Закон аб дзяржаўнай мяжы і ахове, які выклікаў бурныя дыскусіі, у выніку падтрымалі 86 чальцоў літоўскага Сейму, 8 былі супраць, 20 парлямэнтароў устрымаліся, паведамляе Delfi.lt.
Паводле закону памежнікі могуць спыняць нелегальных мігрантаў у памежнай паласе (на адлегласьці да 5 кілямэтраў ад мяжы) і адпраўляць іх назад у Беларусь.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа яшчэ мае ўхваліць дакумэнт. Калі ён падпіша закон, такая палітыка развароту набудзе моц з 3 траўня.
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі рэзка скрытыкавалі гэтую меру, якую яны лічаць парушэньнем міжнароднага права. Amnesty International абвінаваціла Літву ў тым, што яна ўзаконіла так званыя «адштурхоўваньні» на мяжы. Камісар Рады Эўропы ў правах чалавека Дуня Міятавіч таксама заклікала Літву паважаць міжнародныя абавязаньні наконт мігрантаў і выдала тэрміновае папярэджаньне перад ухваленьнем законапраекту. Літоўскі цэнтар правоў чалавека заклікаў прэзыдэнта Наўседу накласьці вэта на законапраект.
Міністар унутраных спраў Літвы заявіў, што папраўка адрозьнівае натуральную міграцыю і міграцыю, якую заахвочвае рэжым Лукашэнкі, і што зьмены неабходныя для абароны інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі Літвы.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць іншаземцаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію.
- Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя плыні істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
- Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
- У красавіку Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаваньне мігранцкага крызісу ў міжнародны суд. Мэта пазову — кампэнсацыя літоўскаму боку шкоды, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.
- Са жніўня 2021 году літоўская памежная служба перашкодзіла прыблізна 20 тысячам мігрантаў нелегальна трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі.