Такую выснову зрабіла Міністэрства энэргетыкі ЗША, піша амэрыканскае выданьне The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сакрэтным дакладам амэрыканскай выведкі.
Газэта нагадвае, што вэрсію лябараторнага паходжаньня каранавіруса раней падтрымлівала толькі Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў (ФБР). Іншыя ўстановы ЗША не падзялялі такіх падазрэньняў. Цяпер Міністэрства энэргетыкі таксама прыйшла да гэтай высновы.
У той жа час амэрыканская выведка схільная да вэрсіі, што вірус пачаў распаўсюджвацца ад заражанай жывёліны. У справаздачы 2021 году, у прыватнасьці, гаворыцца, што Кітай не распрацоўваў вірус як біялягічную зброю.
Паходжаньне віруса таксама дасьледавала Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ). У сярэдзіне лютага другая фаза дасьледаваньня была прыпыненая праз праблемы з зборам зьвестак у Кітаі.
- Першы выпадак Covid-19 выяўлены ў кітайскім горадзе Ўхані ў канцы 2019 году, пасьля чаго ён распаўсюдзіўся на іншыя краіны.
- З пачатку пандэміі Covid-19 захварэлі амаль 700 мільёнаў чалавек. Колькасць загінулых набліжаецца да сямі мільёнаў.