Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку ўпершыню за 30 гадоў не набралі першай клясы з вывучэньнем беларускай мовы


Мітынг беластоцкіх беларусаў
Мітынг беластоцкіх беларусаў

Упершыню за шматлікія гады ў пачатковай школе № 4 у Беластоку не набралі першай клясы, у якой дзеткі мелі магчымасьць вывучаць беларускую мову як прадмет.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Рацыя расказала беластоцкая настаўніца Аліна Ваўранюк:

«Ужо некалькі гадоў я пачынаю новы год зь вялікай цікавасьцю. Цікава, якія дзеці прыйдуць, хто застанецца на гэтых уроках, а хто не. У гэтым годзе меншая цікавасьць, бо першай клясы ў мяне ня будзе, бо няма дзяцей, якія будуць у першай клясе нашай школы вывучаць беларускую мову. Гэта першы раз за 30 гадоў, калі не знайшлося ахвотных на беларускую мову», — сказала Аліна Ваўранюк

Паводле настаўніцы, вывучэньне беларускай мовы вядзецца як навучаньне мове беларускай меншасьці. На заняткі ходзяць толькі і выключна дзеці зь меншасьці, у якіх бацькі маюць польскае грамадзянства.

«Раней гэтага ніхто не пільнаваў, хадзілі дзеці ўцекачоў зь Беларусі, хадзілі на заняткі беларускай мовы і не было ніякіх праблем. Але ўжо ў мінулым навучальным годзе пачалі да гэтага прыглядацца... Польскі ўрад дафінансоўвае мову нацыянальным меншасьцям, але толькі тым, у якіх польскае грамадзянства».

Аліна Ваўранюк прапануе беластоцкім беларусам напісаць калектыўны зварот да ўладаў, каб ня толькі грамадзянам Польшчы давалі датацыі на вывучэньне мовы нацыянальнай меншасьці або каб проста дазволілі вывучаць сваю мову.

«Калі маем так шмат гэтых дзяцей, а іх вельмі шмат у Беластоку, то калі назьбіраюць людзей, подпісы за гэта, гэтую мову і навучаньне можна арганізаваць ня як мову нацыянальнай меншасьці, а проста як мову людзей, якія таксама ў гэтым горадзе працуюць і плацяць падаткі. Чаму не дапамагаць жыхарам свайго гораду? Думаю, што калі б ахвотныя беларусы напісалі ліст, заяву, назьбіралі шмат подпісаў, бо гэта ад таго залежыць».

Таксама настаўніца выказвае прапанову арганізаваць і нядзельную школу для вывучэньня беларускай мовы і культуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG