Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ШЫЗА адна дзяржаўная мова. Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча


Турэмны малюнак Алега Грузьдзіловіча ўнучцы.
Турэмны малюнак Алега Грузьдзіловіча ўнучцы.

Перапоўненыя палітвязьнямі камэры, катаваньні, этапы, штрафныя ізалятары. Гэта ня сталінскія 1930-я. Гэта Беларусь 2020-х.

Пра свой турэмны досьвед востра, дасьціпна, з надзеяй на дэмакратычную будучыню краіны апавядае журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч у кнізе «Мае турэмныя муры», якая выходзіць у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». У выданьні выкарыстаныя малюнкі аўтара.

Публікуем фрагмэнты кнігі.

Беларуская мова: крок назад, два наперад

Мова павінна аб’ядноўваць, але, на жаль, бывае і так, што яна становіцца прычынай непаразуменьняў. Ну ніколі ж ня мог падумаць, што просьба «пасунься» ледзь не прывядзе да бойкі. Але так адбылося. Пачуўшы «пасунься», асуджаны вырашыў, нібыта яго абзываюць сукай — словам, якое ў турме лічыцца ажно двойчы зьняважлівым. Дзякуй, што іншы чалавек перапытаў, што ж такое прагучала ў адрас сябра. «А, подвинься... Ну вы даёте, переводить надо».

Як зь беларускай мовай у вязьніцах?

Калі заяжджаў у магілёўскую калёнію, быў яшчэ цалкам беларускамоўны. Не скажу, што гэта было само сабой, без намаганьняў ці нават пэўнай барацьбы. Але ня буду хваліцца, што абышлося і без часовых паразаў ці саступак. Турма ўсё ж месца, дзе трэба выжываць, гэта ня плошча. Іншая рэч, што да перамогі можна ісьці і нябачным шляхам. Галоўнае — не саступаць у душы.

Ува ўсіх «сваіх» турмах стараўся гаварыць з сукамэрнікамі выключна па-беларуску, а вось з турэмнікамі — паводле абставінаў. Усё ж у вязьніцах складаецца па-рознаму. Напрыклад, на «Валадарцы» і ў магілёўскай Т-4 да маёй беларускай мовы супрацоўнікі ставіліся спакойна. Хтосьці дэманстрацыйна не зьвяртаў увагі, хтосьці хмурыўся, але маўчаў, некалькі разоў чуў беларускамоўны адказ у адно-два словы, ня болей. Цалкам адмоўнай рэакцыі, загаду перайсьці на расейскую, бо не разумеюць, дакладна не было. Зрэдку, наадварот, беларуская мова адкрывала нейкія магчымасьці. Так, ужо ў першы вечар на «Валадарцы» ахоўнік, які выводзіў у часовую камэру, азірнуўся па баках, панізіў голас і даволі добразычліва пачаў распытваць, за што мяне арыштавалі. А пасьля гэтага пацікавіўся, колькі ўсяго на той момант палітвязьняў у Беларусі. Мой адказ пра больш як тысячу яго яўна шакаваў. Мы яшчэ пра нешта гаварылі, і, памятаю, я адчуў сябе крыху супакоеным.

Па-беларуску гаварыў і з начальнікам СІЗА, калі мяне ставілі на ўлік як схільнага да экстрэмісцкіх дзеяньняў. Дадатковай рэакцыі на мову не было, але гэта мала суцешыла, бо агульны тон быў вельмі нэгатыўны.

Калі прыйшла мая чарга дзяжурыць па камэры, адрапартаваў па-беларуску. Правяраючы афіцэр па мянушцы «Паважаны», зьдзіўлена павярнуў галаву ў мой бок, усьміхнуўся, але ні слова не сказаў. А вось пасьля падобнага беларускамоўнага рапарту ў магілёўскай турме нейкі начальнік затрымаў на мне цяжкі позірк і з пэўнай пагрозай пракамэнтаваў: «А, патрыёт, радзіму любіш? Ну паглядзім».

Турэмны аўтапартрэт Алега Грузьдзіловіча
Турэмны аўтапартрэт Алега Грузьдзіловіча

Празь некалькі дзён мяне з той камэры перавялі ў іншую, і яўна не за мову. Бо ў новай камэры працягваў карыстацца беларускай і ніякіх перашкод не зазнаў. З ахоўнікамі камунікацыя абмяжоўвалася рапартам як схільнага да экстрэмізму: паслухаюць рапарт і пойдуць. А сукамэрнікі ўвогуле рэагавалі выдатна. Былі і такія, хто ў размове цалкам пераходзіў на беларускую альбо спрабаваў падбіраць асобныя словы, выбачаўся, калі якое слова забыў ці ня ведае. Але агрэсіўнай рэакцыі дакладна не было ніколі. 18-гадовы Сяргей, асуджаны паводле 328 артыкулу, прызнаваў, што ў школе не стараўся вывучыць беларускую мову, а цяпер шкадуе. Расказваў пра настаўніцу беларускай, якая нават на занятках гаварыла больш па-расейску. У размовах з палітычнымі Сяргей спрабаваў ужываць беларускую мову, але выходзіла ў яго дрэнна. І ўсё ж «добрай раніцы» і «дабранач» ад яго чулі штодня.

У камэры быў яшчэ адзін журналіст, асуджаны паводле эканамічнага артыкулу, але яўна з палітычных прычын. Зьміцер быў найлепшым знаўцам беларускай мовы. Паміж вечаровай праверкай і адбоем традыцыйна ладзіліся пасядзелкі з гарбатай і печывам. Тады тыя вязьні, хто да нас далучаўся, а часам гэта была траціна складу камэры, пяць-шэсьць чалавек, усе гаварылі па-беларуску. І гэта былі ня толькі палітычныя.

І ў 15-й калёніі сытуацыя зь беларускай мовай для мяне мала ў чым зьмянілася.

Праўда, халадком ужо павеяла. На першай праверцы рэчаў з шараговым ахоўнікам цалкам размаўляў па-беларуску, але як выклікалі на размову да афіцэраў, пачаў двумоўнічаць. «Журналіст, кажаш? А што пісаў пра прэзыдэнта? І хто ў нас прэзыдэнт? А на маршах што рабіў?». Адказваючы на гэтыя пытаньні, ужо беларускія словы чаргаваў з расейскімі.

У карантыне зь іншымі асуджанымі зноў гаварыў выключна па-беларуску, гэтак жа запаўняў паперкі. Але праз тры дні выклікалі на першую праверку рэчаў да начальніка карантыну. Прыгадаў сяброў па карантыне, якія раілі не раздражняць начальнікаў беларускай мовай, і ў размове зь ім зноў паасьцярожнічаў. Праўда, усё адно не дапамагло. За дробную памылку ў сьпісе рэчаў начальнік карантыну склаў на мяне рапарт. Напісаў тлумачэньне па-беларуску і выйшаў з кабінэта начальніка, злосны найперш на сябе. Навошта даваў слабіну? Палёгкі захацеў?

Наступным днём на камісіі ў начальніка калёніі проста рот не давалі адкрыць. Ледзь толькі пасьпеў уставіць па-беларуску: «Я ж грамадзянін Беларусі», як яшчэ гучнейшы крык: «Што? Рот закрыў!» — і атрымаў першыя дзесяць сутак ШЫЗА.

«Дзе тут напісана пра другую дзяржаўную?»

І ўсё ж у штрафным ізалятары ня кінуў беларускай мовы. Першыя два дні па-беларуску вітаўся з ахоўнікамі і дзякаваў за прынесеную ежу. Нават за венік падмятаць камэру альбо за хлёрку апрацоўваць санвузел казаў «дзякуй». Здалося, што ахоўнікі да маёй беларускасьці прызвычаіліся, і тады вырашыў пайсьці далей.

У ШЫЗА штодня раніцай і ўвечары дзяжурны па камэры робіць даклад правяраючым: «В камере номер... находится... осуждённых... Дежурный по камере... осуждённый по статье...» і гэтак далей. Узор вісіць на дзьвярах камэры, і гэты ўзор расейскамоўны. Памыліцца нельга — за кожную памылку мае быць новы рапарт, папярэдзілі прадольныя. Вывучыўшы даклад на памяць па-расейску, цягам двух дзён двойчы на дзень (бо першыя дзесяць сутак сядзеў у камэры адзін і кожны дзень быў дзяжурным) спраўна дакладаў паводле гэтага ўзору. Але на трэці дзень адважыўся на экспэрымэнт.

Вырашыў гэтым разам дакладаць па-беларуску. Пераклаў, вывучыў, каб ад зубоў адскоквала. І вось раніца, прыходзяць правяральнікі, галоўны над імі падпалкоўнік грознага выгляду. Пачынаю дакладаць. Беларускі тэкст льецца чыста, самому прыемна. Па твары падпалкоўніка бачу, што спачатку падмены ён не заўважыў, але як дайшло да слова «артыкул» замест «статья», бровы насупіліся і папаўзьлі на лоб. «Стой!» — павышае голас і тыцкае пальцам у тэкст на дзьвярах. Адразу выказваю падрыхтаваны аргумэнт: «Беларуская — другая дзяржаўная мова». Ён зноў тыцкае пальцам у дзьверы: «Дзе тут напісана пра другую дзяржаўную? Тое, што тут напісана, тое мусіш дакладаць. Пачынай». І давялося ўсё ж перайсьці на расейскую, каб не атрымаць лішні тэрмін у ШЫЗА.

Мова ў штабе

З начальнікам аднойчы нават адбылася дыскусія пра наркамаўку і тарашкевіцу.

У сярэдзіне чэрвеня, у той час, калі ў ШЫЗА цягнуўся мой новы штрафны тэрмін, са скаргай у калёнію прыяжджала жонка Марыянна. Але я, натуральна, пра гэта ня ведаў, нават калі ўжо выйшаў з ізалятара.

Аказваецца, не атрымаўшы ад мяне лістоў цягам дзесяці дзён (а ў мяне было правіла пісаць іх штодня), яна праз тэлефон запісалася на прыём да начальніка калёніі, прыехала і сапраўды атрымала аўдыенцыю. Размова была пра маё здароўе, пра ўмовы ўтрыманьня, і Марыянна ўжыла слова «травень». Відаць, гаварыла пра пачатак майго знаходжаньня ў калёніі. Начальнік калёніі гэтае слова запомніў. Ва ўсякім разе, калі ў ліпені палкоўнік убачыў мяне побач са штабам, дык сам пачаў размову і аспрэчыў, што месяц май можа звацца траўнем. Аргумэнт у яго быў просты: яго ў беларускай школе вучылі казаць «май», а ня «травень», значыцца, «травень» усё ж не па-нашаму. Давялося грамадзяніну начальніку выслухаць і мае аргумэнты. Пагадзіўся ён зь імі ці не, пра тое не сказаў нічога. Але я для сябе тады адзначыў, што наша зь ім па ліку трэцяя размова, як і другая, была спакойная і карэктная. Ужо ніякіх «рот закрыў» ды «чаго сюды прыехаў», як пры першай сустрэчы.

«З вамі на беларускую перайду»

А ў штаб у той дзень мусіў прыйсьці на гутарку з атрадным апэратыўнікам. Той выклікаў, каб атрымаць тлумачэньні адносна жончынай скаргі. З такімі заявамі мусяць фармальна, але ўсё ж разьбірацца.

Пагаварылі мы спакойна. Прычым ад пачатку да канца па-беларуску. Я не схаваў ад афіцэра сваёй крыўды за тое, што перад зьмяшчэньнем у ШЫЗА атрымаў па шыі ад ягоных калегаў. Мы працягвалі гаварыць, як раптам у кабінэт увайшоў малады супрацоўнік. «Так з вамі на беларускую перайду», — нібы апраўдваючыся, сказаў мой суразмоўца і паглядзеў на калегу.

Вядома, я ня быў адзіным, хто стала размаўляў у калёніі на роднай мове. Такіх у нашым беларускамоўным асяродку ў атрадзе было сама меней пяцёра, прычым размаўлялі ня ціхенька недзе ў закутку, а адкрыта, пры іншых асуджаных. У суседнім атрадзе знаў яшчэ столькі ж беларускамоўных і неаднойчы чуў ад іх падзякі за магчымасьць камунікаваць на роднай мове. І ня толькі ад палітычных.

Або такі выпадак: Сяргей, яшчэ малады мужчына, асуджаны на немалы тэрмін за сур’ёзнае злачынства, паведаміў, што ўжо ў калёніі вывучыў беларускую мову па кнігах зь бібліятэкі. І сапраўды валодаў ёю на добрым узроўні.

Хто б мог падумаць, але родная мова ў калёніі гучала і са сцэны клюбу. Праўда, мне гэтага пачуць не давялося, і зь вельмі крыўднай прычыны.

Верш і малюнак Алега Грузьдзіловіча "За турэмным вакном",
Верш і малюнак Алега Грузьдзіловіча "За турэмным вакном",

Дзень народзінаў Купалы

На пачатку ліпеня, калі я толькі спасьцігаў парадкі ў атрадзе, на ранішняй праверцы пачуў праз гукаўзмацняльнік, што ў нядзелю ў клюбе адбудзецца сьвята паэзіі, прымеркаванае да 140-й гадавіны з дня нараджэньня народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Нічога сабе! Зацікавіўся, якія ж вершы прагучаць са сцэны клюбу: раньняга Купалы ці часоў БССР? І як будзе ўпрыгожаная сцэна? Няўжо якой цытатай з клясыка, аўтара вядомага воклічу «Жыве Беларусь»? Зразумела, адразу вырашыў абавязкова трапіць на канцэрт. Але як гэта зрабіць?

Звычайны парадак праходу на мерапрыемства ў клюб такі. Калі мерапрыемства так званае рэжымнае (гэта значыць абавязковае, прапісанае ў пляне, да прыкладу лекцыя), тады ўвесь атрад вядзе ў клюб заўгас ці іншы актывіст. На ўваходзе ў клюбную зону асуджаных пералічваюць ахоўнікі — вось і ўся працэдура. А калі наведваньне дазволенае паводле жаданьня, як на фільм альбо канцэрт, дык тыя, хто хоча ісьці, зьбіраюцца разам у лякальнай зоне, падыходзяць да форткі і чакаюць там, пакуль іх не забярэ і не правядзе ў клюб дзяжурны ахоўнік. Альбо могуць папрасіць якога афіцэра, які будзе ісьці міма, адчыніць фортку. Але тут як пашанцуе. Так, сказалі, будзе і перад сьвятам паэзіі Янкі Купалы.

І вось ужо шукаю тых, хто цікавіцца творчасьцю Купалы, карэктую свае пляны на дзень. Але раптам хлопцы патлумачылі, што мяне як схільнага да экстрэмізму, жаўтабірачніка, на канцэрт усё роўна не дапусьцяць. Што ёсьць правіла на масавыя мерапрыемствы «экстрэмістаў» не дапускаць, мала што мы можам учыніць. «Можа, каго ў закладнікі захопім», — сьмяяліся.

Але я не супакоіўся. Пайшоў да начальніка атраду і адмыслова папрасіўся папрысутнічаць на сьвяце паэзіі Купалы. Дадаў, што зь дзяцінства люблю паэзію Купалы і мне цікава, як пройдзе сьвята. Але адказ быў кароткі, без абгрунтаваньня: «Нельга. Вам лепш быць у атрадзе».

Як усё прайшло, потым расказаў знаёмы з суседняга атраду. Зь ягоных словаў, творы славутага песьняра прадстаўлялі самі вязьні, і ня вельмі ўдала. «Прачыталі некалькі вершаў з памылкамі і разышліся», — падсумаваў асуджаны. Паводле яго, паслухаць вершы прыйшлі ў клюб усяго некалькі дзясяткаў чалавек, але, відаць, іх больш цікавіла не паэзія, а магчымасьць выйсьці з клюбу на трыбуну стадыёна, які мяжуе з клюбам. Бо сьвята паэзіі хутка скончылася, а мяч на стадыёне ганялі да вечара. Затое «птушачку» аб мерапрыемстве начальства і актывісты ў свае справаздачы паставілі.

П’еса, як Беларусь устае з каленяў

А вось другое мерапрыемства, у верасьні, дзе таксама гучала беларуская мова, аказалася больш удалым і пакінула пра сябе большую памяць.

17 верасьня 2022 году ўлады Беларусі ўпершыню адзначалі «Дзень народнага адзінства», і ў калёніі № 15 таксама прайшлі ўрачыстасьці.

Зноў у клюб на канцэрт трапіць мне не ўдалося, і я моцна аб гэтым пашкадаваў. Бо, як расказвалі хлопцы на наступны дзень, тады быў сапраўдны фурор. Па выніку гучалі як ніколі шчырыя аплядысмэнты і ўсе так радаваліся, што ледзь не дайшло да яднаньня зэкаў з адміністрацыяй.

Хоць, здавалася, канцэрт зноў будзе сумны, дзяжурны. Эстрадныя нумары ў выкананьні артыстаў магілёўскай філярмоніі, то бок перапеўкі расейскіх шлягераў і айчынная патрыётыка, яшчэ нешта (расказчыкі нават не запомнілі, што). Затое потым...

А потым паказалі тэатральную пастаноўку, у якой ігралі, пэўна, акторы магілёўскага драмтэатру. Гэта была аднаактовая п’еса пра сучасную Беларусь, якая ажывае, падымаецца з каленяў.

Сюжэт у пераказе хлопцаў выглядаў так. Праз шмат гадоў пасьля заканчэньня школы ў беларускай вёсцы сустрэліся два аднаклясьнікі. Адзін, які застаўся ў саўгасе, за гэты час вырас да дырэктара. А другі быў паехаў на заробкі ў Расею, але добрай долі там не знайшоў. Шабашнічаў на будоўлях катэджаў для багатых, яго падманвалі, і вось ён вярнуўся ў родную вёску, да каранёў, цяпер хоча жыць тут, пачаць усё наноў.

Але пытаньне: ці возьме аднаклясьнік-дырэктар яго на працу? Яны выпіваюць, успамінаюць былое, і дырэктар пагаджаецца. Гаспадарка ў яго моцная, заробак у тысячу даляраў, але ёсьць умова — дыс-цып-ліна! «Згодны?» — «Згодны!». Яны абдымаюцца, абодва шчасьлівыя. Карацей, адзінства народу. Вось такі спэктакль з падтэкстам, прычым на беларускай мове.

«А закончылася сьвята ўвогуле фэерычна, — успаміналі гледачы. — Выйшаў на сцэну намесьнік начальніка па ідэалёгіі і нагадаў, што ўсе асуджаныя мараць пра амністыю. „Дык давайце, — кажа, — паклічам амністыю!“ І тады ўся заля некалькі хвілін, як дзеці клічуць Дзеда Мароза, скандавала: „Ам-ні-сты-я, ам-ні-сты-я!“».

Надзеі на амністыю сапраўды былі, але спраўдзіліся не для ўсіх.

Калі ў сярэдзіне верасьня палітычныя ў нашым атрадзе яшчэ верылі, што на іх таксама распаўсюдзіцца чаканая амністыя, дык пасьля «Дня народнага адзінства» гэтыя спадзяваньні пачалі таяць. Паводле праекту закону аб амністыі яна не закранала асуджаных паводле палітычных артыкулаў, і стала зразумела, што паўтары тысячы вязьняў, якіх асудзілі з палітычных матываў, яшчэ застануцца за кратамі. Больш за тое, канвэер рэпрэсій не спыніўся, да нас у калёнію працягвалі заяжджаць новыя палітвязьні. Гэтую інфармацыю я атрымаў ужо пасьля вызваленьня.

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.

XS
SM
MD
LG