Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпер немэтазгодна. Армэнія адмовілася ад правядзеньня вучэньняў АДКБ на сваёй тэрыторыі


Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на прэс-канфэрэнцыі 10 студзеня 2023 году, Ерэван
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян на прэс-канфэрэнцыі 10 студзеня 2023 году, Ерэван

Міністар абароны Рэспублікі Армэнія ўжо пісьмова праінфармаваў аб гэтым Аб’яднаны штаб АДКБ.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што краіна адмовілася ад правядзеньня сёлета на сваёй тэрыторыі вучэньняў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

«Міністар абароны Рэспублікі Армэнія ўжо пісьмова праінфармаваў Аб’яднаны штаб АДКБ аб тым, што ў гэтай сытуацыі мы ня лічым мэтазгодным правядзеньне такіх вучэньняў на тэрыторыі Рэспублікі Армэнія. І гэтыя вайсковыя вучэньні ў Армэніі не адбудуцца, прынамсі сёлета», — заявіў Нікол Пашыньян на прэсавай канфэрэнцыі ў Ерэване. Яго цытуе інфармацыйнае агенцтва Армэнпрэс.

Гэтае рашэньне Армэніі, імаверна, зьвязана з сытуацыяй у Нагорным Карабаху, якая абвастрылася летась увосень. Тады Армэнія і Азэрбайджан абмяняліся ўзаемнымі абвінавачаньнямі і заявілі пра страты сярод вайскоўцаў. Расея ўвяла сваіх міратворцаў.

Раней Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што сумесныя вучэньні міратворчых войскаў АДКБ «Нязломнае братэрства – 2023» пройдуць на тэрыторыі Армэніі.

Канфлікт у Карабаху

  • Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
  • Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
  • «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
  • Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
  • Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.
  • Нягледзячы на мірнае пагадненьне 2020 году, паміж войскамі дзьвюх краін пэрыядычна ўзьнікаюць перастрэлкі, якія прыводзяць да ўзяцьця ў палон, раненьняў і гібелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG