«Беларусь амаль 30 гадоў таму, кіруючыся пачуцьцём глыбокай адказнасьці, зрабіла сьвядомы выбар на карысьць адмовы ад валоданьня ядзернай зброяй без умоў і агаворак і далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі (ДНЯЗ) у якасьці бязьядзернай дзяржавы, — сказаў Васіль Паўлаў. — Уклад Беларусі ў ядзернае раззбраеньне відавочны і бясспрэчна, што неаднаразова пацьвярджалася ў шматлікіх дакумэнтах, узгодненых у двухбаковым і шматбаковым фарматах. Усе інсынуацыі наконт зьмяненьня бязьядзернага статусу Беларусі, роўна як і ў дачыненьні да невыкананьня абавязацельстваў па ДНЯЗ, беспадстаўныя».
Пры гэтым у выніку прынятых на рэфэрэндуме 27 лютага зьмяненьняў з артыкула 18 Канстытуцыі зьнікла фармулёўка аб бязьядзерным статусе краіны, якая гучыць наступным чынам: «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай».
На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 25 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускія ўлады «вельмі непакояць пытаньні трэніровачных палётаў ЗША, і самалётаў натаўскіх, якія трэніруюцца несьці ядзерныя боегалоўкі і ядзерныя зарады».
«Таму я прашу вас разгледзець пытаньне „люстранога адказу“ на гэтыя рэчы, без перабору, — сказаў ён. — Яны трэніруюцца несьці ядзерныя боегалоўкі, вы, калі ласка, дапамажыце нам хаця б прыстасаваць самалёты нашы, якія ў нас ёсьць (Су-35, па-мойму, так), якія могуць несьці ядзерныя зарады. Я не кажу пра тое, што заўтра вы перавезяце туды ядзерныя боепрыпасы, але жартаваць нам нельга».
27 чэрвеня лідэры «вялікай сямёркі» (G7) выказалі «сур’ёзную заклапочанасьць пасьля заявы Расеі аб тым, што яна можа перадаць Беларусі ракеты з ядзерным патэнцыялам»:
У сакавіку 2022 года Лукашэнка назваў пляны аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі «выдумкай Захада».
У інтэрвію японскаму тэлеканалу TBS Лукашэнка сказаў наступнае:
«Я не пляную разьмяшчаць тут ядзерную зброю, вырабляць тут ядзерную зброю, ствараць, або выкарыстоўваць гэтую ядзерную зброю супраць каго б там ні было. Такога ніколі не было ў плянах беларускага кіраўніцтва».