2 гады агульнага рэжыму за акцыі пратэсту 2020 году
Суд Савецкага раёну Менску 10 лютага вынес прысуд 50-гадоваму палітзьняволенаму Аляксею Кірэеву, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Воўк, піша «Вясна».
На той час актывіста «Народнай Грамады» Аляксея Кірэева затрымалі 28 кастрычніка 2022 году і пасьля 10 сутак у ізалятары перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў крымінальнай справе за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Вядома, што Аляксей удзельнічаў у акцыях пратэсту, адна зь іх адбывалася 27 верасьня, Кірэева ад пачатку выбарчай кампаніі затрымлівалі каля дзесяці разоў, тройчы ён быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі на тэрміны ад 5 да 15 сутак.
Суд прызнаў Кірэева вінаватым і прысудзіў мужчыну пазбаўленьне волі тэрмінам на 2 гады ва ўмовах агульнага рэжыму.
Адрас для лістоў і паштовак: СІЗА-1. 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Аляксей Аляксеевіч Кірэеў.
Анархіста Рубашку на месяц зьмясьцілі ў ПКТ
Анархіста Яўгена Рубашку, асуджанага да 5 гадоў пазбаўленьня волі, адміністрацыя папраўчай калёніі № 2 зьмясьціла ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) на месяц. Як паведамляе belarus_abc, перад гэтым яго тройчы зьмяшчалі ў ШЫЗА агулам на 24 дні па надуманых прычынах.
22 красавіка 2022 году суд прызнаў чатырох анархістаў вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК і прызначыў Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па 5 гадоў калёніі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 гады калёніі.