Пэр Андэрс Рудлінг зьяўляецца прафэсарам катэдры гісторыі Люндзкага ўнівэрсытэту. Яго спэцыялізацыя — нацыяналізм. Ён аўтар кнігі «Узьлёт і падзеньне беларускага нацыяналізму, 1906–1931», напісаў шэраг артыкулаў пра Галакост на беларускіх землях, супрацоўніцтва часткі беларусаў з нацыстамі, а таксама пра памяць аб Другой сусьветнай вайне ў Беларусі.
У розныя гады ягоныя працы, прысьвечаныя Беларусі, публікаваліся на старонках назалежных беларускіх часопісаў «Архэ» і «Палітычныя сфэра». Але калі Генпракуратура пачала займацца справай аб генацыдзе беларускага народу, то цытаваць яго пачалі і дзяржаўныя СМІ. Вось так на Рудлінга спасылаўся гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк:
«Задоўга да нас на тэму генацыду зьвяртаў увагу вядомы швэдзка-амэрыканскі гісторык Пэр Андэрс Рудлінг. Ён пісаў пра злачынствы калябарацыяністаў на тэрыторыі Беларусі і адзначаў, што з моманту пачатку рэалізацыі пляну „Барбароса“ характар вайны зусім зьмяніўся: калі раней любую ваенную кампанію ў Эўропе можна было лічыць „нармальнай эўрапейскай вайной“, то з 22 чэрвеня 1941 года ва ўсіх дактрынальных устаноўках, даведзеных да вышэйшага кіраўніцтва вэрмахту і СС, вайна тлумачылася Гітлерам і яго найбліжэйшым асяродзьдзем як расавая ідэалягічная, як вайна, нацэленая на масавае зьнішчэньне».
«Марзалюк для мяне не калега, а аб’ект дасьледаваньня»
У інтэрвію Свабодзе гісторык пацьвердзіў, што ў сваіх працах апісвае вайну на тэрыторыі Беларусі як надзвычай крывавы канфлікт, які забраў жыцьці 2,5 млн чалавек, і параўноўвае страты беларусаў з колькасьцю ахвяраў у Камбоджы падчас панаваньня «Чырвоных кхмэраў», дзе забілі чвэрць насельніцтва.
«Ці можна гэта называць генацыдам? Дыскусія наконт гэтага ёсьць. Быў такі нямецкі дакумэнт — Generalplan Ost, прысьвечаны кантролю і перабудаваньню Ўсходняй Эўропы пасьля нямецкай перамогі. Там гаварылася, што трэба зьменшыць колькасьць славянскага насельніцтва. Гэта варта ўспрымаць у пэўным генацыдальным кантэксьце, але адначасова трэба быць асьцярожным. Бо на вялікі жаль ёсьць тэндэнцыя злоўжываць гісторыяй у палітычных мэтах», — гаворыць Рудлінг.
Гісторык сказаў Свабодзе, што не пагаджаецца з выкарыстаньнем свайго імя ў ідэалягічных мэтах. Але ніякага кантролю, як выкарыстоўваюць яго працы, у яго няма.
«Я гісторык, я не магу спыніць ідэолягаў, я пішу свае працы для іншых навукоўцаў і не пагаджаюся з пазыцыяй Марзалюка і рэжымам Лукашэнкі. Я ж навуковец, а Марзалюк — ідэоляг. Я стаўлюся нэгатыўна да яго як да кожнага ідэоляга, і гэтаксама стаўлюся да Лукашэнкі. А Марзалюк для мяне не калега, а аб’ект дасьледаваньня». — кажа Рудлінг.
«Калі ўсё зьяўляецца генацыдам, то насамрэч нічога не генацыд»
На думку гісторыка, ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах Усходняй Эўропы ёсьць тэндэнцыя злоўжываць тэрмінам «генацыд».
«БНФ і Чарнобыль называў генацыдам. У Польшчы Катынь лічыцца генацыдам. Літоўскі Інстытут нацыянальнай памяці называе генацыдам свой антысавецкі супраціў пасьля ІІ сусьветнай вайны. Ва Ўкраіне быў палітызаваны Галадамор, там гэта таксама называюць генацыдам украінскага народу. Нічога надзвычайнага ў выпадку зь Беларусьсю няма, Марзалюк выкарыстоўвае гэты тэрмін разам зь іншымі ідэолягамі». — дадае швэдзкі навуковец.
Рудлінг прызнаецца, што ня бачыў шырокай дакумэнтацыі сьледзтва аб генацыдзе, якое вядзе Генпракуратура Беларусі. Ён чытаў некаторыя дакумэнты і кажа, што ня можа пагадзіцца з палітызацыяй гісторыі, якую ён там убачыў.
«Генацыд — гэта кадыфікаванае паняцьце ў міжнародным заканадаўстве. У нямецкім упраўленьні Беларусьсю падчас вайны быў відавочны генацыдальны кампанэнт. Там прама гаварылася пра неабходнасьць зьмяншаць славянскае насельніцтва Беларусі, калянізаваць частку Беларусі нямецкімі і нарвэскімі калянізатарамі. Такія аспэкты можна апісваць як генацыдальныя, але гэта пытаньне да юрыстаў. Я лічу, што трэба быць вельмі асьцярожным адносна гэтага слова. Мой калега Антон Вайс-Вэнд з Осла, які напісаў вельмі добры артыкул пра інструмэнталізацыю генацыду, сказаў вельмі трапна: «Калі ўсё зьяўляецца генацыдам, то насамрэч нічога не генацыд».
«Улады спрабуюць зьвязаць змаганьне за дэмакратыю з фашызмам. Але з гістарычнага пункту гледжаньня такой сувязі ўвогуле няма»
Швэдзкі гісторык мяркуе, што справа аб генацыдзе спатрэбілася рэжыму Лукашэнкі, сярод іншага, для дыскрэдытацыі пратэстаў у 2020 годзе, якія адбываліся пад бел-чырвона-белым сьцягам. Гісторык не адмаўляе, што падчас вайны некаторыя фармацыі выкарыстоўвалі беларускі нацыянальны сьцяг, але ён не зьвязвае яго зь ідэямі гэтых арганізацый, паколькі сьцяг узьнік задоўга да ІІ сусьветнай вайны.
«Улады спрабуюць зьвязаць змаганьне за дэмакратыю з фашызмам. Але з гістарычнага пункту гледжаньня такой сувязі ўвогуле няма. Гэта сьцяг пратэсту, сьцяг дэмакратызацыі, барацьбы за сумленныя выбары. Вельмі складана прывязаць гэтыя пратэсты да фашызму. Я думаю, што Марзалюку і рэжыму вельмі цяжка знайсьці аргумэнт супраць свабодных выбараў, прасьцей абвінаваціць усіх у фашызьме і зьвязваць іх зь нейкімі эпізодамі генацыду. Як гісторык я б не ўспрымаў гэта сур’ёзна». — кажа Рудлінг.
На думку гісторыка са Швэцыі, пратэсты 2020 года ў Беларусі заклалі цагліны пад новую палітычную нацыю — і рэжым можа баяцца, што гэта стане больш яскравым маркерам гістарычнай памяці, чым вайна, якая пачалася больш як 80 гадоў таму.
«Рэжым баіцца, што гэтыя пратэсты, якія ўсіх нас уразілі, сотні тысяч людзей у Менску, чаго ніколі раней ня было, што гэта стане асновай новай палітычнай нацыі, новай памяцьцю новага пакаленьня, якое само кідалі ў турмы і выгналі за мяжу» — мяркуе гісторык.
Сёньняшнія паводзіны рэжыму Лукашэнкі і ягоных прапагандыстаў гісторык параўноўвае з савецкімі часамі, калі існавалі дзьве розныя гістарыяграфічныя традыцыі. Адна была для савецкіх чытачоў, што савецкі народ паўстаў як адзін чалавек і абараняў радзіму супраць фашыстаў. Але была іншая вэрсія, для экспарту, каб дыскрэдытаваць беларускую, ці таксама ўкраінскую або літоўскую, дыяспары.
«Яна казала, што былі здраднікі, якія супрацоўнічалі з фашыстамі. Сапраўды, у СССР вельмі шмат людзей калябаравала. Амаль 3 мільёны чалавек служылі немцам, а 1 мільён чалавек служыў у розных вайсковых фармаваньнях. Прычынай гэтага быў вельмі жорсткі сталінскі рэжым Гэта і жахлівы досьвед у часы калектывізацыі і голаду. І шмат расейцаў былі калябарантамі, напрыклад, у РОА — „Русской освободительной армии“. Але гэта была тэма табу, пра гэта не жадалі гаварыць, бо гэта ня вельмі супадае зь дзяржаўнай ідэалёгіяй. І сёньня гэтую ідэалёгію такія людзі, як Марзалюк, зноў выкарыстоўваюць. Я ня веру ў калектыўную віну і адказнасьць. Магчыма, калектыўная адказнасьць — гэта больш адказнае стаўленьне да гісторыі. Але ваенныя злачынствы павінны разглядацца індывідуальна. Ваенныя злачынствы, у тым ліку і савецкіх камісараў, якія гвалцілі і забівалі, гэта індывідуальная адказнасьць», — перакананы швэдзкі гісторык.
«Апэляцыя Лукашэнкі да вайны як палітычная валюта хутка страціць сэнс»
У канцы 2000-х Пэр Рудлінг апублікаваў на Захадзе артыкул «Лукашэнка і „чырвона-карычневыя“: дзяржаўная ідэалёгія, ушанаваньне мінуўшчыны і палітычная прыналежнасьць». У ім аўтар, між іншым, пісаў, што «ІІ сусьветная вайна — гэта цэнтральны пункт для выбудоўваньня беларускай ідэнтычнасьці». Сёньня Рудлінг прызнаецца, што тыя словы губляюць актуальнасьць, паколькі людзей, якія памятаюць у Беларусі вайну, становіцца ўсё менш. Тады, у 2009-м, гэта былі выбарнікі Лукашэнкі, старэйшае пакаленьне, якое жыло ў вёсцы. Як кажа швэдзкі гісторык, яны вырасьлі ў савецкім духу, дзе ІІ сусьветная вайна, або Вялікая Айчынная, была цэнтральным пунктам у выхаваньні беларускай савецкай ідэнтычнасьці.
«Пры Мазураву і Машэраву было цэлае пакаленьне людзей, якія ставілі націск на вайну, ім паказвалі праз гэта варожы заходні сьвет, а яны ставілі націск на свае подзьвігі падчас вайны. І ў выніку гэта стала часткай беларускай савецкай ідэнтычнасьці. Пасьля распаду СССР гэтыя ідэі былі там для многіх натуральнымі. Яны сумавалі па СССР, па стабільнасьці, а Лукашэнка абапіраўся на гэтую традыцыю. Тады гэта мела сэнс, бо магло мабілізаваць пэўнае пакаленьне. Але сёньня вельмі мала людзей памятае пра ІІ сусьветную вайну, а яшчэ менш людзей успомняць брэжнеўскія ці машэраўскія часы. Тады, калі Лукашэнка мабілізаваў свае групы, гэта мела сэнс», — гаворыць Пэр Рудлінг.
Адзінай палітыкі памяці пра вайну ў Беларусі і ня можа быць, лічыць гісторык, бо краіна тады была падзеленая паміж СССР і Польшчай. Нягледзячы на жахі вайны для розных групаў, іх памяць пра вайну ўсё роўна адрозьніваецца.
«Досьвед быў розны, і зрабіць зь яго адзіную памяць вельмі складана. Да гісторыі варта ставіцца больш плюралістычна, трэба прызнаваць, што былі розныя групы: беларусы, расейцы, палякі, габрэі. Трэба прыняць іх розны досьвед. А адзіная нацыянальная палітыка, на маю думку, мае прысмак савецкасьці, калі гэтым займаюцца камісары або чыноўнікі ад гісторыі, якія прыдумаюць адну гісторыю. Тая вайна была вельмі страшнай, і не было беларуса, які б ад яе не пакутаваў. Гэтая памяць будзе жыць ва ўсіх сем’ях. Але як палітычная валюта гэта можа быць зьвязанае зь нейкім пакаленьнем», — перакананы швэдзкі гісторык Пэр Рудлінг.