Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра інцыдэнт у Мачулішчах, стратэгію дэмакратычных сіл і паглынаньне Беларусі Расеяй


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці пойдуць беларусы ваяваць з Украінай за грошы?

— На мой погляд, не. Вядома, ёсьць асаблівыя людзі — найміты, «салдаты фартуны», пазбаўленыя беларускай сьвядомасьці, але і яны ідуць ваяваць хоць куды ня столькі дзеля грошай, колькі дзеля адмысловага адрэналінавага куражу. Ёсьць у нас і такія, якія пойдуць за ідэю «дэўкраінізацыі ўкраінцаў», але няма падставаў называць іх беларусамі.

Максім Гарэцкі апісаў такі тыпаж у апавяданьні «Рускі». У адсоткавых адносінах і першых і другіх абсалютны мізэр. Думаю, калі беларус і робіць свой выбар ваяваць «за грошы», дык на баку Ўкраіны, а ня супраць яе.

— Як цяпер беларусам ставіцца да Янкі Купалы, які прыдумаў «Жыве Беларусь!», да Максіма Багдановіча зь яго «Пагоняй», да бел-чырвона-белага сьцяга, пад якім Лукашэнка прымаў прысягу? За ўсё гэта цяпер садзяць у турму?

— А хіба нешта зьмянілася ў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча ці ў сымболіцы? Нічога. Дык чаму вы павінны мяняць свае адносіны да іх? Тое, што садзяць у турму, характарызуе рэжым, а ня сымбалі. І тут ужо вам выбіраць, як ставіцца да таго ж Лукашэнкі, які за сьцяг, пад якім прымаў прысягу, цяпер перасьледуе ўсіх і ўсё. Калі адзін, каб дагадзіць Крамлю, здраджвае сваёй прысязе, гэта ня значыць, што тое самае павінны рабіць і ўсе астатнія.

—Калі раптам Лукашэнка пойдзе насустрач народу: вызваліць палітвязьняў, адвернецца ад «дружбы» з Пуціным, ці апазыцыя яго прыме і разам зь ім прынясе ў краіну стабільнасьць?

— Па-мойму, вялікая памылка трактаваць яго як палітыка ці гаспадарніка ці за таго, хто можа нешта канструктыўнае рабіць разам зь іншымі. Яго ўлада трымаецца на стабільнасьці гвалту і на дэстабілізацыі ўсіх астатніх, найперш апазыцыі. Ніякай іншай пэрспэктывы ён ня бачыць, ня хоча, а галоўнае — ня здольны ўбачыць. Таму толькі так: стабільнасьць для сябе і дэстабілізацыя народа і краіны.

— Старшыня КГБ шукае ў Беларусі амэрыканскіх шпіёнаў, а ягоная нявестка зьбіраецца ў Маямі (ЗША) адпачываць. Як такое магчыма?

— Бо сёньня існуюць дзьве рэальнасьці: нармальная і «наша», перакручаная, якую пабудаваў у РБ цяперашні рэжым. Яго прадстаўнікі разумеюць, які сьвет нармальны, а які не. Пры гэтым сябе яны бачаць з таго, нармальнага боку калючага дроту, пакідаючы ўсяму астатняму народу долю вязьняў свайго канцлягеру.

— Калі інцыдэнт у Мачулішчах фэйк, дык чаму ў краіне ідуць масавыя праверкі людзей, тэлефонаў, машын? І дзе рэжым узяў столькі правяральшчыкаў?

— Прымітыўная сыстэма складаецца з прымітыўных выканаўцаў, якія ня здольныя адэкватна рэагаваць на філігранныя выклікі. Адзіная тактыка ў іх — дубіна.

Выйшлі людзі на мірны пратэст — усіх пасадзіць (нават калі іх мільён); зьявілася «непанятная» кніга — забараніць; Бяляцкаму далі Нобэля — засудзіць, замучыць, забіць.

Атака ў Мачулішчах — складаны для сыстэмы, але пры тым балючы ўкус. А рэакцыя тая самая — дубіна. Што да правяральшчыкаў, дык а чым займаюцца ў Беларусі расейскія вайскоўцы? Яны ж і самі кажуць, што знаходзяцца тут для «усмирения вас».

— Ці мае рацыю Марэк Будзіш наконт таго, што існая стратэгія дэмакратычных сілаў можа прывесьці да прыяднаньня нас да Расейскае фэдэрацыі?

— Стратэгія дэмакратычных сілаў, відаць, толькі фармуецца. А Марэк Будзіш мае рацыю, калі кажа, што перадусім мусіць быць Беларусь, як суб‘ект палітыкі, тады дэмакратычная будучыня Беларусі непазьбежная. Свабода заўсёды пачынаецца з таго, каму яна патрэбная. «Тоже русские» ці «тоже белорусы» — гэта не адказ на пытаньне «хто?», іх не відаць, іх не адрозьніш, яны не нясуць у сабе самабытнасьці і суб’ектнасьці. Таму ставіць перадусім дэмакратыю — мэта абстрактная, а таму недасягальная, пагатоў калі ты дзейнічаеш па-за межамі краіны.

— Агучылі, што да 2030 году нас паглыне Расея. А хіба гэта яшчэ не адбылося?

— Мне бачыцца, што Расея можа паглынуць хіба што Лукашэнку, калі ён канчаткова страціць сувязь зь Беларусьсю, яе народам і самабытнасьцю краіны — тое, з чым ён змагаецца на карысьць «русского мира», але што адначасова надае яму ў вачох Расеі хоць нейкай легітымнасьці і асобнасьці ад РФ. Магчыма, у Крамлі мяркуюць, што гэта і адбудзецца да 2030 году.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG