Дэмакратычная лідарка ўручыла ўзнагароды «Гонар і годнасьць» ад імя Аб'яднанага Пераходнага Кабінэту родным беларускіх ваяроў, якія загінулі ва Ўкраіне, – Міраслава Лазоўскага (Мыш), Васіля Парфянкова (Сябро), Івана Марчука (Брэст), Зьмітра Рубашэўскага (Ганс) і Паўла Суслава (Волат).
Цырымонія адбылася ў Сейме Літвы, падчас выставы, прысьвечанай памяці беларусаў, якія змагаліся і загінулі ва Ўкраіне.
«За права народу вырашаць свой лёс змагаецца Ўкраіна. І за гэтае права для Ўкраіны і Беларусі змагаюцца беларусы, якія ваююць у складзе Палка Каліноўскага, Беларускага добраахвотніцкага корпуса і іншых падразьдзяленьняў украінскай арміі. Гэтыя мужныя людзі бароняць ня толькі Ўкраіну, ня толькі Беларусь, яны бароняць гонар і годнасьць нашай нацыі», – сказала Ціханоўская.
Паводле кіраўніка дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксея Францкевіча, пачынаючы з 2014 году, у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне загінулі больш за 40 беларусаў.