Падчас судовых паседжаньняў праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што на прафіляктычных уліках у СІЗА Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч не стаяць.
Старшыня «Вясны», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі мае адно спагнаньне ў выглядзе вымовы. За што яго пакаралі, невядома.
- У судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага і ягоных калег-праваабаронцаў Уладзімера Лабковіча і Валянціна Стэфановіча. Таксама завочна судзяць вясноўца Дзьмітрыя Салаўёва.
- Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч знаходзяцца за кратамі з 14 ліпеня 2021 году. Гэта 553 дні.
- У крымінальнай справе 283 тамы. Гэта рэкордныя лічбы для палітычных спраў у Беларусі.
- На азнаямленьне з крымінальнай справай абвінавачаным далі месяц. Алесь Бяляцкі заявіў, што не пасьпеў азнаёміцца з 70 тамамі справы. Але суд палічыў, што месяца было дастаткова на гэта.
- У справе праходзяць каля 100 сьведак.
- У межах крымінальнай справы вясноўцаў было праведзена 120 ператрусаў.
- За адно паседжаньне ў судзе заслухалі 27 тамоў крымінальнай справы.
- Мытнікі заявілі, што нібыта з 2011 па 2021 год «у інтарэсах „Вясны“ ў Беларусь было ўвезена 2 мільёны даляраў. Крымінальная адказнасьць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкляраваньня была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты пэрыяд. «Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачаньне будзе пацьвярджаць іх», — пісала «Вясна».
- Праваабаронцам пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.