— Ці можа беларускамоўны блогер мець мільёны праглядаў, як расейскамоўныя?
— Напэўна, не, бо гэта дзьве якасна розныя аўдыторыі. За кожным праглядам беларускамоўнага кантэнту стаіць чалавек, які вельмі часта зрабіў пэўнае намаганьне над сабой, гэта значыць, вылучыўся з натоўпу, адчуў сваю суб’ектнасьць, узбагаціў свой жыцьцёвы досьвед, адшукаў у сабе матывацыю, зь якой будзе жыць далей. Працэс адбываецца з двух бакоў манітора. Кожны прагляд — плюс актыўны грамадзянін. Блогер такім чынам уплывае на тое, як людзі растуць над сабой, як востра рэагуюць на кожную няпраўду.
Урэшце мільённыя лічбы ў Беларусі мы бачылі ў рэальнасьці на мірных маршах і бачым у праявах салідарнасьці. У Расеі гэтага няма, толькі лічбы праглядаў у маніторы.
— Шмат расейскіх артыстаў часоў СССР цяпер дажываюць свой век у жабрацтве. Чаму краіна іх ня цэніць і ня ўтрымлівае?
— Тут ня толькі пра артыстаў, а пра ўсіх колішніх знакамітасьцяў, што на старасьці апынуліся ў бядоце. Пра іх шмат і ахвотна пішуць, часта смакуючы іхнае «падзеньне». Публіка атрымлівае ад гэтага своеасаблівую сатысфакцыю. Пагарда да колішніх куміраў нібы ўзвышае цябе самога, які нічога ў жыцьці не дасягнуў і дасягаць не зьбіраўся.
Такіх вобразаў шмат у расейскай літаратуры, у тым ліку ў клясыцы. Гэтак увасабляецца дзіўны вокліч «ніколі добра не жылі і ня трэба», які немагчыма ўявіць сабе ў вуснах прадстаўнікоў хоць якога іншага народу. Па аналёгіі зь фільмамі назаву гэта «нацыянальнымі асаблівасьцямі пашаны».
— Калі пра дыктатара можна сказаць, што «кароль голы»?
— Гэта мэтафара падтрымкі дыктатара, якая паступова звужаецца да нябачнасьці. Нездарма слова «сьвіта» гучыць па-беларуску аднолькава што да вопраткі, што да атачэньня «караля».
Нашы міністэрствы яшчэ называюць міністэрствамі абароны ці адукацыі, ці здароўя РБ, але насамрэч яны — міністэрствы абароны, адукацыі і здароўя Лукашэнкі. У рэчаіснасьці гэта цалкам адпавядае мэтам, кампэтэнцыі і выніковасьці іхнай працы. Яны эфэктыўныя што да вызначанай для іх прасторы — асобы дыктатара, але не народа. Сфакусаваныя на адной асобе, яны прывялі да суагрэсіі ва Ўкраіне і вядуць да каляпсу ў мэдыцыне і адукацыі.
Відавочна, што «кароль» яшчэ не зусім «голы», але да таго ідзе.
— Што для вас чалавек сьвету?
— Для мяне кожны — чалавек сьвету. Нават калі ён гэтага не ўсьведамляе. Адбываецца глябалізацыя. Колішнія спрэчкі касмапалітаў з патрыётамі сёньня бяз сэнсу. Бо ўсе нацыянальныя культуры імкнуцца да ўнівэрсуму, у гэтым іх разьвіцьцё.
А найлепшыя ўнівэрсальныя рысы асобы, такія, як чалавечая годнасьць, напрыклад, нараджаюцца толькі ў нацыянальным прыродным і культурным «гнязьдзе», а не ў адзіноце і не на касмадроме. Скажам, слова беларуса даецца і трымаецца гэтаксама, як слова грузіна ці эстонца, але ўсьведамляецца беларусам менавіта як слова беларуса, якое нельга парушыць. Дакладна гэтую сытуацыю ў сваёй Нобэлеўскай лекцыі сфармуляваў Алесь Бяляцкі, беларус і чалавек сьвету.
— Лукашэнка прызнаў экстрэмісцкай Раду БНР. Што гэта значыць?
— Карэта канчаткова ператварылася ў гарбуз... Гэта сымбалічнае завяршэньне трыццацігадовага антыбеларускага гвалту. Наастачу яны бразгаюць дзьвярыма перад Беларусяй, яе мовай, культурай, гісторыяй. Вяртаньне немагчымае.
Наступным крокам рэжыму будзе пераназваньне Беларусі ў «Северо-Западный край». Менавіта так называлася гэтая ўскраіна Расейскай імпэрыі ў 1918 годзе, калі Рада БНР у Менску аб’вясьціла пра незалежнасьць Беларусі. Рэжым прызнаецца ў тым, што ніякага дачыненьня да Беларусі і беларусаў ня мае і нікога, апроч самога сябе, не прадстаўляе. Адпаведна шматкроць вырасьце аўтарытэт Рады БНР, як прадстаўніцы нашай краіны і нацыі.
— Чаму так часта сталі гаварыць пра пэдафілаў?
— Бо толькі афіцыйна выпадкаў гвалту над дзецьмі за 10 гадоў у Беларусі стала ў 32,5 раза болей. І гаворка тут не пра псыхічнае расстройства, а менавіта пра гвалт. Закон гвалтаўнікоў не спыняе, бо яго няма.
Дадайце сюды культ «традыцыйных каштоўнасьцяў» — найперш ізноў жа хатняга гвалту. Разбурэньне сакральнасьці сям’і — на прыкладзе першай асобы. Плюс поўная беспакаранасьць міліцыянтаў, судзьдзяў, пракурораў... Сюды ж — мілітарызм у дзіцячых садках і школах, калі ў дачыненьнях дзяцей і дарослых на першае месца выходзіць бяздумная сіла. Нарэшце, ліквідаваныя ўсе грамадзкія арганізацыі, што маніторылі такія выпадкі, папярэджвалі іх і дапамагалі ахвярам гвалту.
— Ці можа «русский мир» стаць добрым?
— Ад пачатку Маскоўскай дзяржавы да сёньня там не было сваёй гуманістычнай традыцыі. Таму дабро для іх — гэта перамога ў вайне ці, напрыклад, палёт у космас, памерці за цара ці злавіць шпіёна, найлепшы ў сьвеце балет ці інвэстыцыі ў афрыканскае золата... Чалавечага вымярэньня дабра «русский мир» ня ведае. Адсюль, дарэчы, ігнараваньне экалёгіі і адказнасьці за жыцьцё на Зямлі.
Калісьці быў такі лёзунг: «Сацыялізм з чалавечым тварам» — як надзея гуманізаваць «русский мир». Але прамовіў гэтыя словы чэхаславацкі кіраўнік Аляксандар Дубчак у 1968-м. У адказ Масква ўвяла ў Чэхаславаччыну танкі.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669