Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Ці была ў 2020 магчымасьць перамен, навошта Кітаю падтрымліваць Лукашэнку і як заставацца шчасьлівым, калі побач вайна


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— У 2020 годзе мы хадзілі, але нічога ня выхадзілі. У душы пачуцьцё, што мы не даціснулі і скралі будучыню нашых дзяцей. Ці была ў 2020 магчымасьць перамен?

— Перамены і адбыліся, але ў беларусах, а не ў рэжыме. Нацыя ўбачыла сябе і паверыла ў сябе, уключылася ў палітыку і зразумела, што яна мусіць быць суб’ектам свайго лёсу. Словы з Канстытуцыі пра народ як крыніцу ўлады з дэкаратыўных ператварыліся ў адчувальныя на практыцы.

Калі б усяго гэтага не адбылося, мы проста працягвалі б свой шлях зьнікненьня як нацыі бяз шанцаў узьбіцца на суб’ектнасьць, а паняткі свабоды, дабра, праўды канчаткова страцілі б для нас свой сэнс — так, як гэта і адбывалася да 2020 году.

— Адкуль раптам узяліся гэтыя маладзёвыя «субкультуры», гатовыя да масавых боек?

— Гэта вынік рэсаветызацыі апошніх трох гадоў і прапаганды гвалту ў дзяржаўных СМІ. Так было ў 1970-я, калі бойкі раён на раён, вёска на вёску былі звыклай зьявай. У 2018-м рэжым адмовіўся прыняць закон пра супрацьдзеяньне хатняму гвалту, а пасьля ліквідаваў і ўсе адпаведныя грамадзкія арганізацыі.

Зьявілася пакаленьне дзяцей, якіх вучаць быць дужымі, але ня вучаць быць добрымі. У ябацек няма каштоўнаснага падзелу на дабро і зло. Калі яшчэ тры гады таму падлеткі тусілі на музычных фэстах, займаліся турыстыкай ці рыцарствам, дык сёньня нічога гэтага няма. Ёсьць культ гвалту і «праца» для шматкроць перавышаных штатаў міліцыі.

— Прапагандысты РФ і РБ шчыра паліваюць брудам прэзыдэнтаў Польшчы, Літвы, ЗША і іншых. Гэта ж абраза асобы. У РБ за такое жорстка караюць. Чаму іншыя краіны маўчаць?

— Прапаганда разьлічаная выключна на ўнутранага спажыўца. Калі гаварыць пра РБ, дык тут значэньне гэтых абразаў двойчы нулявое, бо прапагандысты прыслугоўваюць нелегітымнаму рэжыму, які нікога, апроч самога сябе, не прадстаўляе. Фігуральна кажучы, рэагаваць на такія абразы — тое самае, што крыўдаваць на выпады падпітага грамадзяніна Цюцюкевіча дзесьці ў Бешанковічах на кірмашы. Палітычная і маральная вага гэтых выпадаў тая самая.

— Навошта Кітаю падтрымліваць Лукашэнку?

— Апроч прагматычных прычынаў (Беларусь як фарпост на мяжы Эўразьвязу), ёсьць і сьветапогляднае адзінства. Абодва рэжымы выглядаюць у сучасным сьвеце архаічнымі што да правоў чалавека, свабоды слова ды іншых дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Самі яны называюць такую палітыку «асаблівым шляхам». І тое, што яны, такія нібыта розныя, малююць тую самую карціну сьвету, — для іх быццам самаапраўданьне ў вачох найперш іхных народаў. Народ думае: а што, вось і Кітай (і беларусы ў цэнтры Эўропы) ідуць такім самым шляхам. Думае і забывае пра тое, што гэтую ўладу ён сабе не выбіраў.

— За спробу падпаліць дом чыноўніка судзяць 18 чалавек. Маўляў, кінулі тры бутэлькі з запальнай сумесьсю, але дом не падпалілі. Чаму?

— Выглядае, што кожную бутэльку кідалі ўшасьцярых, таму ніводная і не даляцела... Зрэшты, калі нічога не адбылося, людзей маглі набраць для саліднасьці «тэракту», каб такім чынам надаць важнасьці чыноўніку. З усіх матываў гэты падаецца найбольш рэалістычным.

Паколькі нікога не ўзялі «на гарачым», а пасьля набіралі ў адвольным парадку, нельга не дапусьціць думку, што чыноўнік сам інсьпіраваў ці нават проста заявіў пра тое, чаго не было і за што яму самому нічога ня будзе.

— Як жыць у любові і заставацца шчасьлівым, калі побач бяда, вайна?

— Бывае, чалавек пачуваецца шчасьлівым у прыдуманай рэальнасьці. Васіль Быкаў назваў такі стан ружовым туманам маны. Савецкiя партызаны падрабiлi нямецкiя прадуктовыя карткi i зь імі выправiлi глуханямога селянiна ў краму. Маўляў, нам набярэш i сабе таксама. Селянiн, нiчога не падазраючы, шчасьлiвы, прынес з крамы прадуктаў. I пасьля да глыбокае старасьцi захаваў бязьмежную ўдзячнасьць тым партызанам, так i ня ўведаўшы, што хадзiў з падробкай, што на iм выпрабоўвалi тыя карткi.

Дык вось, сёньня мы ўсе апынуліся ў рэальнай рэальнасьці, калі дабро аддзялілася ад зла. І наша любоў і наша шчасьце — не ружовы туман, яны праўдзівыя.

— У Беларусі 0,09% апраўдальных прысудаў. Як такое можа быць? У нас супэргеніяльныя сьледчыя, пракуроры, судзьдзі? Ва ўсім сьвеце працэнт значна большы.

— У нас працэс адбываецца не ў судзе, а ў квазісавецкай сыстэме зь яе прэзумпцыяй вінаватасьці (патэнцыйна вінаватыя ўсе), дзе апраўданьне азначае бязьдзейнасьць сьледчага, пракурора, судзьдзі («сыстэма не працуе»). У дэмакратычных краінах, дзе суд незалежны, усё наадварот, нормай лічыцца 20-30% апраўдальных прысудаў. У Беларусі, як правіла, абвінавачаньне выстаўляецца па некалькіх артыкулах. Калі па нейкім зь іх выносіцца апраўданьне, з гэтага складаецца статыстыка, якая ніколі не перавышае 0,1-0,2%. Падсуднага пры гэтым усё адно адпраўляюць у турму.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG