Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Рады Ганчарэнка: Полк Каліноўскага, Ціханоўская і Аб’яднаны кабінэт зьяўляюцца для мяне легітымнымі прадстаўнікамі вольнай Беларусі


Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, кіраўнік дэпутацкага аб‘яднаньня «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка расказаў у эфіры Свабоды Premium пра сустрэчу дэпутатаў з прадстаўнікамі палку Каліноўскага, пра тое, каго ён лічыць легітымнымі прадстаўнікамі Беларусі.

Ганчарэнка паведаміў пра замову тысячы камплектаў вайсковай формы для беларускіх вайскоўцаў, якія пяройдуць на бок Украіны, а таксама выказаўся пра розныя формы ўдзелу ў вайне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Сьцісла

  • Сустрэча прайшла вельмі прадуктыўна. Гаварылі пра канкрэтныя рэчы, паставілі канкрэтныя пляны. Спадзяёмся, што яны стануць ядром будучай арміі вольнай Беларусі.
  • Для мяне такімі легітымнымі прадстаўнікамі ёсьць полк Каліноўскага, Сьвятлана Ціханоўская, бо яна фактычна перамагла ў жніўні 2020-га, і створаны Аб’яднаны пераходны кабінэт, які аб’ядноўвае прынамсі вялікую частку беларускай апазыцыі.
  • Украінскі пасол знаходзіцца ў Менску, і мы дагэтуль не разарвалі дыпляматычныя адносіны з лукашэнкаўскім рэжымам. Я лічу, што мы павінны працаваць толькі зь сіламі дэмакратычнай Беларусі і не павінна быць ніякай супрацы з рэжымам Лукашэнкі.
  • Мы лічым, што полк Каліноўскага будзе прымаць — недзе фільтраваць, а недзе прымаць беларускіх вайскоўцаў, якія пяройдуць на наш бок. Я мяркую, што гэта будзе масавым, і мы маем даць сацыяльныя гарантыі вайскоўцам, якія пяройдуць на наш бок.

«Мы маем велічэзную павагу да прадстаўнікоў палку Каліноўскага»

— У сераду 19 кастрычніка адбылася сустрэча прадстаўнікоў палку Каліноўскага зь Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаньнем у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Дэмакратычная Беларусь». Вы былі ўдзельнікам сустрэчы. Раскажыце, калі ласка, пра сустрэчу, пра што вялася размова, пра што дамовіліся?

— Найперш хачу зьвярнуць увагу, што ў нас добрыя навіны — да нашага міжфракцыйнага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь», якое працуе больш за два гады, масава далучыліся дэпутаты з кіруючай партыі. Прычым гэта калегі вельмі паважаныя, якія ачольваюць украінскую дэлегацыю ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, у Парлямэнцкай Асамблеі NATO, АБСЭ, далучыўся міжнародны сакратар кіруючай партыі, якога мы абралі сустаршынём (я застаўся кіраўніком аб’яднаньня, яго абралі сустаршынём). Гэта азначае пашырэньне магчымасьцяў нашай групы і зацікаўленасьць ужо з боку ўкраінскай улады, а ня толькі апазыцыйных сілаў, у найхутчэйшым вызваленьні Беларусі ад фактычна акупацыі Расеі і лукашэнкаўскага рэжыму як акупацыйнага.

Так, мы сустракаліся з прадстаўнікамі палку Каліноўскага. Мы маем велічэзную павагу да іх, бо гэта найвялікшае аб’яднаньне беларускіх добраахвотнікаў, якія ўзялі ў рукі зброю і ня проста на словах, а рызыкуючы сваім жыцьцём і аддаючы сваё жыцьцё, бароняць Украіну, разумеючы, што гэта адзіны шлях да свабоды Беларусі. За нашу і вашу вольнасьць — гэта іх прынцып, яны за яго праліваюць сваю кроў.

У іх ёсьць канкрэтныя пытаньні, у тым ліку заканадаўчыя — пэўныя рашэньні Кабінэту міністраў, зьвязаныя з выплатамі сям’ям загінулых, якія мы зараз будзем уздымаць і вырашаць. Гэта і практычныя пытаньні наконт іх навучаньня ды іншыя... Сустрэча прайшла, на маю думку, вельмі прадуктыўна. Гаварылі пра канкрэтныя рэчы, паставілі канкрэтныя пляны і будзем канкрэтна ім дапамагаць. Спадзяёмся, што яны стануць ядром будучай арміі вольнай Беларусі.

— Пра што сьведчыць сам факт сустрэчы? Старшыня камітэту замежных спраў Вярхоўнай Рады, дэпутат фракцыі «Слуга народу» Аляксандар Мярэжка казаў на мінулым тыдні ў інтэрвію ўкраінскай Свабодзе, што, на яго думку, легітымным беларускім органам, зь якім Кіеў мог бы весьці дыялёг, можа быць полк Каліноўскага ў складзе Ўзброеных сілаў. Вы казалі, што практычныя пытаньні абмяркоўваліся — выплаты кампэнсацый сем’ям загінулых ды іншыя. Ці сьведчыць сустрэча пра факт нейкага прызнаньня і афіцыйнага супрацоўніцтва, ці гэта проста рабочая сустрэча, сьведчаньне супрацоўніцтва палку з аб’яднаньнем «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе?

— У нас няма такой формы прызнаньня легітымнасьці. Гэта заўсёды палітычная ацэнка. Мая палітычная ацэнка наступная. Калі гаварыць пра легітымнага прадстаўніка беларускага народу, то з гэтым ёсьць праблема, бо рэжым Лукашэнкі дакладна ім не зьяўляецца і мы яго не прызнаём легітымным прадстаўніком Беларусі.

Для мяне такі легітымны прадстаўнік — полк Каліноўскага. Гэта людзі, якія зрабілі свой выбар, якія рызыкуюць жыцьцём, і яны не расьцерушыліся па Ўзброеных сілах Украіны, а стварылі структуру, і гэта вельмі добра. Для мяне такім легітымным прадстаўнікам зьяўляецца, безумоўна, Сьвятлана Ціханоўская, бо яна фактычна перамагла ў жніўні 2020 году на прэзыдэнцкіх выбарах, а Лукашэнка сфальшаваў іх. Гэта відавочна.

Для мяне легітымным прадстаўніком зьяўляецца створаны Аб’яднаны пераходны кабінэт, які аб’ядноўвае прынамсі вялікую частку беларускай апазыцыі. Усе гэтыя людзі ёсьць для мяне легітымнымі прадстаўнікамі вольнай Беларусі, якую я спадзяюся, што хутка пабачу, зь якой мы будзем разам працаваць. І гэта будзе для нас вельмі блізкая і важная краіна. Такое наша стаўленьне ёсьць і такім будзе.

19 кастрычніка, выступаючы на сустрэчы, я зьвяртаўся да прадстаўнікоў палку Каліноўскага і казаў, што мы будзе падтрымліваць іх, што мы хочам, каб беларускія добраахвотнікі працягвалі аб’ядноўвацца на іх базе. Ва Ўкраіне ёсьць іншыя падразьдзяленьні беларусаў, і я лічу слушным, каб яны аб’ядноўваліся. І я іх заклікаў далей аб’ядноўвацца з палітычным крылом (бо яны вайсковае крыло) і пашыраць аб’яднаньне ўсіх беларускіх дэмакратычных сілаў, таму што толькі ў аб’яднаньні ёсьць перамога.

— Як зрэагавалі прадстаўнікі палку Каліноўскага на ваш заклік?

— Мне падаецца, што яны таксама так думаюць. Былі канкрэтныя рэчы, якія яны ўздымалі, але яны казалі, што трэба аб’ядноўвацца, што яны гэта разумеюць. Мне падаецца, што ёсьць дакладнае разуменьне гэтага.

«Сам факт, што да нашага аб’яднаньня „За дэмакратычную Беларусь“ далучыліся дэпутаты з фракцыі „Слуга народу“, — пазытыўны сыгнал»

— На думку спадара Мярэжкі, Украіна не прызнае Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі на чале са Сьвятланай Ціханоўскай з прычыны «сумневаў» у яе палітычных пазыцыях. Для вас, як вы сказалі, легітымныя прадстаўнікі Беларусі — полк Каліноўскага, Ціханоўская і Кабінэт. Наколькі ацэнка спадара Мярэжкі, прадстаўніка «Слугі народу», шырока распаўсюджана ва Ўкраіне? Як шмат людзей, у тым ліку ў Вярхоўнай Радзе, вашу пазыцыю падзяляе?

— У нас ёсьць увогуле большая праблема. Выступаючы з трыбуны Вярхоўнай Рады, я пра гэта казаў. У нас дзіўная сытуацыя сёньня — украінскі пасол знаходзіцца ў Менску, і мы дагэтуль не разарвалі дыпляматычныя адносіны з лукашэнкаўскім рэжымам. Я лічу, што гэта няправільна. Я лічу, што мы павінны працаваць толькі зь сіламі дэмакратычнай Беларусі, тымі, што я пералічыў, і не павінна быць ніякай супрацы з рэжымам Лукашэнкі.

Гэта мая пазыцыя. Пакуль такую пазыцыю выканаўчая ўлада Ўкраіны не заняла, аднак я бачу прагрэс. Сам факт, што да нашага аб’яднаньня далучыліся дэпутаты з фракцыі «Слуга народу», — гэта таксама пазытыўны сыгнал. Мы працавалі больш за два гады. У нас у аб’яднаньні «За дэмакратычную Беларусь» былі два прадстаўнікі кіруючай партыі, аднак гэта было больш іх асабістай ініцыятывай, а зараз партыя «Слуга народу» прыняла рашэньне далучыцца і працаваць разам у аб’яднаньні «За дэмакратычную Беларусь».

Мы бачым прагрэс, і гэта вельмі добра. Я ня буду камэнтаваць кожнае слова, сказанае маім калегам панам Мярэжкам, да якога я зь вялікай павагай стаўлюся, хоць мы і з розных палітычных сілаў. Аднак мая асабістая пазыцыя наступная — разарваць усе адносіны з рэжымам Лукашэнкі, супрацоўнічаць толькі зь беларускай апазыцыяй, максымальна дапамагаць тым, хто ня проста на словах, але і на справе пралівае кроў і дапамагае Ўкраіне (я гавару пра беларускіх добраахвотнікаў і найвялікшае аб’яднаньне — полк Каліноўскага), і дапамагчы беларускай апазыцыі аб’яднацца і разам перамагчы Лукашэнку і вызваліць Беларусь.

«Стварылі Аб’яднаны пераходны кабінэт — гэта вельмі добра»

— Некалькі месяцаў ва Ўкраіне працуе прадстаўніцтва Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, цяпер і Аб’яднанага кабінэту. Цяпер у Кіеве знаходзіцца прадстаўнік Аб’яднанага кабінэту Валер Кавалеўскі...

— Я зь ім сустракаўся пазаўчора. Знаходжуся ў кантакце.

— Валер Кавалеўскі гаворыць пра сталыя кантакты на працоўным узроўні, пра тое, што ёсьць пэўнае паразуменьне.

— Так, мы працуем. Я сустракаюся і з Валерам Кавалеўскім, і з Паўлам Латушкам, і з Франкам Вячоркам, і зь іншымі прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Хачу сказаць, думаю, што гэта для вас не сакрэт, што адна з праблемаў беларускай апазыцыі — пэўнае разьяднаньне, таму я заўжды вітаю ўсе працэсы аб’яднаньня. Стварылі Аб’яднаны пераходны кабінэт — гэта вельмі добра. Я гэта магу толькі вітаць і лічу, што гэтае аб’яднаньне мае далей пашырацца і пашырацца.

Тое самае тычыцца і беларускіх добраахвотнікаў. Сёньня ёсьць распыленьне на розныя маленькія падразьдзяленьні беларусаў. Лічу лепшым, каб яны аб’ядноўваліся ў адзін аб’яднаны кулак. І полк Каліноўскага — найлепшая база для такога аб’яднаньня. Я заклікаю да аб’яднаньня. Але я хачу быць вельмі асьцярожным і падкрэсьліць, што я ўкраінскі палітык, не беларускі. У беларускія ўнутраныя справы я ня ўмешваюся. Я толькі магу гаварыць пра тое, што я думаю, і дапамагаць як магу. Я так рабіў і буду рабіць.

«Я б не сказаў, што ва Ўкраіне беларусафобія»

— Нядаўна пазаштатны дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч назваў Сьвятлану Ціханоўскую законна абранай прэзыдэнткай, скрытыкаваў украінцаў за беларусафобію і параўнаў сытуацыю ў Беларусі з той, што існуе ў акупаваных рэгіёнах Украіны. Арастовіч зазначыў, што ва Ўкраіне так і не змаглі пакуль аддзяліць беларускі народ ад беларускага рэжыму. Ці згодныя вы з ацэнкай Арастовіча?

— Я б не сказаў, што ва Ўкраіне беларусафобія. Гэта няпраўда. Трэба людзям проста тлумачыць. Я аддаю шмат часу на тое, каб патлумачыць людзям, што ёсьць калясальная розьніца паміж акупацыйным рэжымам Лукашэнкі і беларусамі, простымі беларусамі, якія дакладна ня хочуць ніякай вайны.

Аднак я тлумачу і беларусам, якія абражаюцца на ўкраінцаў. Прабачце, як бы вы ставіліся да таго, калі б з Украіны на вас ляцелі ракеты, якія забіваюць вашых мацярок, жанчын, дзяцей... Як да гэтага можна ставіцца? Таму трэба ўсім разумець усіх. Беларусам — разумець, што ў звычайных украінцаў выклікае ня толькі неразуменьне, але і вялікі боль, што з тэрыторыі Беларусі, якую мы заўсёды лічылі вельмі блізкай і сяброўскай, ідзе гэтае гора на нас. Беларусы павінны гэта разумець. І гэта ёсьць віной з боку Беларусі перад Украінай. Гэта праўда.

Зь іншага боку, украінцам трэба разумець, што Беларусь фактычна трапіла ў акупацыю, і Лукашэнка — гэта проста пуцінскі гаўляйтар. Я намагаюся патлумачыць гэта абодвум бакам.

Што да стаўленьня да беларускай апазыцыі і лукашэнкаўскага рэжыму, то добра, што гэта кажа пан Арастовіч. Можа, ён гэта парадзіць у офісе прэзыдэнта, каб яны нарэшце прынялі рашэньне — разарвалі адпаведныя дыпляматычныя афіцыйныя стасункі.

«Мы ўжо закупляем форму для новых воінаў у палку Каліноўскага»

— Вы вельмі добра абазнаныя ў тым, што адбываецца ў Беларусі. Якое ваша бачаньне цяперашняй сытуацыі? Ці пойдуць расейскія войскі зноў празь Беларусь, ці ўцягне Лукашэнка беларускае войска ў вайну?

— Гэтае пытаньне мы абмяркоўвалі з палком Каліноўскага. Мы ўжо закупляем форму для новых воінаў у палку Каліноўскага, якія пяройдуць на бок Украіны, калі Лукашэнка дасьць загад. Я думаю, што беларусы ня хочуць ваяваць супраць Украіны. Яшчэ раз, карыстаючыся магчымасьцю, зьвяртаюся: калі, ня дай Божа, такі загад будзе, то лепей пайсьці са зброяй у руках і зрынуць Лукашэнку. Меней будзе ахвяраў і больш карысьці дакладна. Калі беларускія вайскоўцы пойдуць ва Ўкраіну ваяваць супраць Украіны, то яны тут бясслаўна загінуць, а калі яны пойдуць на Менск і Лукашэнку, то тады яны стануць героямі вольнай Беларусі. Ахвяраў будзе нашмат меней. Таму гэта будзе слушны выбар і з маральнага пункту гледжаньня, і з практычнага.

І ці будзе такі загад ад Лукашэнкі? Думаю, што ён усё зробіць, што ў ягоных сілах, каб гэтага ўнікнуць, каб ня даць такі загад. Лукашэнка добра адчувае, што гэта можа стаць ягоным канцом, і ён вельмі баіцца даць такі загад. Аднак, на жаль, мы бачым, што ён у абсалютнай залежнасьці ад Пуціна. І калі Пуцін вырашыць прынцыпова гэта зрабіць, то, на жаль, гэта будзе зроблена. Я так думаю.

Аднак я думаю, што і Пуцін не прыняў такога рашэньня, таму што для Пуціна таксама ня ўсё так адназначна з чыста ваеннага пункту гледжаньня. Сёньня яны выкарыстоўваюць Беларусь, каб расьцерушыць украінскія сілы, для таго каб стварыць напружаньне і пагрозу для нас з поўначы і адцягнуць частку нашых войскаў з поўдня і ўсходу на паўночы кардон. Аднак калі яны пойдуць у наступ і зноў пяройдуць мяжу Беларусі разам зь беларускімі войскамі, то гэта ня зьменіць вынік вайны.

Украіна мае дастаткова сілаў спыніць вайну і там. І Ўкраіна ўжо ня спыніцца пасьля гэтага. І мы пойдзем ужо далей. Для Пуціна гэта будзе вялізарнай праблемай. Сёньня ён мае фронт ад Хэрсона да Луганску, а заўтра будзе мець фронт яшчэ тысячу кілямэтраў беларуска-ўкраінскай мяжы. Нават з чыста ваеннага пункту гледжаньня я ня ўпэўнены, што расейская вайсковая машына да гэтага гатовая.

Маё асабістае адчуваньне — сёньня Пуцін і расейскае войска проста выкарыстоўваюць Беларусь як базу для ўдараў па Ўкраіне, аднак яны больш дэманструюць магчымасьць нападу зь Беларусі, чым рэальна рыхтуюцца да яго. Хоць нічога нельга выключаць, калі мы гаворым пра Пуціна. Само яго рашэньне распачаць вайну самагубнае для яго, але ж ён яго прыняў.

— Я хацела ўдакладніць, пра што вы пачалі гаварыць — што замаўляеце форму для беларускіх вайскоўцаў, якія ў выпадку, калі іх накіруюць ва Ўкраіну, пяройдуць на бок Узброеных сіл Украіны. Ці дакладна я зразумела?

— Абсалютна слушна зразумелі. Учора мы пра гэта гаварылі. Мы лічым, што полк Каліноўскага як найбольшы аддзел беларускіх добраахвотнікаў мае стаць ядром і будзе прымаць — недзе фільтраваць, а недзе прымаць — беларускіх вайскоўцаў, якія пяройдуць на наш бок. Я мяркую, што гэта будзе масава, і мы маем даць сацыяльныя гарантыі вайскоўцам, якія пяройдуць на наш бок. Мы будзем рады, што беларусы плячо ў плячо дапамаглі нам абараніць нашу свабоду і здабыць свабоду для Беларусі.

— Калі гэта не таямніца, якая колькасьць першай партыі камплектаў формы для беларускіх вайскоўцаў?

— Тысяча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG