Угода аб продажы холдынгам Medicover доляў у кампаніях «Сінэво» і «Нерухомасьць Усход», як чакаецца, будзе закрытая ў IV квартале 2022 году. Швэды паведамілі гэта ў справаздачы за III квартал, піша Office Life.
Свае беларускія актывы Medicover ацэньвае ў €14,5 млн. Прыбытак холдынгу ў Беларусі склаў летась €21,7 млн, за дзевяць месяцаў сёлета — €15,3 млн.
У справаздачы ўдакладнілі, што ўгода падлягае «звычайнай ухвале рэгуляцыйных органаў» — «Сінэво» і «Нерухомасьць Усход» не ўваходзяць у сьпіс кампаніяў, якім забаронена адчужэньне доляў замежнымі ўласьнікамі.
Synevo — найбуйнейшая сёньня дыягнастычная сетка Беларусі, у якую ўваходзяць лябараторыя і каля 60 пунктаў здачы аналізаў у 25 гарадах краіны. У ёй працуюць больш за 500 чалавек. Першы дыягнастычны цэнтар адкрыўся ў Менску яшчэ ў 2009 годзе.
Валодае сеткай і брэндам швэдзкі холдынг Medicover, якому належаць мэдычныя цэнтры і лябараторыі ў Польшчы, Нямеччыне, Румыніі, Украіне, Грузіі, Малдове, Сэрбіі і Баўгарыі. Заснавальнік Medicover Ёнас аф Ёкнік, вядомы беларусам зь іншага ягонага праекту — Oriflame. Яго спадкаемцы кантралююць Medicover праз Celox Holding.
Як стала вядома «Нашай Ніве», дыягнастычныя лябараторыі Synevo ў Беларусі выкупляе расейская сетка Helix.