Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 траўня: на «Нафтане» затрымалі 4 чалавек; 76-гадовую дацэнтку ПДУ аштрафавалі на 2960 рублёў; затрымалі 2 ксяндзоў


Беларуская турма. Ілюстрацыйнае фота.
Беларуская турма. Ілюстрацыйнае фота.

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

На «Нафтане» затрымалі чатырох чалавек

Стала вядома, што на прадпрыемстве «Нафтан» у Наваполацку затрымалі Віктара Кавалеўскага, Вадзіма Ўласава, Валерыя Лесьнікова і Юрыя Гайчанку, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У красавіку на заводах «Нафтан» і «Палімір», як стала вядома з паведамленьня ў канале заводу, прайшла аблава. Затрымалі дзесяць работнікаў заводаў, і ўсім ім прысудзілі арышты ад 10 да 30 дзён, у асноўным за рэпосты, за «распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі» (паводле артыкула 19.11 КаАП), заўважыла «Наша ніва».

У канале пішуць, што затрыманыя працаваць на заводзе болей ня будуць. Таксама там паведамляюць, што некаторым затрыманым пагражаюць крымінальнай справай за «ўчыненьне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці».

Адміністрацыя прадпрыемства заклікала работнікаў адпісацца ад «экстрэмісцкіх» каналаў і прагледзець сацсеткі, свае і сваякоў, на прадмет «наяўнасьці чагосьці падазронага».

У Менску сілавікі за ўдзел у акцыях пратэсту затрымалі футбольнага фаната, ягоных жонку і цесьця

У Менску сілавікі затрымалі сям’ю за ўдзел у пратэстах, піша Zerkalo з спасылкай на тэлеграм-канал сілавікоў.

Мужчына на «пакаяльным» відэа кажа, што «наведваў акцыі пратэсту, хадзіў з пратэставай сымболікай па дарогах агульнага карыстаньня, тым самым перакрываючы рух транспартных сродкаў». Паводле затрыманага, акрамя яго, у пратэстах удзельнічалі ягоныя жонка, дзіця, цесьць.

У праўладным тэлеграм-канале пішуць, што іх даставілі ў Сьледчы камітэт. Заведзена крымінальная справа, вырашаецца пытаньне аб меры стрыманьня.

Барыса Вітко, асуджанага на 2 гады «хатняй хіміі», затрымалі ў межах новай крымінальнай справы

У Берасьцейскай вобласьці затрымалі 68-гадовага Барыса Вітко, якога раней асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі». Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з спасылкай на праўладны тэлеграм-канал.

Супрацоўнікі АМАП у бронекамізэльках з драбавікамі затрымалі мужчыну на тэрыторыі прыватнай хаты. На апублікаваным відэа Барыс кажа, што яго затрымалі па падазрэньні «ў абразе Лукашэнкі» (арт. 368 Крымінальнага кодэксу).

20 студзеня 2022 году суд Ляхавіцкага раёну прызнаў Вітко вінаватым паводле арт. 391 КК за абразьлівы камэнтар у адносінах да баранавіцкага судзьдзі Мікалая Кміта. Віну Барыс не прызнаў.

У Мёрах і Полацку затрымалі двух ксяндзоў

25 траўня ў Мёрах затрымалі ксяндза Андрэя Куліка, паведамляе @christianvision.

Таксама сёньня стала вядома пра затрыманьне яшчэ аднаго сьвятара на Віцебшчыне — грэка-каталіцкага сьвятара Аляксандра Шаўцова з Полацку.

Дацэнта Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, 76-гадовую Галіну Захаркіну пакаралі буйным штрафам

Захаркіну затрымалі раніцай 25 траўня. Суд Наваполацку прызнаў яе вінаватай у несанкцыянаваным пікеце і распаўсюдзе «экстрэмізму», паведаміла @pozirkonline крыніца, якая пажадала застацца неназванай.

У выніку Галіну Захаркіну аштрафавалі на 2960 беларускіх рублёў (80 базавых велічынь).

На сёньняшні дзень затрыманыя або арыштаваныя ўжо 4 дацэнты Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту: 73-гадовая Галіна Шараглазава, Алена Храмцова, Сяргей Глазырын, Віктар Чарэўка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG