крыміналку за тое, што біў работнікаў і, каб пазьбегнуць пакараньня, пайшоў у дэпутаты, а пасьля і далей. Вось бы нам усім ужо тады мець у сваім багажы прачытанага Оруэла.

— Даўно нічога не чуваць пра Бабарыку, Калесьнікаву, Статкевіча, Ціханоўскага... Калі Лукашэнка іх забіў, на што ён разьлічвае?

— На тое, што людзі звыкнуцца, як было з Захаранкам, Ганчаром, Красоўскім і іншымі. Больш за дваццаць гадоў, як яны «зьніклі», і сьвет для яго не абрынуўся.

Кіраваць ён зьбіраецца «вельмі доўга», біялягічна можа быць гадоў 20. А тут яшчэ вайна зь яе непрадказальнымі паваротамі. Але гэта ягоная стыхія — так выкруціцца, каб «вайна ўсё сьпісала». 30 гадоў уся яго палітыка — гэта пастаянныя кульбіты, якія дазвалялі яму заставацца пры ўладзе. Думаю, на гэта ён і разьлічвае, на ўласную інтуіцыю. Больш разьлічваць проста няма на што.

— Сумнеўны бізнэсовец адмывае грошы, а пры тым данаціць палітвязьням — ці маральна браць такую дапамогу?

— Трэба разумець, што ў Беларусі ідзе вайна супраць беларусаў і самой Беларусі. Ад Украіны ўсё гэта адрозьніваецца тым, што мы ня ведаем дакладна, колькі ўжо забіта, а колькі захоплена ў палон. А яшчэ тым, што Беларусь не ваюе. На тое няма зброі.

Беларусь у турмах, яна бароніцца, як можа, хаваецца, уцякае. У такіх умовах ніякі бізнэс ня можа быць бездакорным, а маральнасьць вымяраецца вельмі проста — ці ты сваёй дзейнасьцю нашкодзіў камусьці, ці, наадварот, дапамог. Успомніце гісторыю сумнеўнага бізнэсоўца Оскара Шындлера, які ў выніку выратаваў людзей. Па сутнасьці, у нас сытуацыя тая самая.

— Ці мусіў Хадановіч выдаляць пераклад верша ўкраінскай паэткі на просьбу яе сваякоў?

— Андрэй чалавек карэктны і зрабіў так, як палічыў патрэбным. Бо сам такі «канфлікт» балючы для творцы. Гэта як бы сваякі Кульбака папрасілі Сяргея Шупу выдаліць яго пераклады, бо Кульбака расстраляў НКВД БССР.

Па-мойму, само ўмяшаньне сваякоў у лёс спадчыны творцы па-за межамі карэктнасьці. Памятаю, як сястра расстралянага Максіма Гарэцкага зрабіла ў першай публікацыі яго «Камароўскай хронікі» ажно сто купюр [...], бо, на яе думку, ён нешта ня так напісаў пра сям’ю. Ці як жонка Мулявіна забараніла выконваць ягоныя творы, і гэты музычны геній проста зьнік з нашага агульнага жыцьця, часткай якога стаў пры сваім жыцьці. Права ўласнасьці ня мусіць быць правам на забыцьцё.

— Які сэнс сёньня ўкладаюць у словы «нацыянальнае адраджэньне Беларусі»?

— Гэта гістарычны працэс, які меў сваю кульмінацыю ў другой палове 1980-х: усталяваць незалежнасьць, зрабіць родную мову дзяржаўнай, а дзяржаву беларускай па сутнасьці, пачаць выкладаць сваю гісторыю зь беларускага гледзішча. У першай палове 1990-х гэтыя задачы былі выкананыя, Беларусь адрадзілася, зьявіліся свае пашпарты і грошы. Пасьля гэтага нацыя не памірала, каб яе трэба было зноў адраджаць. Іншая рэч, што нацыя была заняволеная. І таму сёньня больш дарэчы казаць пра нацыянальнае вызваленьне Беларусі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG