— Шпіц на стале. Чаму АГЛ ужо каторы раз так не паважае сваіх гасьцей?
— Давайце ад адваротнага. Ці ёсьць прыклады, каб ён каго-небудзь паважаў? Не лісьлівіў, як перад Клінтанам ці Мэркель, а менавіта паважаў?
Па-другое, прыбярыце шпіца са стала. Што напішуць пра падзею журналісты? Што ньюсмэйкер «пудрыць мазгі» — даўно нецікава. Сама падзея бяз сэнсу, як той збор кавуноў. Аналітыкі скажуць, што ўся палітыка дыктатара зводзіцца да ўтрыманьня ўлады. Ну навошта так проста ў лоб? Вярніце шпіца на стол.
Па-трэцяе, шпіц на стале арганічна ўпісваецца ў шэраг «дзівацтваў», якія выкрываюць натуру дзікаватую і помсьлівую: пазашлюбны сын, «народзец» пра нацыю, масавы тэрор, «не да законаў»...
— Што прынясе сьвету падзел Расеі на асобныя краіны? Бураты забылі сваю рэлігію, сваю мову. Многія аўтаномныя рэспублікі даўно паглынула Расея.
— Сьвету такі падзел прынясе большую бясьпеку і чалавечую ды культурную разнастайнасьць. Бураты «забылі», але гэта зусім ня вынік жаданьня саміх буратаў, а вынік даўгатэрміновай палітыкі Крамля — русыфікацыі. Цалкам тая ж сытуацыя і зь беларусамі, якія таксама нібыта «забылі». Зьменіцца палітыка, стануць бураты самастойнай дзяржавай, усё вельмі хутна адродзіцца. Згадайце Ізраіль. Ніякі народ добраахвотна сваю мову і рэлігію не забывае.
— Лукашэнка ў Зымбабвэ дамовіўся пра прызнаньне дыплёмаў. Цяпер нашы спэцыялісты будуць зьяжджаць у Афрыку?
— Збліжэньне краінаў заўсёды лепшае, чым адчужэньне. Большыя магчымасьці для людзей лепш, чым меншыя. Іншая рэч, што падобнае пагадненьне з Украінай сёлета ўвесну... анулявалі. Навіна пра Зымбабвэ ў гэтым кантэксьце выглядае як кпіна са спэцыялістаў, што сядзяць у турмах або вымушаныя эміграваць.
Беларусь раз за разам адразаюць ад Эўропы, ад таго ж Балёнскага працэсу, усе суседнія краіны, апроч РФ, тэлевізар называе «недружалюбнымі», а «дружалюбныя» знаходзяць недзе ў амаль абстрактнай далечы. З такім самым эфэктам Лукашэнка можа паляцець на Марс і падпісаць там пагадненьне з марсіянамі.
— Ці друкуюць цяпер кнігі на беларускай мове?
— Пасьля разгрому ў Беларусі недзяржаўных выдавецтваў і кнігарняў, беларускіх кніг стала менш, але яны зьяўляюцца.
Рэжым Лукашэнкі даўно культывуе думку пра «сьмерць папяровай кнігі». Сёньня акцэнт робіцца на «сьмерці» менавіта беларускай папяровай кнігі, на згортваньні літпрацэсу і ліквідацыі пачаткаў кніжнага рынку.
Сёньня выданьне беларускіх кніг — вызначальных для культуры і нацыі — адбываецца за мяжой. Кнігі можна набыць праз інтэрнэт-кнігарні і пошту, на прэзэнтацыях і кніжных кірмашах. Але будзьце асьцярожныя: многія з такіх кніг рэжым кляйміць як «экстрэмісцкія».
Уся «Бібліятэка Свабоды» дасяжная онлайн бясплатна.
— Мне здаецца, што ўсе адукаваныя грамадзяне, якія любяць Беларусь, зьехалі. Што чакае нашу краіну?
— Вы не ўлічылі тых, хто сядзіць у турмах, хто ня можа ці ня хоча зьяжджаць. З таго мільёну пасіянарыяў, што выходзіў на вуліцы па ўсёй Беларусі ў 2020-м, і яшчэ мільёну такіх самых, хто з розных прычын ня мог выйсьці, атрымліваецца мінімум два мільёны.
Плюс два-тры мільёны, якія прастадушна жывуць «па-за палітыкай», але прачынаюцца звычайна на правільным баку. У суме 4-5 мільёнаў. А колькі зьехала? Максымум 300 тысяч.
Нават такія падлікі «наўскідку» паказваюць, што вам сапраўды толькі здаецца. Краіну нашу чакае ў кожным разе дэмакратычная будучыня і вяртаньне тых, хто вымушаны быў зьехаць.
— А ці бываюць беларусы імпэрцы?
— Сустракаюцца пашпартныя беларусы, якія ў сьвядомасьці «тоже русские со знаком качества» і якія кажуць, што ў сьвеце ёсьць толькі «два великих языка — русский и английский».
Як правіла, яны адмаўляюць усё самабытнае беларускае. Гімн іхнага сэрца — «Широка страна моя родная», у якім яны ўзносяць сябе над усімі астатнімі: «И никто на свете не умеет лучше нас смеяться и любить».
Як правіла, яны моцна несучасныя і больш падобныя да людзей 1950-х гадоў. Здавалася б, іхная эпоха даўно мінула. Тым ня менш, менавіта іхнае імпэрства навязваецца сёньня беларусам пад выглядам «дзяржаўнай ідэалёгіі».
— Чаму апошнім часам так старанна зьнішчаюць беларускую мову?
— На прыкладзе Ўкраіны відаць, што чым большая самабытнасьць народа, тым больш жорсткая русіфікацыя з боку Крамля — аж да вайсковага ўварваньня і абвяшчэньня выбранай улады «нацыстамі», якіх трэба зьнішчыць.
Лукашэнка самаабвешчаны, гэта значыць, слабы прэзыдэнт, ён ня мае ўсенароднай падтрымкі Зяленскага, і ўдзельнічае ў русіфікацыі дзеля таго, каб пазьбегнуць лёсу Ўкраіны і захаваць пры тым асабістую ўладу. Верагодна, ён лічыць, што на ягоны век беларускай адметнасьці і незалежнасьці хопіць. А там хоць трава не расьці.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓ Задайце вашае пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus_bot; Signal: +380502605369