Ціханоўская пажадала беларусам «абмяркоўваць за сьвяточным сталом» не «магчымасьць ядзернай вайны»
Беларуская лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская ў віншавальным звароце пажадала «кожнай сям’і сапраўднага міру, сапраўднай бясьпекі, сапраўднай стабільнасьці».
«Гэты дзень мы зь Сяргеем [Ціханоўскім] і дзецьмі звычайна праводзілі разам з нашымі роднымі. За вялікім сталом мы абмяркоўвалі апошнія навіны, абменьваліся думкамі, плянамі на будучыню. Я думаю, што і цяпер шмат беларускіх семʼяў праводзіць Вялікдзень менавіта так. Але што яны абмяркоўваюць у гэты дзень сёньня?» — адзначыла Ціханоўская.
Паводле яе слоў, навіны ў Беларусі сёньня — «гэта разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі, вайна ва Ўкраіне, рост коштаў на тавары і паслугі, інфляцыя, нізкія пэнсіі і заробкі».
«Мне падаецца, гэта ня тыя тэмы, якія хочацца абмяркоўваць у сьветлае сьвята Вялікадня. Але гэта тое, з чым беларусы жывуць кожны дзень», — падкрэсьліла палітык.
Яна пажадала беларусам «абмяркоўваць за сьвяточным сталом» не «магчымасьць ядзернай вайны», а тое, «у які ўнівэрсытэт будуць паступаць вашы дзеці і куды вы летам паедзеце адпачываць».
«Але справа ў тым, — дадала Ціханоўская, — што вайна ўжо побач, а ядзерную зброю хутка могуць разьмясьціць у Беларусі. І цяпер гэта тычыцца ўсіх беларусаў».
Беларуская лідэрка дэмсілаў заклікала беларускіх грамадзян «размаўляць са сваімі роднымі пра гэта», «тлумачыць бабулям і дзядулям, якія вераць тэлебачаньню, што ўсе праблемы Беларусі цяпер не праз тое, што калектыўны Захад нападае..., а праз дзеяньні Лукашэнкі, які захапіў уладу, рэпрэсуе людзей, дазволіў Расеі напасьці на Ўкраіну з нашай зямлі».
«Гэтыя праблемы ідуць менавіта ад яго. Гэта цяжка, але трэба, каб людзі ведалі праўду і не дазвалялі сябе падманваць — нават у сьвяточны дзень», — сказала Ціханоўская.
Лукашэнка пажадаў маскоўскаму патрыярху Кірылу ўмацаваньня «адзінства нашых брацкіх народаў»
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў са сьвятам Вялікадня патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, заявіўшы, што «праваслаўе, знаходзячыся на пярэднім краі абароны традыцыйных маральных каштоўнасьцяў, дае ўсім вернікам духоўны компас і сэнс жыцьця».
«Няхай Ваша малітоўнае слова служыць вялікай патрыятычнай сілай, умацоўвае адзінства нашых брацкіх народаў. Жадаю вам, Ваша Святасьць, здароўя, міру і згоды», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Ён таксама павіншаваў з Вялікаднем праваслаўных хрысьціян Беларусі, пажадаўшы «усім шчасьця, здароўя і ўзаемаразуменьня».
Назваўшы Уваскрасеньне Хрыстова «сьвятам вялікай радасьці, духоўнага абнаўленьня і ўпэўненасьці ў найлепшай будучыні», Лукашэнка адзначыў «спрадвечнае імкненьне беларусаў да стварэньня, глыбокую павагу да сьвятыняў і гатоўнасьць захоўваць сваю веру», якія зьяўляюцца «трывалай асновай нашага адзінства і грамадзкай згоды».
«Мы дакранаемся сэрцам да старажытных традыцый хрысьціянства і, падобна папярэднім пакаленьням, зьдзяйсьняем добрыя справы, клапоцімся пра блізкіх, дапамагаем тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы і спагадзе, выступаем у абарону міру і спакою для ўсіх нашых брацкіх народаў», — гаворыцца ў віншавальным паведамленьні Лукашэнкі.
- Кіраўніцтва Расейскай Праваслаўнай Царквы, да якой адносіцца Беларускі экзархат, а таксама асабіста патрыярх Маскоўскі Кірыл неаднаразова выказваліся ў падтрымку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны.
- Праваслаўе ў Беларусі зьяўляецца дамінуючай хрысьціянскай канфэсіяй. Расейская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасьць вернікаў у чатыры мільёны. Праваслаўная царква ў Беларусі налічвае паўтары тысячы прыходаў у 15 эпархіях, чатыры з якіх абʼяднаны ў Менскую мітраполію.