Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра сілавы пераварот, чым Геніюш замінае «ябацькам» і хто вінаваты ў вайне — Пуцін ці народ Расеі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці згодны вы, што Пуцін не галоўны вінаваты ў гэтай вайне? Народ Расеі, які дазволіў і падтрымаў гэты генацыд, — галоўны адказчык?

— Віна Пуціна ў тым, што ён нацкаваў расейцаў на ўкраінцаў. Мне прыгадваецца, як адна нямецкая прафэсарка вярнулася зь мітынгу, дзе выступаў Гітлер. Яна ўспамінала, што натоўп дзьве гадзіны горача падтрымліваў прамоўцу — аж да экстазу, але злавіла сябе на думцы, што ня можа згадаць нічога, пра што ён казаў. Правадыр наэлектрызаваў публіку, назваў яе вялікай нацыяй з выключнай місіяй — перамагчы іншых, «нявартых».

Калі б Пуцін і яго прапаганда арыентавалі свой народ на годны ўзровень жыцьця, культуры і ўзаемапавагі, зрабіць з такога народа агрэсара было б немагчыма.

— Апошнім часам правакатары спрабуюць зьнесьці помнік Ларысе Геніюш у Зэльве. Чым памяць пра паэтку і гераічную жанчыну так замінае «ябацькам»?

— Ларыса Геніюш была выдатнай беларускай паэткай, нязломнай беларускай жанчынай, дзяячкай БНР, якая праз гэта восем гадоў правяла ў ГУЛАГу. Але захавала і сваю беларускасьць, і сваю чалавечнасьць, і бясконцую любоў да сваёй краіны і народа.

«Адзінай мэты не зракуся,

і сэрца мне не задрыжыць:

як жыць — дык жыць для Беларусі,

а безь яе — зусім ня жыць».

Мне пашчасьціла ведаць Ларысу Геніюш асабіста і яе маральны аўтарытэт цяжка з кім-небудзь параўнаць. У ябацек, як вы бачыце, усё ў іх карціне сьвету роўна наадварот.

— Дзе цяпер знаходзіцца ўдава Андрэя Зельцара? Падзея адшумела, і ўсе забылі?

— Апошняе, што мы ведаем: 16 чэрвеня 2022 году суд прызначыў ёй прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары «да выздараўленьня». Усё астатняе — таямніца. Яшчэ адзін прыклад засакрэчваньня злачынстваў у доўгім шэрагу закрытых судоў і нічым не апраўданых прысудаў.

Закрытасьць спараджае домыслы, напрыклад, пра тое, што кагэбіста мог забіць ня Зельцар, а нехта з групы нападнікаў. Таксама закрытасьць сьведчыць пра тое, што выканаўцы рэпрэсій усьведамляюць, што іх дзеяньні цынічна парушаюць закон, таму і хаваюцца ад грамадзкасьці. Дарэчы, суд у справе Марыі Ўсьпенскай таксама быў закрыты.

— Калі сілавікам аб’явіць, што пасьля падзеньня рэжыму ў іх застануцца ўсе льготы і заробкі + яны будуць вольна выязныя, ці адвернуцца яны ад Лукашэнкі і ці стануць служыць народу?

— Лукашэнка — зусім ня тое, за што яны будуць трымацца да канца. І заявы пра нацыянальнае прымірэньне спрыялі б канцу тэрору і вызваленьню палітвязьняў. Іншая рэч, што такія абяцаньні ў тых, хто мог бы іх даць, выклікаюць шмат пярэчаньняў і ўрэшце зьнікаюць на тактычным узроўні. Але, на маю думку, такія ідэі ў прынцыпе павінны лунаць у паветры і ў грамадзтве ўвесь час. Як стратэгічная пэрспэктыва. Перагарнуць трэба не старонку, а рэжымны гвалт. Мір заўсёды лепшы, чым вайна.

— Ці можна сёньня расейскую мову разглядаць як лінію фронту, што падзяляе агрэсараў і тых, хто ад іх бароніцца?

— Беларуская і ўкраінская мовы выступаюць галоўным маркерам супраць вайны і дыктатуры, бо паказваюць, да якога сьвету вы сябе залічваеце і што выбіраеце — мір ці вайну. Для ўкраінцаў гэты водападзел прысьпешвае вайна, для беларусаў — тэрор.

Ні ЧВК, ні ГУБАЗіК па-беларуску ці па-ўкраінску ніколі не загавораць, а для народаў свая мова сёньня — адзіны спосаб захаваць сваю чалавечнасьць. Урэшце, пра «дэнацыфікацыю» Ўкраіны, то бок пра русіфікацыю як галоўную мэту вайны заяўляе сам агрэсар. У Беларусі тое самае адбываецца на практыцы, без заяваў.

— Прайшоў суд над Андрэем Дзьмітрыевым. 1,5 года калёніі. На фоне тэрмінаў за лайкі і камэнты тэрмін Дзьмітрыеву да сьмешнага маленькі, чаму?

— Перакананы, што «тэрміны» дае ня суд, а сам Лукашэнка. І зыходзіць ён з таго, наколькі небясьпечным ён адчувае чалавека асабіста для сябе. Адсюль і «тэрміны», і рэжым утрыманьня.

Турма для Лукашэнкі — ня зло, а частка ягонага «нармальнага» сьвету. Не аднойчы ён турму называў гатэлем. Гэта сур’ёзная дэвальвацыя агульных чалавечых уяўленьняў. Знаходжаньне невінаватага ў турме трэба разглядаць не як «да сьмешнага маленькі тэрмін», а як злачынства таго, хто гэты «тэрмін» даў.

— Ці вы падтрымліваеце сілавы пераварот?

— Галоўнае — абараніць незалежнасьць Беларусі. Бяз гэтага ніводная праблема нашага жыцьця ня зьнікне, а толькі вырасьце — гэта тычыцца гвалту, зьбядненьня, абесчалавечваньня. Тое, што мы маем сёньня — гэта і ёсьць сілавы пераварот — захоп дзяржаўнае ўлады праз тэрор і гвалт. І адбылося гэта яшчэ ў 1995 годзе — калі першы прэзыдэнт разграміў парлямэнт. З тых часоў Беларусь жыве ў стане сілавога перавароту.

Незалежнасьць трымаецца не на волі народа і законе, а на пэрсанальнай уладзе Лукашэнкі. Ясна, што адабраць у яго ўладу і незалежнасьць можна толькі сілай. Але гэта будзе не пераварот, а канец перавароту, вяртаньне ўсёй сыстэмы з галавы на ногі.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG