Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі», цытуючы афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Нэда Прайса.
Гэты праект будзе фінансаваны са спэцыяльнага фонду аб'ёмам 91,5 млн даляраў, аб стварэньні якога Дзярждэпартамент абвясьціў у жніўні.
Згодна з умовамі праекту, Tetra Tech акажа ўкраінскім уладам дапамогу ў выяўленьні і ліквідацыі мінных прылад, якія не разарваліся, боепрыпасаў, самаробных выбуховых прылад і іншых выбухованебясьпечных прадметаў, пакінутых расейскімі вайскоўцамі ў жылых раёнах украінскіх гарадоў.
«Tetra Tech правядзе навучаньне ўрадавых груп для разьмінаваньня і абясшкоджваньня мін і снарадаў, якія не разарваліся, у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і надасьць ім інструмэнты, неабходныя для выкананьня іх працы», – заявіў Прайс. Ён дадаў, што каліфарнійская кампанія таксама будзе займацца падтрымкай разгортваньня груп па ь выбуховых матэрыялаў і навучаньні абыходжаньню з боепрыпасамі праз «Украінскую асацыяцыю сапёраў».
Нэд Прайс адзначыў, што толькі за апошнія 36 гадзін Расея запусьціла каля 100 ракет, нанёсшы ўдары па крыніцах водазабесьпячэньня і энэргазабесьпячэньня Ўкраіны.
«З паніжэньнем тэмпэратуры гэтыя расейскія атакі, накіраваныя на пагаршэньне чалавечых пакут, становяцца асабліва агіднымі. Пакуль Украіна працуе над аднаўленьнем падачы вады і электрычнасьці для сваіх грамадзян, Злучаныя Штаты па-ранейшаму застаюцца адданыя перамозе сувэрэннай і незалежнай Украіны, і мы працуем над пастаўкай сыстэм супрацьпаветранай абароны, каб Украіна магла працягваць адбіваць гэтыя атакі», – сказаў Прайс.
Прайс нагадаў, што з пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Дзяржаўны дэпартамэнт і Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (USAID) надалі ўкраінцам гуманітарную дапамогу на суму больш чым 1,5 млрд даляраў. Агенцтва USAID нядаўна абʼявіла аб перадачы яшчэ 55 мільёнаў долараў на рамонт і падтрымку ацяпляльнай інфраструктуры ў 19 абласьцях Украіны.