Палітзьняволенага Ўладзімера Булаўскага абвінавачваюць у «неаднаразовым парушэньні парадку масавых мерапрыемстваў», пішуць праваабаронцы.
Віцебскага арт-мэнэджэра і музыку пачунуць судзіць 15 траўня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску. Справу будзе разглядаць судзьдзя Міхаіл Юрчанка. Стала вядома, што Булаўскага абвінавачваюць паводле арт. 342-2 КК (неаднаразовае парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Паводле заканадаўства, пачаць крымінальную справу супраць чалавека па арт. 342-2 КК могуць, калі яго двойчы за год асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП «несанкцыянавае пікетаваньне», а потым цягам году зноў затрымалі за «пікет».
Нядаўна ў палітвязьня памёр бацька, але разьвітацца зь ім сына не адпусьцілі. Уладзімеру блякуюць ліставаньне, і ён амаль не атрымлівае навін з волі.