Акрамя ЗША і Мэксыкі, пра заражэньне амёбным мэнінгаэнцэфалітам паведамлялі краіны Эўропы, Блізкага Ўсходу і Азіі.
Амёба жыве ў прэснай вадзе пры тэмпэратуры 30–46°С. У сувязі з пацяпленьнем умовы для пражываньня амёбы ў паўночных вадаёмах становяцца ўсё больш прыдатнымі. Да таго ж у сьпёку людзі часьцей акунаюцца ў рэкі, азёры і басэйны, што таксама павышае рызыку заражэньня. Акрамя таго, глябальнае пацяпленьне прыводзіць да ўзмацненьня паводак і засух, якія могуць спрыяць распаўсюджваньню патагенаў на шырокія тэрыторыі.
Амёба трапляе ў арганізм чалавека праз нос, адкуль па нюхальным нэрве пранікае ў мозг і псуе ўсе яго аддзелы. Выпадкі заражэньня адносна рэдкія: за апошнія дзесяць гадоў у ЗША зарэгістравалі 31 выпадак амёбнага мэнінгаэнцэфаліту — аднак сьмяротнасьць ад яго перавышае 97%.
Летам 2022 году ад амёбнага мэнінгаэнцэфаліту памерлі 10-гадовы хлопчык у амэрыканскім штаце Нэбраска, жыхар штату Місуры і 36-гадовы мужчына ў Ізраілі. Яшчэ адзін вядомы хворы — 13-гадовы падлетак з Флорыды — цяпер у рэабілітацыйным цэнтры, ён без прытомнасьці, яго цела паралізаванае.
Выявіць амёбу ў вадаёме складана, бо экспрэс-тэсту на яе прысутнасьць у вадзе не існуе. Таксама незразумела, чаму адны людзі хварэюць, а іншыя — не, бо ў цёплых прэсных вадаёмах штогод купаюцца мільёны людзей. Каб пазьбегнуць заражэньня, трэба сачыць, каб вада не трапляла ў нос, раяць экспэрты.