Шостага красавіка Лукашэнка сустрэнецца ў Маскве з Пуціным.
Што сёньня сабой уяўляе «саюзная дзяржава» і як Беларусі ў будучым зьменшыць сваю залежнасьць ад Расеі? На гэтыя пытаньні ў эфіры Свабоды Premium адказвае палітычны камэнтатар Дзьмітры Балкунец.
«У сьвеце ніхто пра гэтую структуру ня ведае, няма ніякіх дыпляматычных адносін з гэтай структурай, зь дзяржаўным апаратам „саюзнай дзяржавы“ ніхто не ўсталяваў адносін. Ніхто не прызнаў „саюзную дзяржаву“ як нейкую палітычную інстытуцыю. Калі ў Беларусі пра 2 красавіка нехта ведае, то ў Расеі ня тое што ў Маскве, нават у рэгіёнах ніхто пра яго ня ведае», — кажа Балкунец.
Паводле палітычнага камэнтатара, цяпер «саюзную дзяржаву» хочуць зрушыць зь месца, каб Пуцін мог ажыцьцявіць сваю ідэю — стварыць «Расейскую імпэрыю 2.0».
«Яны спачатку жадалі зацягнуць туды Ўкраіну, гэта было на пачатку 2000-х. Але нічога не атрымалася. Цяпер на фоне вайны яны спрабуюць праз „саюзную дзяржаву“ стварыць пазытыўны імідж для Пуціна. Думаю, яны паспрабуюць далучыць да гэтага саюзу яшчэ і Абхазію. Таму што Пуцін марыць пра ўтварэньне савецкай дзяржавы. А саюзная дзяржава — гэта яе прататып», — лічыць Дзьмітры Балкунец.