Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьпіс экстрэмістаў трапілі два былыя сьледчыя. Расказваем, хто гэта


Былыя сьледчыя Яўген Юшкевіч (зьлева) і Мікіта Старажэнка, каляж
Былыя сьледчыя Яўген Юшкевіч (зьлева) і Мікіта Старажэнка, каляж

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 7 красавіка ўнесла ў пералік «асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», яшчэ 54 чалавекі. Цяпер у ім агулам 2691 прозьвішча.

Сярод іншага, у «сьпіс экстрэмістаў» трапілі два былыя сьледчыя — Яўген Юшкевіч і Мікіта Старажэнка.

Яўген Юшкевіч

Яўген Юшкевіч родам з Магілёва, скончыў юрфак БДУ, два гады працаваў няштатным супрацоўнікам у сьледзтве менскай пракуратуры, потым яшчэ пяць — сьледчым і старшым сьледчым аддзелу расьсьледаваньня эканамічных злачынстваў упраўленьня СК у Менску. У 2017 годзе пакінуў пасаду.

Пасьля звальненьня перайшоў у ІТ-сфэру, стаў сузаснавальнікам плятформы bychange.me, якая дапамагала былым супрацоўнікам сілавых структур прайсьці перакваліфікацыю. Ён актыўна кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца, бо не жадалі выконваць загады, супярэчныя асабістым перакананьням. Таксама Юшкевіч публікаваў інсайды з МУС і Сьледчага камітэту.

Пасьля выбараў жніўня 2020 году Юшкевіч ня раз заяўляў, што заўважаў за сабой сачэньне з боку сілавікоў, у сваіх сацсетках былы сьледчы апісваў спробы правакацыяў.

Яўгена Юшкевіча затрымалі 24 лістапада 2020 году ў Менску, у кватэры прайшоў вобшук. У сьнежні 2022 году яго асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы па 6 артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • за актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342);
  • масавыя беспарадкі (ч. 1 арт. 293);
  • абраза Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368);
  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369);
  • распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130);
  • гвалт або пагроза яго ўжываньня ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364).

Працэс праходзіў у Менскім гарадзкім судзе і першапачаткова быў адкрыты, але амаль адразу судзьдзя Алена Ананіч яго закрыла.

Праваабаронцы прызналі Яўгена Юшкевіча палітвязьнем.

Мікіта Старажэнка

Мікіта Старажэнка — былы сьледчы, які звольніўся пасьля выбараў на знак пратэсту, яму 29 гадоў. 4 траўня 2021 году Старажэнку, як і іншых сілавікоў, якія звольніліся ў знак пратэсту, Лукашэнка пазбавіў званьня старшага лейтэнанта юстыцыі запасу. Пасьля звальненьня Мікіта працаваў юрыстам.

У красавіку 2021-га яго арыштоўвалі на 15 дзён за «несанкцыянаванае пікетаваньне». 1 лютага 2022 году яго зноў затрымалі ў Менску ў гандлёвым цэнтры і моцна пабілі. На відэа, апублікаваным у праўладным тэлеграм-канале, ён казаў, што перадаў кантакты двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКа і намесьніка начальніка СК па Менску аднаму з «пратэставых тэлеграм-каналаў».

У сьнежні 2022 году судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч прысудзіла яму 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым у «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 3 арт. 130 КК) і «незаконным зборы і распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцьці» (ч. 1 арт. 179 КК). Таксама яго абавязалі выплаціць 5 тысяч рублёў маральнай кампэнсацыі супрацоўнікам, дадзеныя якіх, паводле абвінавачваньня, ён «зьліў». Працэс праходзіў у Менскім гарадзкім судзе.

Таксама ў сьпіс экстрэмістаў, сярод іншых, трапілі палітзьняволеныя:

  • журналіст і ўласьнік «Кальяннай № 1» Іван Мураўёў, асуджаны на 2,5 года зьняволеньня за відэаздымкі для расьсьледаваньня журналіста Станіслава Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале «Белсат»,
  • лекарка Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі Вольга Барушка, асуджаная на 2 гады калёніі за «абразу судзьдзі і прадстаўніка ўлады»,
  • пэнсіянэрка Людміла Бажок, асуджаная на 2 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG