Чытаць «Імёны Свабоды» (PDF)
Гэта не дапаможнік у перайменаваньні беларускіх вуліцаў, плошчаў і гарадоў, хоць, безумоўна, гэтыя імёны заменяць на шыльдах прозьвішчы камуністычных вампіраў і імпэрскіх
пярэваратняў.
Гэта не храналягічны даведнік, хоць на «Свабодзе» ўпершыню разам паўсталі сотні постацяў з аўтарскага пантэону XVIII–XXI стагодзьдзяў (далёка ня ўсіх удалося зьмясьціць пад адной вокладкай). Гэта не манаграфія, хоць тут уводзіцца новая пэрыядызацыя нацыянальна-вызвольнага руху, распрацаваныя крытэры, зробленая клясыфікацыя.
Гэта не дакумэнтальна-архіўнае дасьледаваньне, хоць даты, месцы і падзеі вывераныя, а многія факты знойдзеныя й апублікаваныя ўпершыню.
Гэта не мастацкая проза і не гістарычная эсэістыка, хоць кожны разьдзел чытаецца як маланка і ўражвае як раман.
Гэта ня кніга мёртвых, хоць яе складаюць лёсы людзей, якіх ужо няма сярод жывых.
Гэта аўтарская энцыкляпэдыя любові да радзімы, волі й незалежнасьці.
Гэта вянок нашай свабоды.
Аляксандар Лукашук, бібліятэкар Свабоды