Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўключыла ў сьпіс палонных двух беларусаў. У палку Каліноўскага іх лічаць загінулымі


Васіль Парфянкоў, Алена Гергель
Васіль Парфянкоў, Алена Гергель

Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведаміў аб уключэньні двух грамадзян Беларусі Васіля Парфянкова і Васіля Грудовіка ў рэестар абаронцаў Украіны, якія трапілі ў расейскі палон.

«У выніку разгляду [запыту] паведамляем, што грамадзян Беларусі Васіля Парфянкова і Васіля Грудовіка ўключылі ў Рэестар абаронцаў Украіны, якія знаходзяцца ў палоне дзяржавы-агрэсара, трымальнікам якога ёсьць дзяржаўнае прадпрыемства „Украінскі нацыянальны цэнтар разбудовы міру“. Інфармацыі аб іншых згаданых у запыце грамадзян у Каардынацыйным штабе няма», — сказана ў афіцыйным адказе Каардынацыйнага штабу на запыт Радыё Свабода.

Афіцыйны адказ украінскага Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі пра беларусаў Васіля Грудовіка і Васіля Парфянкова
Афіцыйны адказ украінскага Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі пра беларусаў Васіля Грудовіка і Васіля Парфянкова

9 ліпеня полк імя Кастуся Каліноўскага паведаміў, што 26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Вадзім Шатроў, Васіль Грудовік і яшчэ два беларусы — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў трапілі ў палон.

11 ліпеня полк імя Кастуся Каліноўскага паведаміў, што дваіх палонных байцоў ўключылі ў сьпіс на абмен ваеннапалоннымі.

У сярэдзіне ліпеня Свабода зьвярнулася з запытамі ў Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, а таксама ў Генэральны штаб
Узброеных сіл Украіны, каб высьветліць, ці мелі грамадзяне Беларусі кантракты на службу ва Ўзброеных сілах Украіны, ці ўключаныя палонныя беларусы ў сьпісы на абмен і ці ідуць перамовы аб перадачы целаў загінулых на тэрыторыю Ўкраіны.

«Каардынацыйны штаб у межах паўнамоцтваў паводле вызначанага парадку ўжывае вычарпальныя захады з мэтай хутчэйшага вызваленьня ўсіх абаронцаў Украіны, якія знаходзяцца ў палоне дзяржавы-агрэсара», — сказана ў афіцыйным адказе на запыт.

Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі таксама паведаміў, што ня мае інфармацыі ў іншых пастаўленых Свабодай пытаньнях.

Алена Гергель, жонка Васіля Парфянкова, удакладніла Свабодзе, што ідзецца аб перадачы цела яе мужа на тэрыторыю Ўкраіны.

«Паколькі не было дакладнай інфармацыі пра ягоную гібель і пра палон, то падалі ўва ўсе сьпісы».

Урад Украіны сёлета ў сакавіку стварыў Каадынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі для юрыдычнага, сацыяльнага і псыхалягічнага суправаджэньня сем’яў украінскіх абаронцаў, якія трапілі ў расейскі палон або зьніклі бязь вестак.

У яго склад уваходзяць прадстаўнікі Міністэрства абароны, Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны, Службы бясьпекі, міністэрстваў рэінтэграцыі, юстыцыі, унутраных справаў, эканомікі, замежных справаў, Нацыянальнай паліцыі, Дзяржаўнай памежнай службы, Нацыянальнай гвардыі, Узброеных сілаў і Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Яны займаюцца падрыхтоўкай абмену палоннымі і дапамогай сем’ям палонных і зьніклых бязь вестак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG