Прадстаўніца Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Тацяна Старасотнікава сьцьвярджае, што ўвечары 11 траўня на аўтадарозе М5 Менск — Гомель каля вёскі Ясень кіроўца вялікагруза DAF кінуў у бок вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі выбухоўку.
Гэта нібыта адбылося ў той момант, калі калёна вайскоўцаў спынілася. Выбухоўку, паводле сілавікоў, мужчына вырабіў сам. Пасьля здарэньня ён спрабаваў уцячы, але ў выніку перасьледу вялікагруз быў заблякаваны вайскоўцамі, а яго кіроўца затрыманы.
Паводле БелТА, «сьледчыя ўстанавілі, што кіроўца DAF — 50-гадовы жыхар Менску актыўна цікавіўся „радыкальнымі інтэрнэт-рэсурсамі“». Кабіна вялікагруза нібыта была абклееная экстрэмісцкай сымболікай, у мабільным тэлефоне былі падпіскі на экстрэмісцкія каналы. Мянчук, як піша БелТА, раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, а таксама да адміністрацыйнай.
Пры гэтым сілавікі не паведамілі ані імя жыхара Менску, ані якой «экстрэмісцкай сымболікай» была абклееная ягоная кабіна, ані ўзброеным сілам якой краіны належала вайсковая калёна.