Пра гэта ён заявіў у інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай. Прапанову аб сустрэчы Лукашэнку склаў нібыта Ўладзімір Зяленскі, ён жа вызначыў для перамоваў кіраўніка ГУР Мінабароны Ўкраіны Кірыла Буданава.
Беларускі журналіст Дзьмітры Галко, які жыве ў Кіеве, камэнтуючы апошнюю заяву Лукашэнкі, называе яго «казачнікам» і заклікае дзяліць яго заявы ў разы.
«Буданаў сьцьвярджаў, што перамовы з Лукашэнкам сапраўды вядуцца, і гэта было нібыта праз дэпутата ад „Слугі народу“ Шаўчэнку. То бок нешта было, але вельмі ня так», — кажа Галко.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Паводле яго, намаганьні праводзіць перамовы з Лукашэнкам выкліканыя «ілюзіяй ягонай самастойнасьці, якую шмат гадоў падтрымліваў ён сам».
«Ён стараўся паказваць сябе незалежным гульцом, але мы памятаем, што ён потым сьцьвярджаў, што ўсё гэта, то бок кантакты з Украінай, былі па дамоўленасьці з Пуціным і пад ягоным кантролем. Тым ня менш яму ўдалося шмат каго пераканаць, у тым ліку і краіны Захаду, што ён самастойны гулец. І Ўкраіна трапіла ў гэтую пастку», — лічыць Дзьмітры Галко.
Паводле журналіста, ва Ўкраіне сёньня няма палітычнай сілы, якая б падтрымлівала дыялёг з Лукашэнкам або шукала апраўданьні ягонаму ўдзелу ў поўнамаштабным уварваньні ва Ўкраіну. Але ў той жа час, кажа Галко, ва Ўкраіне многімі пашыраліся чуткі, што беларуская апазыцыя марыянэткавая і прарасейская.
«Гэта не прайшло бясьсьледна. Яны толькі цяпер спрабуюць намацаць нейкія камунікацыйныя каналы. Камунікацыя пачалася, у тым ліку паміж палком Каліноўскага і Ціханоўскай пры пасярэдніцтве ўкраінскага дэпутата. Гэта ўжо нешта. Былі ў палоне мітаў, у палоне расейскай ІПСА, і гэта нам, і беларусам, і ўкраінцам, вельмі нашкодзіла», — перакананы беларускі журналіст.