Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля суду па «справе Вясны» затрымалі расейскую праваабаронцу — ёй прысудзілі 15 дзён арышту


Падчас суду па «справе Вясны», 5 студзеня 2023 году
Падчас суду па «справе Вясны», 5 студзеня 2023 году

Праваабаронца і журналістка, якая супрацоўнічае з расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мэмарыял», Кацярына Яньшына прыехала ў Беларусь на суд па «справе Вясны» як незалежная назіральніца.

Учора каля 17 гадзіны, адразу пасьля заканчэньня судовага паседжаньня, на выхадзе з залі суду Кацярыну Яньшыну затрымалі некалькі чалавек — яе завялі ў службовае памяшканьне «для гутаркі», паведамляе @polniypc. Астатніх у памяшканьне не пусьцілі. Супрацоўнікі сказалі, што правераць яе гаджэты і адвязуць у Маскоўскае РУУС Менску, дзе «складаюць дакумэнт».

Па словах аховы суду, Кацярына нібыта парушала парадак падчас пасяджэньня — рабіла фота і вяла трансьляцыю.

Сувязі з Кацярынай не было з моманту затрыманьня. Сустаршыні ЦЗПЧ «Мэмарыял» Алегу Арлову, які таксама быў на паседжаньні, у РУУС адказалі, што да іх нікога не прывозілі і што пра Яньшыну там нічога ня ведаюць. Раніцай 6 студзеня стала вядома, што ноч Кацярына правяла ў ІЧУ.

Судовае паседжаньне прайшло ў Маскоўскім раённым судзе Менску. Судзьдзя — Тацяна Мотыль, вядомая ў Беларусі палітычна матываванымі прысудамі.

Яна прысудзіла Кацярыне Яньшынай 15 дзён адміністрацыйнага арышту па артыкуле аб дробным хуліганстве (арт. 19.1 КаАП РБ).

Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі і ягоныя калегі-праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 году — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня. Зьмітра Салаўёва, які знаходзіцца за мяжой, судзяць завочна, ягоныя інтарэсы прадстаўляе прызначаны сьледзтвам адвакат. Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).

Справу «вясноўцаў» у судзе Ленінскага раёну Менску разглядае судзьдзя Марына Запасьнік. 5 студзеня, падчас першага судовага паседжаньня, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч не прызналі віны па ніводным з артыкулаў Крымінальнага кодэксу, што фігуравалі ў абвінавачаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG