Год таму, 12 ліпеня 2021-га, калі зьявіўся артыкул Пуціна на тэму Ўкраіны, можна было падумаць, што той гістарычны экскурс — толькі агульныя алюзіі і рэмінісцэнцыі, тэарэтычныя рэфлексіі і развагі палітыка, які настальгуе па страчанай імпэрыі, наракае на крутыя павароты гісторыі і крыўдуе на недальнабачных папярэднікаў-бальшавікоў, якія ў сваіх заляцаньнях з украінскімі нацыяналістамі ня ўгледзелі будучай сьмяротнай небясьпекі для існаваньня імпэрыі...
Хто думаў, што гэта ўвасобіцца ў канкрэтныя пляны ваеннай апэрацыі, што расейскія танкі праз год будуць пад Мікалаевам, Запарожжам і Харкавам? Што той пуцінскі артыкул — тэарэтычнае абгрунтаваньне будучага ўварваньня і закранае ён ня толькі Ўкраіну, але і Беларусь, і ўсе іншыя колішнія рэспублікі былога СССР?
Над пастом Дзьмітрыя Мядзьведзева, апублікаваным у ягоным тэлеграм-канале 27 ліпеня г.г., многія іранізуюць, пасьмейваюцца зь яго. Былы прэзыдэнт Расеі і цяперашні намесьнік кіраўніка Савету бясьпекі РФ разьмясьціў дзьве мапы. На адной — Украіна ў тых межах, у якіх яна існавала да 2014 году, з такім камэнтаром Мядзьведзева: «У пацярпелым ад псыхатропных рэчываў мозгу прэзыдэнта Ўкраіны ўзьнікла наступная карцінка сьветлай будучыні ягонай краіны».
На другой мапе — Украіна, якая звузілася да адміністрацыйных межаў адной толькі Кіеўскай вобласьці. Амаль усе іншыя тэрыторыі на ўсходзе, поўдні і ў цэнтры ўключаныя ў склад Расеі. Захад цяперашняй Украіны падзелены паміж Польшчай (пяць абласьцей — ад Львова да Жытоміра); Румыніяй (Чарнаўцы і Віньніца) і Вугоршчынай (Закарпацьце з цэнтрам у Ужгарадзе). Мядзьведзеў рэзюмуе: «Заходнія аналітыкі лічаць, што на самой справе будзе так».
Кіеў і ваколіцы — Украіне, астатняе — адабраць і падзяліць
Якія «заходнія аналітыкі» бачаць такую будучыню Ўкраіны, Мядзьведзеў ня піша. Марнымі будуць спробы знайсьці нешта падобнае і самастойна. З геапалітычных высноў былога расейскага прэзыдэнта ў сьвеце пераважна сьмяюцца і не ўспрымаюць іх усур’ёз.
Між тым ёсьць адзін сур’ёзны тэкст, апублікаваны год таму, для якога цяперашнія мапы Мядзьведзева могуць служыць дакладнай графічнай ілюстрацыяй. І гэты тэкст — артыкул Уладзіміра Пуціна «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў», які зьявіўся 12 ліпеня 2021 году.
Калі ўважліва ўчытацца ў тэкст Пуціна, то нельга не заўважыць, што на «мапе Мядзьведзева» дакладна пададзены ўсе тыя незаслужаныя і неабгрунтаваныя (на думку аўтара артыкула) тэрытарыяльныя набыткі, якія савецкая Ўкраіна атрымала ад СССР у выніку таго, што «бальшавікі адвольна наразалі межы, раздавалі шчодрыя тэрытарыяльныя „падарункі“», а ўрэшце «Расея фактычна была абрабаваная».
Цалкам можна дапусьціць, што ва ўяўленьні Пуціна і Мядзьведзева менавіта так павінна выглядаць пасьляваенная Ўсходняя Эўропа. Межы плянаванай экспансіі прыблізна супадаюць зь межамі Расейскай імпэрыі ў пару яе найбольшага росквіту — на пачатак 1914 году. Што адметна, Пуцін не прэтэндуе на даўнія тэрыторыі Аўстра-Вугоршчыны: яны, згодна з мапай, перадаюцца спадкаемцам імпэрыі Габсбургаў, якія прэтэндавалі на гэтыя землі і адзін час мелі іх у сваім складзе ў 20–40-я гады ХХ ст.
Шчодрыя падарункі Масквы
Цяжка не прызнаць, што савецкая Ўкраіна ў 30–50-я гады мінулага стагодзьдзя сапраўды атрымлівала ад Масквы ўсё новыя тэрыторыі, і гэтыя падарункі былі значна больш шчодрыя, чым у іншых саюзных рэспублік. Пуцін у сваім артыкуле іх пералічвае: у 1939 годзе — Галіцыя зь Львовам і Валынь (ад падзеленай Сталіным і Гітлерам Польшчы); у 1940-м — паўднёвая Бэсарабія і паўночная Букавіна ад запалоханай маскоўскім ультыматумам Румыніі; у 1948-м — чарнаморскі востраў Зьмяіны — зноў жа ад пераможанай Румыніі; у 1954 годзе — Крым (у якасьці падарунка ад РСФСР).
Пра гісторыю аднаго з тагачасных тэрытарыяльных «прырашчэньняў» — Закарпацьця — Пуцін апавядае асобна і падрабязна:
«Асобна скажу пра лёс Падкарпацкай Русі, якая пасьля распаду Аўстра-Вугоршчыны апынулася ў Чэхаславаччыне. Значную частку мясцовых жыхароў складалі русіны. Пра гэта цяпер мала ўспамінаюць, але пасьля вызваленьня Закарпацьця савецкімі войскамі зьезд праваслаўнага насельніцтва краю выказаўся за ўключэньне Падкарпацкай Русі ў РСФСР ці непасрэдна ў СССР — на правах асобнай Карпатарускай рэспублікі. Але гэтае меркаваньне людзей праігнаравалі. І ўлетку 1945 году было абвешчана — як пісала газэта „Правда“ — пра гістарычны акт узьяднаньня Закарпацкай Украіны „са сваёй спрадвечнай радзімай — Украінай“».
Адметны факт: якраз у той самы час, у жніўні 1945-га, Масква без усялякіх узгадненьняў зь Менскам і не пытаючыся згоды мясцовага насельніцтва адрэзала ад БССР Беластоцкую вобласьць і перадала яе ў склад толькі што ўтворанай сацыялістычнай Польшчы — каб залагодзіць польскіх камуністаў і часткова кампэнсаваць Варшаве страты ад падзелаў 1939 году.
Беларускія крыўды
Крыўдамі беларусаў пры гэтым, здаецца, ніхто асабліва не пераймаўся і пра іх не клапаціўся. Яшчэ адзін сымбалічны эпізод гісторыі: украінскае кіраўніцтва хацела атрымаць значна болей тэрыторый і ў выніку разьдзелу Польшчы ў 1939-м. У лістападзе 1939-га тагачаснае кампартыйнае начальства Ўкраіны на чале зь Мікітам Хрушчовым настойвала на перадачы ў склад Украінскай ССР большай часткі беларускага Палесься — амаль усёй Берасьцейшчыны (зь Берасьцем, Пінскам, Драгічынам, Столінам, Лунінцам). 22 лістапада 1939-га на нарадзе ў Сталіна з гэтай нагоды паміж М.Хрушчовым і П.Панамарэнкам (тагачасным кіраўніком БССР) дайшло да вострай спрэчкі.
Справа выпадку — тое, што Сталін урэшце схіліўся да пункту гледжаньня Панамарэнкі і праігнараваў мапы, прынесеныя Хрушчовым. Праўда, у склад Украіны і тады быў перададзены Камень-Кашырскі павет — каля 3000 квадратных кілямэтраў, землі колішняга Пінскага павету Горадзенскай губэрні, паміж рэкамі Прыпяцьцю і Стырам, якія раней заўсёды лічыліся беларускімі.
Можна меркаваць, што Аляксандар Лукашэнка бачыў мапу Мядзьведзева задоўга да яе публікацыі 27 ліпеня. І наўрад ці яна яму спадабалася. Сапраўды: Лукашэнкава Беларусь — паўнацэнная саўдзельніца агрэсіі супраць Украіны, але па выніках пасьляваеннага разьдзелу Ўкраіны, калі зыходзіць зь мядзьведзеўскай мапы, застаецца ў сваіх ранейшых межах — адрозна ад усіх іншых памежных з Украінай дзяржаў, якія павінны значна прырасьці за кошт распаду суседкі.
Зьвярніце ўвагу на выказваньне Аляксандра Лукашэнкі 17 чэрвеня сёлета. Сьцьвярджаючы, што «ў Польшчы ўжо мараць пра Заходнюю Ўкраіну», ён заявіў:
«Тут нам давядзецца рэагаваць. Таму што мы ня можам дапусьціць, каб нас увогуле палякі акружылі. Гэта небясьпечны варыянт».
Такая заява — нібы ілюстрацыя да «мапы Мядзьведзева», на якой будучая польска-беларуская мяжа цягнецца ад Горадні на захадзе да Мазыра на паўднёвым усходзе.
«Хто сказаў, што праз два гады Ўкраіна ўвогуле будзе існаваць на мапе сьвету?»
Стаўленьне да беларусаў і беларускіх жаданьняў і памкненьняў у савецкай Маскве было значна больш прахалоднае, калі не сказаць абыякавае. Чаму так атрымлівалася — асобнае вялікае пытаньне. Украінцы лічыліся галоўнымі, самымі важнымі братамі расейцаў. І ім дазвалялася больш, чым іншым. Відавочна, у пэўнай ступені гэтаму спрыяла ўплывовае ўкраінскае лобі ў кіраўніцтве КПСС. Якімі б інтэрнацыяналістамі ні называлі сябе кампартыйныя бонзы, насамрэч зямляцкія сувязі выконвалі ў бальшавіцкім СССР немалую ролю. Кіеў лічыўся галоўным савецкім горадам пасьля Масквы і Ленінграда; кіраўнік Украінскай ССР заўсёды ўваходзіў у Палітбюро ЦК КПСС. А ўкраінскае паходжаньне і ўкраінскія старонкі біяграфіі толькі спрыялі імкліваму пасоўваньню па партыйна-савецкай намэнклятурнай лесьвіцы (згадайце біяграфіі М.Хрушчова і Л.Брэжнева — абодва мелі ўкраінскія карані).
Да беларусаў і беларускай намэнклятуры ў савецкай Маскве ставіліся з куды меншым піетэтам. Юбілеяў яднаньня не адзначалі, паўастравоў ды іншых тэрыторый не дарылі. А нават яшчэ і адбіралі, не пытаючыся. Калі ў 1939-м у Масквы зьявіліся пляны анэксіі краін Балтыі, без асаблівых ваганьняў перадалі Віленскі край Літве, не зважаючы на тое, што ўжо была фактычна ўтворана Віленская вобласьць у складзе БССР. Задобрыць літоўцаў напярэдадні анэксіі для Крамля было куды важней, чым ня крыўдзіць беларусаў. А беларусы, маўляў, і так абыдуцца, нікуды ня дзенуцца.
Нічога падобнага ў дачыненьні да Ўкраінскай ССР Масква сабе не дазваляла. Савецкая Ўкраіна на працягу ўсіх савецкіх дзесяцігодзьдзяў свайго існаваньня толькі расла ўшыркі. І фраза Пуціна пра тое, што «сучасная Ўкраіна — цалкам дзецішча савецкай эпохі», у пэўным сэнсе справядлівая.
Парадокс гісторыі: чым больш экзальтаванай, падкрэсьлена гіпэрбалізаванай была тая даўняя дэманстрацыя «вечнай дружбы» і «вечнага сяброўства», тым больш балючым і драматычным стала расчараваньне, разлад і сварка былых братоў. «Хто сказаў, што праз два гады Украіна ўвогуле будзе існаваць на мапе сьвету?» — гэта фраза таксама з аднаго зь нядаўніх пастоў Дзьмітрыя Мядзьведзева. Цяперашнія крыўды і помста Крамля — гэта працяг тагачаснай безагляднай шчодрасьці і прывілеяванага статусу Ўкраінскай ССР.
Што ў Мядзьведзева ў Telegram — тое ў Пуціна ў галаве
...Пасьляваенная, пераможаная Пуціным Украіна на мапе Мядзьведзева — памерам з сучасную Малдову, у межах сёньняшняй Кіеўскай вобласьці. Можа здацца, што гэта толькі фантазія, гіпэртрафаваная помста. Але аргумэнтацыю за менавіта такую (ці блізкую да яе) Украіну знаходзім у тым жа артыкуле Пуціна:
«Мы ведаем і памятаем, што ў значнай ступені Ўкраіна стваралася за кошт гістарычнай Расеі. Дастаткова параўнаць, якія землі ўзьядналіся з Расейскай дзяржавай у XVII стагодзьдзі і зь якімі тэрыторыямі УССР выйшла са складу Савецкага Саюзу. Хочаце стварыць уласную дзяржаву? Калі ласка! Але на якіх умовах?»
Дык вось, разгорнем гістарычную мапу XVII стагодзьдзя. Якая тэрыторыя была далучана ў 1654 годзе ў выніку Пераяслаўскай рады, падзеі, якую працяглы час сьвяткавалі як «гістарычнае ўзьяднаньне Ўкраіны з Расеяй»? Гэта Кіеў, Палтава, яшчэ некаторыя невялікія тэрыторыі на правым беразе Дняпра. Добра, калі хаця пятая частка ад плошчы сёньняшняй Украіны.
У сваім леташнім артыкуле Пуцін, разважаючы пра несправядлівасьць «найвялікшай геапалітычнай катастрофы ХХ стагодзьдзя», пераказваў пазыцыю А.Сабчака наконт права рэспублік на выхад з СССР: «Рэспублікі — заснавальніцы Саюзу пасьля таго, як яны самі ж анулявалі Дамову 1922 году, павінны вярнуцца ў тыя межы, у якіх яны ўступілі ў склад Саюзу... Іншымі словамі, сыходзьце з тым, з чым прыйшлі».
Летась здавалася, што гэта толькі тэарэтычныя развагі. У 1922-м Украіна ўваходзіла ў СССР, ня маючы на сваёй мапе ні Крыму, ні Львова, ні Чарнаўцоў, ні Ужгарада. БССР тады складалася з 6 паветаў колішняй Менскай губэрні — яна ня мела ў сваім складзе ніводнага зь сёньняшніх абласных цэнтраў, за выключэньнем Менску. А Казахстана ў той час як савецкай рэспублікі ўвогуле не існавала: ён цалкам уваходзіў у склад РСФСР. А цяпер уявіце, што робіцца рэальная спроба прывесьці ўсё да стану «Сыходзьце з тым, з чым прыйшлі». Гэта азначала б вайну па ўсім пэрымэтры сёньняшняй Расеі.
Летась гэта выглядала як абсурд, нешта неверагоднае. Сёньня прыходзіць асэнсаваньне, што насамрэч Пуцін ужо тады выклаў ідэалягічнае абгрунтаваньне будучай агрэсіі. І калі два дні таму нечакана зьявіўся пост Мядзьведзева «ЎКантакце» пра тое, што пасьля захопу Кіева Расея мае намер «аднавіць межы, якія нідзе не заканчваюцца», што «Грузіі ніколі не існавала», а «Казахстан — гэта штучная дзяржава, былыя расейскія тэрыторыі», — вельмі многія ўспрынялі гэта як анонс зусім магчымых наступных расейскіх уварваньняў. Што праўда, гэты пост вельмі хутка з сацсетак прыбралі. Але мала хто сумняваецца, што насамрэч пляны Крамля менавіта такія.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.