Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг аб прычыне новых выбараў у Казахстане: «Такаеў баіцца рэваншу з боку Назарбаевых»


Былы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, яго пераемнік Касым-Жамарт Такаеў, дачка Назарбаева Дарыга на зьездзе партыі ўлады ў 2019 годзе
Былы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, яго пераемнік Касым-Жамарт Такаеў, дачка Назарбаева Дарыга на зьездзе партыі ўлады ў 2019 годзе

Новы палітычны сэзон у Казахстане стартаваў з абвяшчэньня пазачарговых выбараў — прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх.

Прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў у пасланьні 1 верасьня прадставіў шэраг эканамічных і палітычных ініцыятыў, якія ў экспэртным асяродзьдзі расцэньваюць як перадвыбарную праграму дзейнага прэзыдэнта. Ён заявіў аб плянах пайсьці на новы тэрмін, а ў будучыні — падоўжыць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы зь пяці да сямі гадоў, забараніўшы займаць вышэйшую пасаду больш за адзін тэрмін.

Аб прычынах, верагодных сцэнарах іх правядзеньня і атмасфэру, якая пануе сярод палітычных эліт пасьля «крывавага студзеня», казаская служба Радыё Свабода пагаварыла зь вядомым казахстанскім палітолягам, дырэктарам «Групы ацэнкі рызык» Дасымам Сатпаевым.

— Такаеў аб’явіў аб правядзеньні пазачарговых прэзыдэнцкіх выбараў гэтай восеньню і сказаў, што будзе ўдзельнічаць у іх. Калі Такаеў пераможа (гэта цалкам чакана), ён, пэўнана, будзе кіраваць да 2029-га ці амаль да 2030 году. Ці можна назваць рашэньне спосабам абнуліць тэрмін?

— Гэта адзін з мэханізмаў абнуленьня, які прапануюць цяпер Такаеў і яго каманда. Вядома, яно моцна адрозьніваецца ад таго, што было ў [прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра] Пуціна. Або ад таго, што цяпер робіць [прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат] Мірзіёеў. Але калі проста палічыць арытмэтычна, гэта тыя ж самыя яйкі, толькі ў профіль. Гэта значыць два пяцігадовыя тэрміны, дзесяць гадоў.

Цяпер атрымліваецца, што Такаеў — зразумела, ён пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, — атрымае сямігадовы тэрмін. Гэта будзе крыху больш за дзесяць гадоў, з улікам таго, што ён кіруе з чэрвеня 2019 году. Выходзіць, ён падаўжае знаходжаньне на прэзыдэнцкай пасадзе, пры гэтым выбары праводзіць раней.

Гэта нейкая форма пралангацыі свайго знаходжаньня ва ўладзе. І з паліттэхналягічнага пункту гледжаньня зразумела, чаму ён гэта робіць.

— Чаму?

— Тут дзьве прычыны. Першая: улада ня ўпэўненая, што зможа захаваць сытуацыю пад кантролем да наступных прэзыдэнцкіх выбараў у 2024 годзе. Вялікая колькасьць рызык, сацыяльная напружанасьць у грамадзтве, мноства сацыяльна-эканамічных праблем, геапалітычныя рызыкі.

Такаеў і яго асяродзьдзе асьцерагаюцца, што яго рэйтынгі могуць упасьці яшчэ ніжэй. Правёўшы рэфэрэндум [па зьмене Канстытуцыі] у чэрвені, па сутнасьці, улада правяла рэпэтыцыю датэрміновых выбараў.

Сам рэфэрэндум, як і сакавіцкае «пасланьне», былі перадвыбарнымі праграмамі Такаева. Калі праводзілі рэфэрэндум па Канстытуцыі, яны рабілі замер грамадзкіх настрояў. І, магчыма, палічылі, што сёньня рэйтынгі Такаева дазваляюць яму адчуваць сябе ў нейкай меры больш спакойна, чым ён будзе пачувацца праз год-паўтара. Верасьнёўскае «пасланьне» і сацыяльна-эканамічныя, палітычныя тэзісы, якія ён агучыў, таксама перадвыбарная праграма.

Другая прычына, па якой Такаеў вырашыў правесьці датэрміновыя выбары — і прэзыдэнцкія, і парлямэнцкія — ён баіцца рэваншу з боку Назарбаевых, яго атачэньня і членаў яго сям’і (пасьля «крывавага студзеня» многія сваякі экс-прэзыдэнта засталіся без пасад, некаторыя апынуліся пад сьледзтвам праз падазрэньні ў крадзяжах.

Пачынаючы зь вясны на прапрэзыдэнцкіх каналах — у telegram-каналах, у развагах праўладных экспэртаў і блогераў — прасочваецца акцэнт на тым, што назарбаеўскія могуць прыйсьці да ўлады. Хутчэй за ўсё, далі канкрэтную ўстаноўку, каб яны дасылалі такі мэсыдж грамадзтву.

Мяркуючы па ўсім, гэты мэсыдж узьнік ня проста так. Ёсьць асьцярогі. Такаеў успрымае гэта як пагрозу і разумее, што калі выбары пройдуць у 2024 годзе, да гэтага могуць падрыхтавацца яго праціўнікі ўнутры эліты. Ёсьць шмат назарбаеўскіх людзей, інкарпараваных у структуру дзяржаўнай улады, у нацкампаніі, — яны ўсюды. Страх, што да гэтага часу яны падрыхтуюцца, у нейкай ступені прымусіў яго зрабіць датэрміновыя выбары, да якіх ніхто ўжо не пасьпее падрыхтавацца і якія адбудуцца паводле ягонага сцэнару.

— Такаеў у сваёй прамове ні разу не згадаў Назарбаева.

— Магчыма, перамовы [з асяродзьдзем Назарбаева] да гэтага часу ідуць. Тое, што Такаеў хацеў сказаць, ён сказаў у сакавіку. Пасьля гэтага, мы бачым, Назарбаеў зьяўляецца ў публічным полі. Некаторыя ягоныя сваякі таксама зьяўляюцца. Я ўпэўнены, пэўны сьпіс недатыкальных фармуецца, але фармуецца і сьпіс тых, каго гатовы «здаць».

Такаеў і яго каманда цяпер вядуць перамовы з Назарбаевым і яго асяродзьдзем і наконт уласнасьці, наконт таго, хто будзе недатыкальным, а хто — ахвярным казлом. Я думаю, менавіта гэта і тлумачыць прычыну таго, чаму ў верасьнёўскім «пасланьні» Такаеў нічога [пра Назарбаева] не сказаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG