Аўтары дакумэнту нагадалі пра факты палітычнага крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да дзеячоў культуры, аўтараў і выканаўцаў: закрыты суд над Паўлам Белавусам, вырак дасьледчыцам Валерыі Касьцюговай і Тацяне Кузінай (10 гадоў пазбаўленьня волі), сям’і музыкаў гурту Litesound Каракіным (ад 2,5 да 3 гадоў) і іншыя.
Асобна зьвяртаецца ўвага на апэляцыйны пратэст, які пракурор Аляксандар Кароль падаў на вырак праваабаронцам цэнтру «Вясна», Менскі гарадзкі суд разгледзіць яго 21 красавіка.
Аўтары дасьледаваньня канстатавалі, што ў другой палове сакавіка працягваліся палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманьні і арышты дзеячоў культуры, аўтараў і выканаўцаў. Так, 29–31 сакавіка ў Полацку (Віцебская вобласьць) прайшлі ператрусы і затрыманьні (11 чалавек) супрацоўнікаў мясцовага гісторыка-культурнага музэю-запаведніка.
Апрача таго, у гэты пэрыяд фіксаваліся факты арыштаў і судоў за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сымболіку, працягваліся рэпрэсіі ў кніжнай сфэры.
Раней Беларускі ПЭН паведамляў, што ў 2022 годзе зафіксавана ня менш як 1 390 парушэньняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненьні да дзеячоў культуры. На канец мінулага году ў краіне налічвалася 108 палітзьняволеных дзеячоў культуры.