Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Чаму пакаленьне 70+ жадае аб’яднаньня з Расеяй, пра беларускую нацыянальную ідэю і эўрапейскія каштоўнасьці


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці чужыя беларусам эўрапейскія каштоўнасьці?

— Галоўныя эўрапейскія каштоўнасьці — гэта свабода, правы чалавека і вяршэнства закону. Прапаганда атаесамляе «эўрапейскія каштоўнасьці» найперш з аднаполымі шлюбамі.

Між тым, правы чалавека — гэта найперш пра права на жыцьцё. Падумайце, ці маеце вы такое права, калі дзьверы ў вашу кватэру выбівае губопік? Дзе тая недатыкальнасьць асобы ці прэзумпцыя невінаватасьці, дзе свабода выказваньня думкі і выбару, якія і ёсьць эўрапейскімі каштоўнасьцямі? І дзе тое «иногда не до законов», якім кіруецца ўзброены рэжым...

— Чаму пакаленьне 70+ жадае аб’яднаньня не з Эўропай, а з Расеяй, якая за Масквой і Піцерам жыве горш, чым Беларусь?

— Жыве горш, але «панятна». І рэч ня толькі ў мове. Яны ніколі не бывалі на Захадзе. Яны ня маюць прывабнай візіі эўрапейскага жыцьця, бо глядзяць расейскі тэлевізар. Яны не ўсьведамляюць сябе эўрапейцамі, бо не ўсьведамляюць сябе беларусамі.

Гэта рудымэнт расейскага рабства: «Никогда хорошо не жили и не надо!» А сьвядомаму беларускаму чалавеку 70+ адразу ўсяго бракуе — мовы, праўды, свабоды... І як ён будзе хацець аб’яднаньня з Расеяй, калі яна разам з гэтым рэжымам у яго ўсё гэта адбірае?

— Дык у чым усё ж такі беларуская нацыянальная ідэя?

— Здавалася б, колькі людзей, столькі меркаваньняў, ужо і кнігі напісаныя пра гэта. Але так бывае, што адказ насамрэч просты і ляжыць на паверхні. Наша нацыянальная ідэя ў тым, што мы — беларусы. Яна такая самая, як і ў іншых народаў.

Толькі ў адрозьненьне ад многіх іншых мы ня можам пакуль гэтую сваю ідэю рэалізаваць. Ані ў сэнсе мовы, ані ў сэнсе незалежнасьці, ані ў сэнсе свабоды. І таму адна простая ідэя рассыпаецца на многія адказы менавіта пра тое і там, дзе рэалізаваць пакуль не ўдаецца.

— Почему только в 2020 году народ проснулся? Раньше многие бастовали, но это затухло. У нас есть надежда на изменения? Мы можем сейчас всё изменить?

— Звычайна я згадваю распад СССР. Перад тым, напэўна, не было ніводнага чалавека, які б меў на гэта спадзеў і зьвязваў з гэтым распадам свае жыцьцёвыя пляны. Але мноства людзей, кожны на сваім месцы, хай сабе невялікімі штодзённымі справамі набліжала гэты распад.

Выснова: не рабеце стаўку на цуд, ня зьвязвайце з цудоўнымі пераменамі ваш асабісты заўтрашні дзень, але рабеце штодня хай сабе малыя добрыя справы. Напрыклад, пачынайце ўжываць беларускія словы. Толькі тады ўсё можа зьмяніцца.

— Алесь Бяляцкі папрасіў, каб паседжаньне суду над ім было на беларускай мове. Суд адмовіў, бо «ў нас дзьве дзяржаўныя мовы». Ці меў суд права адмовіць?

— Ня меў. Дзяржаўны чыноўнік абавязаны валодаць дзьвюма дзяржаўнымі мовамі (на тое яны і дзяржаўныя). Інакш судзьдзя парушае закон і правы падсуднага, пра што і заявіў Бяляцкі — ён у поўнай меры не зразумеў, у чым яго абвінавачваюць. Што да грамадзяніна, дык на яго гэты абавязак не пашыраецца. Ён мае права гаварыць і разумець толькі па-беларуску ці толькі па-расейску. Дэ-факта судзьдзі ў Беларусі не валодаюць беларускай мовай, часам у суд запрашаюць перакладчыка. Пра што таксама прасіў Бяляцкі. Але і ў гэтым судзьдзя адмовіла.

— Для чаго Лукашэнка нарошчвае прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі?

— Ён зразумеў, што народ перарос яго і рэальнай падтрымкі сярод беларусаў у яго няма, што ягоная ўлада імкліва звужаецца да крэсла дырэктара саўгаса, зь якога ён калісьці стартаваў. А ў саўгасе «твае» людзі — твае галоўныя ворагі і, калі што, ты выклікаеш падтрымку звонку — міліцыі, арміі, Крамля. Расейскія афіцэры, што расьсяліліся цяпер у Беларусі, адкрыта кажуць: а з чаго вы ўзялі, што мы пойдзем на Ўкраіну? Мы вас прыехалі «усмирять». І, дарэчы, калі яны ўсё ж пойдуць на Ўкраіну, гэтым разам Украіна пагоніць іх назад, у Беларусь. Для дырэктара саўгаса гэта будзе, вядома ж, найгоршы сцэнар.

— Як ставіцца да калябарантаў, якія ў часе вайны праводзілі беларусізацыю пад сапагом нацысцкай Нямеччыны? Ворагі яны нам ці наадварот?

— Слова «калябарацыя» ў ВКЛ, як і на лаціне, адкуль яно прыйшло, як і ў сёньняшнім дэмакратычным сьвеце — гэта проста супрацоўніцтва, а ня «здрада, супраца з ворагам сваёй радзімы і народа», як у расейскай і савецкай прапагандзе. Але гаворка найперш не пра словы, а пра справы, ці добрыя, ці злачынныя.

Беларусізацыя — гэта заўсёды нацыянальны інтарэс беларусаў. І ня важна, пад якім ботам, нацысцкім ці, скажам, сталінскім. Той, хто праводзіць беларусізацыю, гэта асьветнік, які робіць сваю нацыю мацнейшай і ніякім чынам для сваёй нацыі ня можа быць ворагам.

Задайце вашае пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus_bot; Signal: +380502605369


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG