Праваабарончы цэнтар «Вясна» са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамляе пра пашырэньне сьпісу экстрэмісцкіх фармаваньняў.
Групы грамадзян, аб’яднаныя пад назвамі «Кардынацыйная рада»; «Каманда Сьвятланы Ціханоўскай», якая складаецца з «Офісу Сьвятланы Ціханоўскай» і «Прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай»; «Аналітыкі Сьвятланы Ціханоўскай» (у тым ліку члены закрытага Telegram-рэсурсу «Analityki ST»), прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваньнямі.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, гэтае рашэньне вынесенае за «публічныя заклікі да санкцый, арганізацыю дзейнасьці па падрыхтоўцы да зьдзяйсьненьня замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь».
Раней, 20 студзеня, МУС абнавіла «пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
У сьпіс дадалі дырэктара — галоўнага рэдактара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыну Леўшыну, экс-дырэктара БелаПАН Зьмітра Наважылава, былога намесьніка дырэктара Андрэя Аляксандрава і яго жонку Ірыну Злобіну, а таксама яшчэ 34 чалавекі.
Паводле стану на 20 студзеня ў сьпісе было 2350 фізычных асоб.