Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША зацьвердзіў рэкордны бюджэт Пэнтагона на 858 млрд даляраў, у ім прадугледжаная дапамога Ўкраіне і Тайваню


Міністэрства абароны ЗША, архіўнае фота
Міністэрства абароны ЗША, архіўнае фота

Амэрыканскія сэнатары прынялі законапраект, які прадугледжвае рэкордныя 858 мільярдаў даляраў у выглядзе штогадовых выдаткаў на абарону, што на 45 мільярдаў даляраў больш, чым было прапанавана прэзыдэнтам Джо Байдэнам.

Сэнатары падтрымалі закон «Аб абаронным бюджэце» (NDAA, гадавы бюджэт Пэнтагона, які зацьвярджаецца штогод) пераважнай большасьцю галасоў ад абедзьвюх партый (83 галасы супраць 11), паведамляе Голас Амэрыкі.

Супраць прыняцьця галасавалі лібэралы, якія пярэчаць супраць пастаяннага росту вайсковага бюджэту, і фіскальныя кансэрватары, якія хочуць больш жорсткага кантролю над расходамі.

Паколькі Палата прадстаўнікоў ужо прыняла такі ж законапраект на мінулым тыдні, NDAA накіраваны ў Белы дом, дзе прэзыдэнт Джо Байдэн, як чакаецца, неадкладна яго падпіша.

На 2023 фінансавы год NDAA прадугледжвае вайсковыя выдаткі ў памеры 858 млрд даляраў і ўключае ў сябе павелічэньне заработнай платы вайскоўцаў на 4,6%, фінансаваньне закупак зброі, караблёў і самалётаў, а таксама падтрымку Тайваня ва ўмовах усё большай пагрозы з боку Кітая і Ўкраіны ў ейнай барацьбе з расейскім уварваньнем.

Кангрэс штогод зацьвярджае NDAA, пачынаючы з 1961 году.
«Гэта самы важны законапраект, які мы прымаем кожны год», — заявіў сэнатар Джэймс Інхоф, галоўны рэспубліканец у сэнацкім Камітэце ў справах узброеных сіл. У гэтым годзе NDAA назвалі ў гонар Інхофа, які пакідае Сэнат.

Паколькі гэта адзін зь нешматлікіх буйных законапраектаў, якія заўсёды прымаюцца, незалежна ад рознагалосьсяў паміж дзьвюма партыямі, заканадаўцы выкарыстоўваюць NDAA ў якасьці сродку для рэалізацыі цэлага шэрагу ініцыятыў.

У NDAA на 2023 фінансавы год уключана палажэньне, на ўвядзеньні якога настойвалі многія рэспубліканцы і супраць якога выступалі многія дэмакраты, якое патрабуе ад міністра абароны адмяніць мандат, які патрабуе, каб усе вайскоўцы былі вакцынаваныя супраць COVID-19.
Спроба ўнесьці папраўку ў законапраект, якая прадугледжвае выплату запазычанасьці па зарплаце і вяртаньне вайскоўцаў, якія адмовіліся ад вакцыны, правалілася.

Законапраект дае Ўкраіне ня менш за 800 млн даляраў дадатковай дапамогі ў галіне бясьпекі ў наступным годзе і ўключае ў сябе шэраг палажэньняў для ўмацаваньня абароны Тайваня ва ўмовах росту напружанасьці ў адносінах з Кітаем, у тым ліку мільярды даляраў на дапамогу ў гарантаваньні бясьпекі і паскораную закупку зброі для Тайваня.

Законапраект прадугледжвае выдзяленьне дадатковых сродкаў на распрацоўку гіпэргукавога зброі, закрыцьцё складу паліва Red Hill на Гаваях і закупку сыстэм узбраеньня, у тым ліку зьнішчальнікі F-35 вытворчасьці карпарацыі Lockheed Martin і караблі вытворчасьці General Dynamics.

NDAA не зьяўляецца апошнім словам у дачыненьні да выдаткаў. Кангрэс павінен прыняць адпаведныя законапраекты аб асыгнаваньнях, каб даць ураду законныя паўнамоцтвы траціць фэдэральныя грошы.

Чакаецца, што законапраект аб фінансаваньні ўраду да 30 верасьня 2023 года, г.зн. да канца гэтага фінансавага года, будзе прыняты Кангрэсам на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG