Сышоў у адстаўку ў 2000 годзе ў званьні маёра
Генадзю Шчэрбаню 55 гадоў, этнічны ўкраінец. На пачатку 1990-х яго як вайскоўца перавялі служыць у Беларусь: у Берасьцейскую, потым у Горадзенскую вобласьць. У 2000 годзе Шчэрбань сышоў у адстаўку ў званьні маёра. У 2017-м разам з жонкай зноў паехаў жыць ва Ўкраіну, у Гастомель пад Кіевам. Шчэрбань — грамадзянін Беларусі, ва Ўкраіне мае сталы дазвол на жыхарства.
Ягоная старэйшая дачка Натальля Пятровіч нарадзілася ў Херсонскай вобласьці. Натальлі было тры гады, калі сям’я пераехала ў Беларусь. У Менску яна выйшла замуж, нарадзіла траіх дзяцей, жыла і працавала. Пасьля падзеяў 2020 году сям’я Пятровічаў вырашыла паехаць жыць за мяжу. На зломе 2021–2022 гадоў яны некалькі месяцаў гасьцявалі ў бацькоў у Гастомелі. А за месяц да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне вылецелі ў Турэччыну, дзе жывуць дагэтуль.
У Гастомелі пад акупацыяй засталося трое жыхароў
Апошні раз Генадзь Шчэрбань выходзіў на сувязь 16 сакавіка 2022 году. Прыгарад Кіева ўжо акупавалі расейскія войскі. У Гастомелі заставаліся трое жыхароў: акрамя Генадзя — суседка Раіса і яшчэ адзін мужчына Мікола, абое ў сталым веку.
Па словах старэйшай дачкі, Генадзь Шчэрбань не эвакуаваўся, бо сын Раісы папрасіў яго прыгледзець за маці, абяцаў, што неўзабаве вернецца. Суседка ўжо спрабавала выехаць з-пад Кіева. Машыну абстралялі, нявестка загінула, сама яна атрымала траўму хрыбта і не магла хадзіць. Шчэрбань апекаваўся хворай жанчынай і жывёламі жыхароў пасёлка. Хадзіў па вуліцы зь белым сьцягам — пазнакай, што ён мірны, а не вайсковец.
«Ён паабяцаў, што ня кіне чалавека, і ня кінуў», — тлумачыць дачка, чаму бацька застаўся.
Па яе словах, тэлефонная сувязь у Гастомелі пасьля пачатку акупацыі была кепская. 16 сакавіка Генадзь апошні раз перад палонам патэлефанаваў жонцы Сьвятлане. У той дзень ён пайшоў на двор карміць жывёлаў і калоць дровы і не вярнуўся. Суседка чула тузаніну каля дома. Пасьля да яе заходзілі расейскія вайскоўцы і казалі, што Генадзя неўзабаве адпусьцяць.
«Або ідзеш за нас ваяваць, або ў палон»
Што з Генадзем, сям’я ня ведала больш за два месяцы. Калі ўкраінцы вызвалілі Бучу, Гастомель і іншыя месцы, маці Натальлі паехала шукаць мужа. Пыталася ў людзей, глядзела па падвалах. Ёй дасылалі на апазнаньне фота трупаў. Генадзя нідзе не было. 28 траўня 2022 году на электронную пошту Натальлі напісаў адзін чалавек. Сазваніліся. Ён расказаў, што быў разам з Генадзем у расейскім палоне.
«Мы яму паверылі, бо ён усё ведаў пра нашую сям’ю, ведаў пра тату, пра дзяцей, унукаў», — камэнтуе Натальля.
Як высьветлілася, Шчэрбань амаль увесь гэты час быў у расейскай турме ў Навазыбкаве Бранскай вобласьці, расказвае Натальля. Везьлі яго туды празь Беларусь.
«Гэты чалавек расказаў, што калі тату забіралі, то прапанавалі яму: або ідзеш за нас ваяваць, або ў палон. Ён адмовіўся перайсьці на іхны бок», — пераказвае словы суразмоўцы Натальля.
«Забралі з падазрэньнем на сухоты»
Потым сям’я яшчэ ад пяці чалавек, якія сядзелі разам са Шчэрбанем, атрымала інфармацыю, што той у палоне.
«Расказвалі, што ён вельмі добры чалавек, даражыць сваёй сям’ёй, расказвае пра дзяцей, унукаў, што ён трымаецца і іншых падтрымлівае, кажа, трэба пацярпець», — перадае словы вызваленых суразмоўца.
Некалькі тыдняў таму Натальля ўпершыню ўбачыла фота бацькі ў палоне. Яно зьявілася ў закрытым украінскім чаце пра цывільных, якія трапілі да расейцаў. Генадзь на момант фатаграфаваньня быў зьняволены каля двух тыдняў.
«Па вачах чалавека адразу відаць, дзе ён. Ён вельмі сумны на фота, не такі, які ён насамрэч. Сьціснутыя зубы. Вочы не жывыя, а проста абыякавыя. Як ён выглядае цяпер, я ўвогуле не ўяўляю», — кажа Натальля.
Ёй цяжка бачыць свайго бацьку ў турэмнай робе на фоне турэмных сьценаў.
«Я ведаю, што ён ужо больш за год у палоне, але ведаць і бачыць — розныя рэчы. У мяне проста сышла зямля з-пад ног. Я шмат усяго перажыла за год. Але калі я яго там убачыла, быццам я кудысьці правалілася», — кажа дачка палоннага.
Са словаў іншых вызваленых яна ведае, што бацька моцна схуднеў і цяжка хварэў. Яго пераводзілі ў турэмны шпіталь, некалькі разоў выклікалі да яго хуткую. Натальля расказвае, што Генадзь Шчэрбань траціў прытомнасьць у камэры, меў праблемы з падстраўнікавай залозай, яму было цяжка дыхаць. Урэшце яго шпіталізавалі з падазрэньнем на сухоты. Да палону ў Генадзя былі праблемы з сэрцам і ныркамі.
«Мужыкі, мая жонка сюды званіла!»
Сям’я спрабавала выцягнуць Генадзя з палону ў тым ліку праз МЗС Беларусі, аднак не атрымалася. У першую чаргу вызваляюць вайскоўцаў і грамадзян Украіны, тлумачыць Натальля.
Яе маці Сьвятлана вярнулася жыць у дом у Гастомелі. А ў ліпені мінулага году паехала праз Польшчу ў Беларусь.
«Мама з аўтобуса пайшла адразу ў МЗС і расказала ўсё як ёсьць. Ёй там паабяцалі дапамагчы, узялі ўсе зьвесткі. Усе былі ў шоку, ніхто не паверыў адразу. Яны далі запыт у Бранск і атрымалі адказ, што ён там сапраўды знаходзіцца», — расказвае Натальля.
Некалькі месяцаў Сьвятлана ці ня штодня хадзіла ў МЗС і спрабавала вырашыць сытуацыю з мужам. Яна тройчы езьдзіла зь Беларусі ў Бранск і Навазыбкаў, спрабавала сустрэцца зь ім там, але ёй ні разу не дазволілі, расказвае Натальля. Сам Генадзь ведае, што жонка яго шукала. Вызваленыя з палону расказалі сям’і, што Генеадзя аднойчы выклікалі на допыт.
«Тата вярнуўся ў камэру і сказаў: „Мужыкі, мая жонка сюды званіла!“ Яму сказалі, што яна званіла, а не прыяжджала. Канечне, гэта яго вельмі падбадзёрыла», — успамінае Натальля.
«Вельмі цяжка жыць добра, калі твой родны чалавек у палоне»
Зьняволеньне бацькі Натальля перажывала хвалямі эмоцый. Калі не было інфармацыі, рабілася трывожна.
«Я захоўвала ў сабе веру, што ён жывы. Я чалавек зусім не зьвязаны з эзатэрыкай, але нават да гадалак зьвярталася. Мне так хацелася, каб хтосьці звонку пацьвердзіў», — тлумачыць Натальля.
Яна расказвае, што калі даведаліся, што бацька жывы, адразу стала лягчэй.
«Я пачала радавацца жыцьцю. Думала, вось-вось мы яго цяпер выцягнем. Дагэтуль калі я відэа здымала, не магла нават нармальна ўсьміхнуцца. А пасьля гэтага пачала жыць і чакаць», — кажа фітнэс-трэнэрка, якая вядзе ў Instagram блог пра спорт.
Аднак неўзабаве стала ясна, што абмяняць цывільнага грамадзяніна Беларусі ня так проста. Натальля балюча рэагуе на кожны абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай.
«Я цэлы дзень сядзела з тэлефонам у руках. Пачалі нейкія фатаздымкі кідаць у чаты цывільных у палоне. Нам пачало здавацца, што вось гэта ён! Яны ж усе моцна схуднелі, зьмяніліся. Калі мы даведаліся, што яго там няма, гэта было жахлівае расчараваньне», — расказвае Натальля пра абмен на пачатку мінулага лютага.
Амаль увесь 2022 год яна чулася прыгнечанаю.
«Самае кепскае для мяне было знаходзіцца тут (у Анталіі. — РС), бачыць мора, сонца, есьці садавіну. Часам я не магла яе есьці, бо ведала, што тата ня еў нават яблыка цэлы год. Гэта вельмі цяжка жыць добра, калі твой родны чалавек у палоне», — прызнаецца суразмоўца.
Па словах Натальлі, яе падбадзёрваў муж. Казаў, што лепшае, што можна зрабіць цяпер, — гэта паўнавартасна жыць, працаваць, зарабляць, каб былі грошы лекаваць бацьку. Да таго ж маці Натальлі засталася бяз працы, і сям’я цягам усёй вайны падтрымлівала яе фінансава.
«Я не магла сабе дазволіць ляжаць і плакаць, хоць былі моманты, калі мне нічога не хацелася рабіць. У мяне такая праца, калі трэба ўвесь час на камэру гаварыць, прыцягваць кліентаў. Былі пэрыяды, калі мне было так кепска, што я казала мужу (яны разам займаюцца спортам і вучаць людзей. — РС): „Давай прыдумаем нешта іншае, зоймемся нечым іншым“», — успамінае Натальля.
Урэшце пад Новы 2023 год яна здолела прыняць сытуацыю: «Бацька там, я тут». Вырашыла, што не выпадкова яны выехалі перад вайной.
«Інакш я б адтуль ня выбралася з трыма дзецьмі. Бог дапамог, што паляцелі ў Турэччыну. Я зразумела, што кепска раблю, калі не магу гэтаму радавацца. Я з рукамі, нагамі, на свабодзе. Калі я гэта зразумела, у мяне адкрылася другое дыханьне. Я адразу пачала добра працаваць. У мяне зьявіліся новыя ідэі ў праекце. Я адчула, што ня толькі магу заставацца энэргічнай, але і дзяліцца энэргіяй зь іншымі», — расказвае блогерка.
Натальля зноў пачала рана ўставаць, хадзіць на мора сустракаць сьвітанкі. Штодня займаецца спортам сама меней гадзіну. Зноў стала больш гатаваць хатнюю ежу.
Натальля прызнаецца, што пасталела за апошні год. Пераасэнсавала стаўленьне да жыцьця, да адносін з бацькамі.
«Я магла раней крыўдаваць на бацькоў, спрачацца. Цяпер я разумею, што ня мела на гэта права. Мы павінны заўсёды паважаць бацькоў. Толькі цяпер я зразумела, што яны мяне заўжды вельмі любілі, нават калі мне нешта здавалася несправядлівым», — разважае суразмоўца.
Натальля штодня ўяўляе, як можа адбыцца вызваленьне бацькі.
«Я думаю, як ён з мамай сустрэнецца. Калі абменьваюць палонных, спачатку даюць патэлефанаваць родным. Я ведаю, што тата скажа маме, якім голасам. Ён патэлефануе і скажа, што ён вярнуўся», — Натальля ня стрымлівае сьлёз ад гэтай думкі.
Яна стараецца запісваць прыемныя моманты, якія зь ёй адбываюцца, або перажываць іх так ярка, каб потым расказаць бацьку. Робіць здымкі дзяцей, каб бацька потым убачыў унукаў, «каб ён нічога не прапусьціў».
«Я стала больш верыць у Бога, у вышэйшую справядлівасьць. Я перакананая, што тата вернецца жывым, што ён усё гэта выцерпіць», — кажа Натальля.