Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы.
Mash піша, што інцыдэнт адбыўся каля станцыі Сьняжэцкая на выезьдзе з Фокінскага раёну. Тэлеграм-канал Baza сьцьвярджае, што ў момант праходжаньня грузавога цягніка адбыліся адразу тры выбухі.
У «Расейскіх чыгунках» пазьней пацьвердзілі падрыў шляхоў. Інцыдэнт адбыўся ў 19:47 на неэлектрыфікаваным аднашляховым перагоне Сьняжэцкая — Белыя Берагі ў Бранскай вобласьці. Паводле папярэдніх дадзеных, пацярпелых няма, адкрытага гарэньня няма. Рух на ўчастку прыпынены.
Да сходу з рэек лякаматыву і вагонаў, як заявілі ў «Расейскіх чыгунках», прывяло «ўмяшаньне староньніх асобаў у працу чыгуначнага транспарту». Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз заявіў, што «спрацавала неўстаноўленае выбуховае прыстасаваньне», пацярпелых няма.
Папярэдні падрыў чыгуначных шляхоў у Бранскай вобласьці адбыўся 1 траўня. Цеплавоз належаў Беларускай чыгунцы. У Мінтрансе Беларусі заявілі, што цягнік № 2528 рухаўся са станцыі Гомель у Бранск. У складзе цягніка было 78 вагонаў, ад выбуху сышлі з рэек 8 вагонаў. Лякаматыўная брыгада, як падкрэсьлілі ў Мінтрансе Беларусі, не пацярпела.