Падзеі 17 красавіка ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Дата дня
17 красавіка 2016 году памёр музычны журналіст Вітаўт Мартыненка. Нарадзіўся ў Менску ў 1959 годзе, адвучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. Вядомы як папулярызатар беларускай рок-музыкі, суаўтар кніг «Праз рок-прызму» (1989, Нью-Ёрк) і «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск) разам з Анатолем Мяльгуем, аўтар кнігі «Rock On-line» (2010, Менск). Працаваў у моладзевай газэце «Чырвоная зьмена» (1982–1994), дзе ад 1983 году вёў музычную рубрыку; супрацоўнічаў з Радыё Свабода (1989–1995); быў намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Кинонеделя Минска» (1994–1997); кансультаваў лэйбл «БМАgroup» (1994–2006). Супольна з Анатолем Мяльгуем арганізаваў першы беларускі рок-клюб «Няміга» (1985–2003), удзельнічаў у арганізацыі фэстываляў «Тры колеры» і «Басовішча». У некаторых крыніцах сьцьвярджаецца, што гэта ён прыдумаў ужываць азначэньне «беларускі рок». Працяглы час хварэў на цукровы дыябэт, памёр у 2016 годзе, пахаваны на Паўночных могілках Менску.
Таксама ў гэты дзень
1905 — расейскі імпэратар Мікалай ІІ выдаў указ аб верацярпімасьці. Гэтым указам адмяняліся рэпрэсіі за пераход з праваслаўя ў іншыя канфэсіі. У выніку ў Беларусі дзясяткі тысяч былых уніятаў адразу перайшлі ў каталіцтва. Працэс гэты набыў такі масавы характар, што царызму давялося стрымліваць яго сіламі тайнай паліцыі.
1914 — у Беларусі адбылася першая авіяцыйная катастрофа на вайсковым лётнішчы ў Лідзе. У ёй загінулі падпаручнік Вятчынкін і мэханік Кавальчук. Яны выпрабоўвалі самалёт «Ньюпар-IV», які на вышыні 300 мэтраў раптам пайшоў уніз.
1932 — заснаваны Цэнтральны батанічны сад у Менску.
1982 — Каралева Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі Лізавета II надала Канадзе поўную незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі.
2009 — з нагоды перадачы запрашэньня беларускаму кіраўніцтву для ўдзелу ў саміце Ўсходняга партнэрства ў Празе чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс заявіў, што не падасьць рукі Аляксандру Лукашэнку.
У гэты дзень нарадзіліся
1936 — Міхась Рудкоўскі, беларускі паэт і перакладчык.
1938 — Васіль Лявонаў, міністар сельскай гаспадаркі Беларусі, які быў зьняволены, а пасьля вызваленьня далучыўся да апазыцыі.
1981 — Юры Жаўноў, прафэсійны футбольны гулец зь Беларусі.
У памяці
1790 — памёр Бэнджамін Франклін, адзін з айцоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі.
2014 — у Мэксыцы ва ўзросьце 87 гадоў памёр ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Габрыель Гарсія Маркес.