Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набыў моц пасьля апублікаваньня.
«Пункты 1 і 7 дадатку да Пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2012 г. № 75 „Аб вызначэньні пераліку захворваньняў, якія нясуць небясьпеку для здароўя насельніцтва“ выключыць», — гаворыцца ў дакумэнце.
Пад пунктам 1 у пераліку значацца пранцы і ганарэя, а пад пунктам 7 — інфэкцыя, выкліканая каранавірусам COVID-19.
Міністэрства здароўя пракамэнтавала выключэньне COVID-19 са сьпісу захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва. Адпаведная пастанова ведамства была апублікавана 17 лютага. Як паведамілі ў прэс-службе міністэрства, рашэньне прынятае ў сувязі са зьмяненьнем эпідэміялягічнай сытуацыі.
«У сувязі са станоўчай тэндэнцыяй у зьмяненьні эпідэміялягічнай сытуацыі і лячэньні, з удасканаленьнем санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў з Пераліку выключаны такія інфэкцыі, як — пранцы, ганарэя і COVID-19», — растлумачылі ў Міністэрстве здароўя.
COVID-19 быў дададзены ў гэты пералік у пачатку 2020 году. Наяўнасьць захворваньня ў гэтым пераліку дазваляе праводзіць прымусовы абавязковы мэдыцынскі агляд у выпадку адмовы чалавека ад яго, калі ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што ў асобы ёсьць такое захворваньне. Таксама дапускаецца прымусовая шпіталізацыя і лячэньне пры наяўнасьці ў чалавека захворваньня з пераліку.
Міністэрства здароўя паведамляла, што поўны курс вакцынацыі ад COVID-19 прайшлі 71,1% насельніцтва Беларусі, а першую бустэрную дозу атрымалі 87,5% з тых, хто прайшоў вакцынацыю.
Такім чынам, у пераліку захворваньняў, небясьпечных для здароўя насельніцтва, застаюцца:
- актыўныя сухоты органаў дыханьня
- чума
- халера
- сібірская язва
- гемарагічныя ліхаманкі Ласа, Марбург, Эбола.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ