Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бог выбраў слабое, каб пасароміць моцнае». На што зьвярнуў увагу ў калядным віншаваньні мітрапаліт Веньямін


Аляксандар Лукашэнка і мітрапаліт Веньямін
Аляксандар Лукашэнка і мітрапаліт Веньямін

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін зьвярнуўся да вернікаў і духоўных асобаў Беларускай праваслаўнай царквы (Маскоўскі патрыярхат) з нагоды Калядаў.

Герарх нагадаў пра, што Эвангельле заклікае «ствараць Царства Нябеснае ў сваёй душы, захоўваць мір і любоў паміж людзьмі».

«Часам нам здаецца, што ад нас мала што залежыць, што ўсё ў нашай гісторыі вырашаецца «моцнымі гэтага сьвету». Але Госпад нарадзіўся ня ў царскіх харомах, а ў простай пячоры, быў пакладзены ў ясьлі для жывёлы і тым самым паказаў, што «слабое сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае», — сказаў Веньямін.

Мітрапаліт дадаў, што аснова сапраўднага жыцьця чалавека ня толькі ў клопаце аб надзённым хлебе, дабрабыце і грамадзкім спакоі.

«Колькі б людзі ні спрабавалі вырашыць грамадзкія супярэчнасьці і пабудаваць гарманічнае грамадзтва, намаганьні не прынясуць добрых пладоў, пакуль ня будзе міру ў чалавечай душы». — лічыць галава БПЦ.

Гэты мір, на яго думку, можна здабыць барацьбой з грахом і няпраўдай у сваім сэрцы, добрымі справамі і міласэрнасьцю да бліжніх.

«Менавіта ў гэтым крыніца добрых зьмен ва ўсіх абласьцях чалавечага быцьця», — напісаў у сваім звароце Веньямін. Напрыканцы ён пажадаў, каб мір і згода «былі ў кожным доме, сям’і, ва ўсёй нашай Айчыне і за яе межамі».

Што Веньямін гаварыў пра вайну ва Ўкраіне

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін рабіў ужо дзьве заявы адносна сытуацыі ва Ўкраіне. Першая была зробленая 25 лютага, на другі дзень уварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну. Праўда, на сайце Экзархату заяву апублікавалі толькі 3 сакавіка. Яна даволі нэўтральная.

«Канфлікт на ўкраінскай зямлі пачаўся ня ўчора, але да апошняга захоўвалася надзея на яго вырашэньне мірным шляхам. Тыя, хто сёньня адзін супраць аднаго на баявых пазыцыях, — часта людзі родныя па крыві, па веры, па духу. З абодвух бакоў гінуць вайскоўцы, пакутуюць мірныя грамадзяне. Мы, адчуваючы сябе адной сям’ёй з расейцамі і ўкраінцамі, падзяляем боль нашых братоў і сясьцёр. БПЦ заклікае зрабіць крокі насустрач адзін аднаму. Заклікаю ўсіх верных чадаў нашай Царквы маліцца, каб мір вярнуўся на ўкраінскую зямлю і братэрскія народы знайшлі шлях да прымірэньня».

У сваім звароце з нагоды пачатку Вялікага посту мітрапаліт Веньямін таксама згадаў сытуацыю ва Ўкраіне.

«Мы ня можам пераадолець тыя супярэчнасьці, якія спарадзілі падзеі ва Ўкраіне. Але ў нашых сілах зрабіць усё магчымае, каб, не становячыся судзьдзямі іншых людзей, не памнажаць зло і нянавісьць, найперш у сваіх душах. Таму заклікаю ўсіх маліцца аб міры на ўкраінскай зямлі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG