Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раман для выгады зробіць усё»; «ахвяра і кат адначасова». Былая калега Пратасевіча і гісторык разважаюць, за што яго «памілавалі»


Раман Пратасевіч і самалёт RyanAir, які рэжым Лукашэнкі падманам пасадзіў у Менску ў траўні 2021 году. Каляж
Раман Пратасевіч і самалёт RyanAir, які рэжым Лукашэнкі падманам пасадзіў у Менску ў траўні 2021 году. Каляж

Былы рэдактар Nexta Раман Пратасевіч паведаміў, што Лукашэнка яго памілаваў. На пачатку траўня Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў калёніі. Сёньня ён падзякаваў Лукашэнку і паабяцаў заняцца стваральнай працай.

За што памілавалі Рамана Пратасевіча, што выйграў рэжым ад гэтай справы і ці зьяўляецца далей былы рэдактар Nexta ахвярай рэжыму? На гэтыя пытаньні ў эфіры Свабоды Premium адказваюць заснавальніца праектаў «Дзікае паляваньне» і «Карнікі Беларусі», знаёмая Пратасевіча Яніна Сазановіч, а таксама гісторык і палітычны камэнтатар Аляксандар Фрыдман.

Сазановіч заклікае незалежныя СМІ зрабіць сёньняшні дзень «апошнім днём Рамана Пратасевіча», бо «з гэтым чалавекам усё зразумела».

«Я ведаю Рамана асабіста, таму мне здаецца, што гэта шчыры Раман (на відэа. — РС), які ён ёсьць. У сытуацыю з пасадкай самалёта ён трапіў не па ўласнай волі, але ўсё астатняе, што адбывалася і адбываецца цяпер, у людзей, якія ведаюць яго асабіста, ніякага wow-эфэкту на выклікае. Усе ведаюць, што ён такі чалавек, і для сваёй выгады ён будзе рабіць усё, што яму скажуць, і нават больш», — кажа Яніна Сазановіч.

На думку Аляксандра Фрыдмана, прычына памілаваньня Лукашэнкам Пратасевіча заключаецца ў тым, што рэжым палічыў «гульню з Пратасевічам» адыгранай.

«Лукашэнка лічыць, што ён ужо задаволіў уласную помсту, а калі нешта пойдзе ня так, то можна будзе Пратасевіча схапіць ізноў. Навошта яго накіроўваць за краты, калі ён зьнішчаны як чалавек з гонарам. Калі самалёт з Пратасевічам прымусова садзілі, то Раман быў ахвярай гэтага рэжыму, але цяпер ён стаў таксама яго часткай і ў пэўным сэнсе катам. Ён ахвяра і кат адначасова», — кажа Фрыдман.

Палітычны камэнтатар нагадвае, што праблема «справы Пратасевіча» ня столькі ў тым, што ён адмовіўся ад уласных поглядаў, колькі ў даносах на былых калегаў, якія ў выніку гэтага пацярпелі. Гаворка ў тым ліку і пра справу Соф'і Сапегі.

«Сёньня Пратасевіч у захапленьні, ён перакананы, што будучыня ў яго таксама будзе. А насамрэч мы бачым чалавека, які фізычна захаваўся, але сёньня адбыўся апошні акт маральнага зьнішчэньня Рамана Пратасевіча. Лукашэнка атрымаў для сябе тое, што для яго заўсёды было галоўным — асалоду ад улады і помсты. Гэта быў расьцягнуты зьдзек. Лукашэнка атрымаў асалоду ад прыніжэньня Пратасевіча. Так ён разьлічыўся за свае страты і эмоцыі 2020 году. Для яго гэта нават важней за санкцыі», — кажа Аляксандар Фрыдман.

  • Рамана Пратасевіча судзілі разам са Сьцяпанам Пуцілам і Янам Рудзікам. Апошніх двух — завочна. Іх абвінавацілі ў распальваньні варожасьці, арганізацыі масавых беспарадкаў, публічных закліках да захопу ўлады, паклёпе на Лукашэнку і закліках да тэрарызму.
  • Менскі абласны суд прысудзіў Сьцяпану Пуцілу 20 гадоў калёніі, Яну Рудзіку — 19, абодвум завочна. Пратасевіча пакаралі 8 гадамі зьняволеньня. Але пазьней памілавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG