— У зьвязку з пабіцьцём Віктара Бабарыкі ў калёніі сустрэў камэнтары кшталту «сам вінаваты» або нават «так яму і трэба» ад нібыта сьвядомых беларусаў. Чаму так?
— Бабарыку маглі зьнявечыць толькі на асабісты загад Лукашэнкі. Усе, хто ніжэй, пабаяліся б. Што да рэакцыі «нібыта сьвядомых», то мне бачыцца ў гэтым пачатак заўтрашняга перападзелу ў беларускім грамадзтве, які пойдзе ўжо не па плоскасьці сьвядомы-несьвядомы, а па глыбіні чалавечны-бесчалавечны. Інакш кажучы, усе беларусы (як такія) стануць (ці ўжо сталі) сьвядомымі, а тыранія Лукашэнкі абавязкова будзе асуджаная. І тыя, як сказалі б у нас у ХІХ стагодзьдзі, «людзі бяз сэрца» апынуцца на адным баку з тымі, каго асудзіць і грамадзтва, і гісторыя.
— Як зьмяніўся гумар ва Ўкраіне і Расеі?
— Слаба сачу за расейцамі, бо нецікава. Але дакладна скажу, што КВЗ вярнуўся ў пачатак 1980-х, калі пра палітыку і афганскую вайну жартаваць забараняла цэнзура. Хоць эзопавай мовай тады ўдавалася сказаць болей, чым толькі гэты вось цяперашні жарт пра штучны інтэлект, які гаворыць сіпатым голасам Лукашэнкі, бо, маўляў, «дружественным голосом» прасіць 7 мільярдаў лацьвей.
Ва Ўкраіне, наадварот, у гумары стала шмат палітыкі і вайны, бо публіка разумее рацыю сваёй краіны, на якую напалі і якая мусіць абараняцца. Стоячы на прынцыпах закону, праўды і маралі, прасьцей быць свабодным і дасьціпным у жартах.
— Ці ёсьць на службе ў Лукашэнкі людзі, якія адчуваюць сябе шчасьлівымі?
— Чалавек шчасьлівы, калі ён камусьці патрэбны, калі ён рэалізуецца і штосьці значыць. А калі твой бос увесь час намякае, што ты нікому не патрэбны і нічога ня значыш, застаецца суцяшаць сябе матэрыяльнымі выгодамі ад такой службы. Але шчасьце, як вядома, за грошы ня купіш. І гэта напісана на тварах усёй камарыльлі.
Калісьці ў 1990-я я ведаў гісторыка Марзалюка. Ігар запомніўся мне як вясёлы рагатун найперш. Ён ствараў уражаньне шчасьлівага і пры тым адэкватнага чалавека. Цяпер я магу бачыць яго як лукашэнкаўскага дэпутата хіба што на фота і відэа. І ўражаньне ў мяне цалкам адваротнае, а менавіта як ад глыбока нешчасьлівага чалавека.
— Чаму Зянон Пазьняк за шмат гадоў ня здолеў аб’яднаць людзей у рэальную сілу?
— Гэта зьвязана з унутранай супярэчнасьцю. Пазьняк кажа, што «палітык павінен быць злым», але злосьць не аб’ядноўвае. Катэгарычная рыторыка, пошук ворагаў, абвінавачаньні патэнцыйных паплечнікаў — гэта можа мацаваць групу, але не грамадзтва.
З другога боку, ідэалёгія Пазьняка — нацыянальна-дэмакратычная, то бок асьветніцтва, пашырэньне беларускай мовы і сьвядомасьці, што ніякім чынам ня можа рабіцца канфрантацыйнымі мэтадамі. Трэба заўважыць, што катэгарычная рыторыка адганяе многіх і ад той асьветы, і ад рацыянальных ідэяў кшталту адмены эканамічных санкцыяў і вызваленьня палітвязьняў.
— На польскай мяжы зь беларускага боку зьявіўся плякат «Наша „дыктатура“ робіць для людзей больш, чым ваша „дэмакратыя“». Як вы гэта разумееце?
— Я думаю, як гэта можна было б праілюстраваць лічбамі і фактамі. Напрыклад, так: сотні тысяч палякаў імкнуцца ў Беларусь па дазвол на жыхарства... Або так: тысячы палякаў просяцца ў беларускія турмы, каб атрымаць крымінальныя тэрміны за свае погляды. Ці можа быць так: палякі прагнуць пераканацца ў перавагах дыктатуры... Можна таксама задумацца над словамі «робіць для людзей» — у сэнсе татальна кантралюе, садзіць у турмы, выціскае з краіны. Калі гэта добра, значыць, плякат правільны.
— Як вы ставіцеся да прадказаньняў астролягаў і празорцаў?
— Чалавек жыве задам наперад, ён рухаецца па жыцьці, бачачы толькі той шлях, які прайшоў, але ня бачыць таго, што наперадзе. Калі б у яго на патыліцы адкрылася славутае трэцяе вока, ён бы ўбачыў сваю пэрспэктыву. Але, кажуць некаторыя, тады і жыцьцё б страціла сэнс. У кожным разе, прадказальнікі будучыні робяць калі не карысную, дык прынамсі цікавую справу, схіляюць да самастойнага думаньня, і гэта важна, бо многія, калі ня ўсе чалавечыя драмы і трагедыі — ад няўменьня ці нежаданьня думаць.
— Адкуль у рыторыцы рэжыму столькі непрыхаванага цынізму?
— Прыхаванае стала яўным... Ёсьць у цэнтры Менску вуліца Гікалы. Гэта каля ЦУМу. На ёй два папулярныя рэстараны, дзіцячы садок, абласная бібліятэка, школа танцаў, оптыка, два мэдычныя цэнтры... А хто гэты Гікала? Бальшавік, прысланы ў Беларусь для арганізацыі масавых рэпрэсій, з чым справіўся на ўра (1937). Цынічны забойца тысяч нашых землякоў. А мы пакаленьнямі ходзім па гэтай вуліцы і з дня ў дзень паўтараем «дарагое імя». «Давай на Гікалы» — прызначае хлопец спатканьне дзяўчыне...
Такіх гікалаў у Беларусі сотні тысяч. Няма прычыны зьдзіўляцца, што гэты быццам нябачны цынізм у спрыяльных для яго абставінах пачынае гучаць адкрытым тэкстам.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669