Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкамэндавалі дыхальную гімнастыку і зноў пасадзілі ў карцар. Што вядома пра палітвязьня без нагі Ўладзімера Гундара


Ўладзімер Гундар, архіўнае фота, 2016 год
Ўладзімер Гундар, архіўнае фота, 2016 год

«Апэляцыя адхіленая». Інваліда з Баранавічаў пакінулі ў турме на 20 год.

6 чэрвеня апэляцыйны суд не задаволіў скаргу Ўладзімера Гундара на прысуд, які палітзьняволенаму быў вынесены паводле трэцяга па ліку абвінавачаньня. Гэта ўжо трэці прысуд, пастаноўлены судом адносна краязнаўцы і выдаўца з Баранавіч Уладзімера Гундара.

Летась Уладзімера Гундара, які ўжо быў асуджаны за напад на міліцыянта, асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня паводле крымінальнай справы аб тэрарызьме разам зь Мікалаем Аўтуховічам. У канцы студзеня Ленінскі суд Горадні асудзіў Гундара за абразу супрацоўніцы пракуратуры яшчэ на два з паловай гады пазбаўленьня волі. Шляхам частковага складаньня пакараньняў канчаткова Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Як стала вядома Свабодзе, на разгляд апэляцыйнай скаргі Гундара ў Горадзенскі абласны суд не прывозілі, палітвязень заставаўся ў карцары. Раней было вядома, што з канца красавіка па сёньняшні дзень Гундара тройчы зьмяшчалі ў карцар.

«З 31 красавіка па 5 траўня ён быў у карцары за тое, што нібыта неакуратна паклаў падушку на ложак. Другім разам сядзеў у карцары дзесяць дзён — з 21 па 31 траўня. Але за што, невядома. А 1 чэрвеня зноў трапіў у карцар яшчэ на 10 дзён. І зноў невядома за што», — паведаміла дасьведчаная крыніца.

Раней зьяўлялася інфармацыя, што на пачатку траўня, седзячы ў карцары, Ўладзімер Гундар часткова страціў слых, і да яго выклікалі лекара.

«Пасьля агляду лекара давалі лекі. Слых нібыта аднавіўся. Уладзімер тады казаў, што на здароўе асабліва не наракае. Да яго выклікалі гарадзкога лора, які выпісаў кроплі, але ці давалі іх, невядома. Яшчэ лекар рэкамэндаваў рабіць дыхальную гімнастыку, і пасьля карцару Ўладзімер Гундар выконваў практыкаваньні, якія былі патрэбныя ў ягоным стане. Але яго зноў пасадзілі ў карцар, а там тэмпэратура паветра нізкая, а значыць, хвароба можа вярнуцца. Аднак які стан цяпер — незразумела», — расказала крыніца, абазнаная ў справах Уладзімера Гундара.

Трымаюць Гундара ў горадзенскай турме. Дзе ён будзе адбываць пакараньне, сваякі пакуль ня ведаюць.

Уладзімер Гундар сваёй віны па ніводным з абвінавачаньняў не прызнаў. Праваабаронцы лічаць яго палітзьняволеным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG