Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Ці Лукашэнка трымаецца пры ўладзе дзякуючы русыфікацыі, куды лепш эміграваць і ці ёсьць нейкая карысьць у вайне


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму беларускія СМІ праігнаравалі сёлетні Стральцоўскі фэст паэзіі ў Вільні?

— Няма падставаў лічыць, што гэта наўмысная няўвага. Магчыма, журналісты падумалі пра падабенства імпрэзы на папярэднія — маўляў, тыя самыя ўдзельнікі чытаюць тыя самыя творы. Інтрыгі не адчулі, «разынкі» не разгледзелі. Нейкая «даданая вартасьць» павінна быць кожны раз новая. Асабліва ў рэкляме. Нагодаў для пазытыўнага зьдзіўленьня цяпер няшмат, тым больш яны дарагія.

Зь іншага боку, у СМІ ёсьць свае інструмэнты, каб падвысіць вагу падзеі, а таксама місія папулярызацыі беларушчыны і яе выдатных стваральнікаў — паэтаў.

— Ці вы сапраўды лічыце, што Лукашэнка трымаецца пры ўладзе, дзякуючы русыфікацыі?

— На першы погляд, парадокс, але... Беларуская мова — гэта ўсё, што Лукашэнка можа «прадаваць» Расеі па кавалачку за сваё ўтрыманьне ва ўладзе. Ён літаральна пілуе сук, на якім сядзіць. Бо нішто, апроч беларушчыны, не апраўдвае ягонага прэзыдэнцтва. А Масква патрабуе па кавалачку беларушчыну выкараняць, замяняць «русским миром». І за гэта плаціць, бо нічога іншага ў Лукашэнкі няма.

Калі б ён не праводзіў русіфыкацыі, ён і для Крамля ператварыўся б у нуль. Калі б запярэчыў Маскве, паўтарыў бы лёс Украіны. Толькі ніхто б у сьвеце яго не падтрымаў.

—Шмат інфармацыі пра тое, як па-хамску паводзяць сябе расейскія вайскоўцы на нашай тэрыторыі. Чаму нашы афіцэры цярпяць такое стаўленьне да іх?

— Перад усім гэта розьніца мэнталітэтаў. Немагчыма ўявіць, каб у адваротнай сытуацыі беларусы так абыходзіліся з расейцамі дзесьці ў Расеі.

Па-другое, даць адпор расейскаму хамству небясьпечна для беларуса — заграбуць у турму.

Па-трэцяе, яшчэ сустракаецца ў нас і рабалепства перад Масквой. Але ня думаю, што страцілі актуальнасьць радкі Якуба Коласа: «Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: „Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!“».

— Як вы адрозьніваеце «годны разумны эгаізм» і «нягодны эгацэнтрызм»?

— Адрозьненьне ў тым, ці дапускаеце вы наяўнасьць іншае думкі, ці здольныя «прымераць» яе на сябе. Эгацэнтрык не дапускае і паставіць сябе на месца іншага ня здольны. Разумны эгаізм — у прыродзе чалавека, ён любіць сябе і любіць іншых.

«Не рабі іншаму таго, чаго не хацеў бы, каб рабілі табе». Эгацэнтрызм — гэта калі ты прыносіш шкоду іншым, пры тым ня здольны зразумець гэтага. Бо ёсьць толькі твая «карціна сьвету», у цэнтры якой ты сам.

Яскравы прыклад эгацэнтрыка — першы прэзыдэнт РБ, які тэрарызуе найлепшых людзей Беларусі, шчыра бачачы ў іх экстрэмістаў, дармаедаў і здраднікаў (яму, натуральна).

— А Захад і праўда загнівае? Што з цэнамі і таварамі?

— З цэнамі і таварамі больш-менш як у нас, з заробкамі значна лепей. Але галоўнае — лепей з магчымасьцямі.

Загніваць ці не — кожны вырашае сам, то бок, гэта не рашэньне ці воля ўлады і не аб’ектыўныя абставіны. Калі ня хочаш загніваць, але ня ведаеш, як гэта зрабіць, табе дапамогуць. Проста трэба, напрыклад, напісаць не заяву, а просьбу.

На Захадзе ажыцьцёўлены прынцып Кастуся Каліноўскага «не народ для ўраду, а ўрад для народу», бо народ (бяз жартаў) сам гэты ўрад і выбірае. Там рэальна працуюць вяршэнства закона і правы чалавека, у тым ліку прэзумпцыя невінаватасьці, пра якую ў Беларусі забылі 28 гадоў назад.

— Куды лепш эміграваць, у Вільню ці ў Варшаву?

— Гадоў 20 таму я склаў анталёгію беларускай паэзіі пра Вільню. Больш за 100 вершаў і паэм найлепшых творцаў. Такой колькаснай і якаснай анталёгіі ў нас ня можа быць ні пра які іншы горад.

Дзіва што, Менск для беларусаў сталіца крыху больш за 100 гадоў, а перад тым Вільня — 500. Столькі часу нашы продкі лічылі Вільню сваім галоўным горадам, будавалі яе, любілі і апявалі.

Зь нефармальнага пункту гледжаньня пераезд у Вільню эміграцыяй і не назавеш. Чытайце вершы — ад Коласа і Багдановіча да Танка і Караткевіча — і вы зразумееце, што прыехалі ў сталіцу сваёй культуры. Варшава цудоўная, але туды, сапраўды, даводзіцца эміграваць.

— Ці ёсьць хоць нейкая карысьць у вайне?

— Разумная карысьць здабываецца заўсёды законным шляхам. Але агрэсар ігнаруе законы і тое, якія страты ён прычыняе сваёй ахвяры. Тое, што Расея напала на Ўкраіну і такім чынам самасьцьвярджаецца — гэта недапушчальная з гледзішча міжнароднага права карысьць за кошт іншага, гэта злачынства.

Баронячы сябе, Украіна таксама самасьцьвярджаецца — як краіна і нацыя, што адстойвае сваю свабоду і дэмакратычны лад. Гэта разумная карысьць, якую падтрымлівае ўвесь цывілізаваны сьвет.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG