«У гэтай чорнай дзірцы жаху галоўная задача — шукаць сьвятло і захоўваць чалавечнасьць. Напрыклад, пісаць дадому вясёлыя лісты з жартамі», — піша з гомельскай калёніі мастачка і студэнтка Кася Будзько. Яна дасылае дадому ня толькі жарты, але і малюнкі: скетчы з турэмнага побыту, фантастычныя сюжэты, замалёўкі-ўспаміны аб свабодным жыцьці. Журналіст і паэт Андрэй Скурко піша вершы, на аснове якіх яго сябры на волі робяць дзіцячыя мультфільмы па-беларуску. Прадпрымальнік Лявон Халатран майструе для сына цацкі. Усё гэта яны робяць або рабілі за кратамі, куды трапілі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
«Мне падалося, што сын можа мяне забыцца». Лявон Халатран і гульні для трохгадовага Мікі
Лявон Халатран вядомы ў Менску як уладальнік папулярных бараў «ДК» і «Руін-бар ОК16», суарганізатар культурных праектаў. Калі Віктар Бабарыка абвясьціў, што будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, Лявон далучыўся да ініцыятыўнай групы яго перадвыбарчага штабу. Праз два дні пасьля выбараў, 11 жніўня 2020, Лявона затрымалі. Да таго моманту незарэгістраваны кандыдат у прэзыдэнты Бабарыка і большая частка яго каманды ўжо былі ў зьняволеньні. Спачатку Лявона абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках: нібыта ў ноч на 10 жніўня ён перакрываў рух на менскіх вуліцах, перашкаджаў руху транспарту, выкрыкваў лёзунгі. Лявон настойваў, што ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях. Пазьней яму інкрымінавалі артыкул 342 («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Калі Лявона затрымалі, ягонаму сыну Мікі было тры гады. З-за кратаў бацька адпраўляў малому малюнкі, свае казкі і нават інтэрактыўныя гульні, якія майстраваў з паперы:
«Першае, што я прыдумаў, — гэта хамэлеон. Мы з сынам глядзелі відэа пра хамэлеона ў ютубе, як ён языком есьць кагосьці і мяняе колеры. Сыну вельмі падабалася. Я ўспомніў пра гэта і спачатку хацеў намаляваць малюнак. Але потым падумаў, што малюнкі не прыцягваюць увагі дзяцей, толькі на кароткі час, а гульня можа больш зацікавіць. І я прыдумаў, што язычок у хамэлеона вылазіць і яго можна дацягнуць да жука ці мухі, якія былі намаляваныя».
«Потым я рабіў гульні з машынкамі, таму што Мікі ў той час любіў машынкі. Увогуле, мэта была ў тым, каб крыху ўтрымаць яго ўвагу на гэтых малюнках і каб ён больш успамінаў пра мяне і думаў, што я ёсьць», — тлумачыў Лявон.
У сьледчым ізалятары да вынясеньня прысуду Халатран правёў шэсьць месяцаў. Пасьля суду адвакат Лявона пераказваў яго словы: «Абвінавачаньне складзена такім чынам, што зразумець яго сэнс практычна немагчыма». Прысуд — два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На «хімію» Лявона адправілі ў Берасьцейскую вобласьць у вёску Сушкі: «Гэта 45-я „хімія“, там усе ў асноўным працуюць у кароўніках, сьвінарніках», — расказваў ён.
Паміж вынясеньнем прысуду і пачаткам адбываньня тэрміну Лявон ненадоўга змог трапіць дадому — пакуль суд разглядаў апэляцыю. І калі Мікі ўбачыў бацьку, разгубіўся і ня ведаў, што рабіць. Відэа сустрэчы з сынам Лявон апублікаваў у Інстаграме і пераказаў дыялёг:
«Ужо пазьней за сталом я спытаўся ў яго, хто ж падарыў яму такія прыгожыя налепкі (гэта я іх даслаў), далей дыялёг быў такі:
— Гэта тата мне даслаў!
— А я хто?
— Ты іншы тата.
— А колькі ў цябе татаў?
— Два (паказвае два пальцы).
— А хто другі тата?
— Другі з барадой, а ты з вусамі».
Менавіта таго, што сын пачне яго забываць, ён баяўся ў зьняволеньні больш за ўсё, прызнаецца Лявон: «[Малюючы гульні], я стараўся чапляцца за нашы агульныя ўспаміны, за тое, што, як я зразумеў, яму падабаецца».
«У адной гульні я намаляваў наш раён і там адзначаў месцы, дзе мы любім быць. Там трэба было машынку перасоўваць і ставіць на паркоўку каля нашых любімых месцаў, — расказвае Лявон. — Яшчэ ў адной быў сьвятлафор і машынкі, якія езьдзілі на розны сыгнал сьвятлафора».
У Лявона ў ізалятары была толькі папера, каляровыя алоўкі ён браў у сукамэрнікаў. «Маляваў, выразаў і ўстаўляў паперу ў паперу».
Апроч інтэрактыўных гульняў, Лявон адпраўляў сыну казкі і малюнкі жывёл. «У мяне былі налепкі, і я паміж гэтымі выявамі пісаў казкі, у асноўным пра зьвяроў. У адной гісторыі я нагадваў яму, як мы ішлі па нашым раёне і я пераблытаў бакі і пайшоў ня ў той, а Мікі мне сказаў: „Тата, мы ня ў той бок ідзем“, — і меў рацыю. Я зрабіў з гэтай гісторыі апавяданьне».
Творачы для сына ў зьняволеньні, Лявон адцягваўся ад таго, што навокал, а заадно і ад змрочных думак: «Вельмі дапамагае, калі ты нешта рукамі робіш, заняты. Бо калі не заняты, цыркулююць адны і тыя ж думкі, у якіх няма сэнсу».
Лявон Халатран выйшаў на волю 21 траўня. Адбыў увесь тэрмін. Гульні, якія ён адпраўляў сыну, захоўвае ў скрынцы разам зь лістамі, якія яму дасылалі падчас зьняволеньня, і блякнотам з уласнымі запісамі. «Я пакуль ня вырашыў, што з гэтым рабіць, але выкідаць сапраўды нельга».
«Усё тое, што адбываецца ў чалавека ўнутры, у дзесяць тысяч разоў страшней за тэрмін». Малюнкі Касі Будзько
«Была ў нас нядаўна ў камэры цікавая размова пра падводнае плаваньне, маўляў, бедныя маракі жывуць месяцамі ў цёмных каютах, пазбаўленыя сонечнага сьвятла, вітаміну D, абмежаваныя ў харчаваньні і прасторы, цярпяць ад цынгі, ну проста як мы тут у турме, толькі ў іх заробак, а ў нас тэрмін», — піша 21-гадовая Кася Будзько.
Гэты пост у Інстаграме, які вядзе яе сяброўка Іра, суправаджаецца сумным аўтапартрэтам і развагамі пра тое, як СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, сумна знакамітая «Валадарка», са сваімі жалезнымі дзьвярыма і ізаляцыяй ад сьвету нагадвае падводную лодку.
Кася — студэнтка факультэту эстэтычнай адукацыі пэдагагічнага ўнівэрсытэту, яна ў зьняволеньні з 12 лістапада 2020 году. Тады, у «чорны чацьвер», у ВНУ прайшла зачыстка актывістаў — Касю і яшчэ 11 студэнтаў іншых ВНУ Менску затрымалі нібыта за арганізацыю студэнцкіх пратэстаў. Усе абвінавачаныя, акрамя аднаго, віну не прызналі. 16 ліпеня 2021 году маладых людзей прыгаварылі да 2,5 года калёніі агульнага рэжыму па «народным» 342-м артыкуле («Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Цяпер Кася адбывае тэрмін у Гомлі ў калёніі № 4, у лістах родным і сябрам шле малюнкі з апісаньнем турэмнага побыту і разважае пра рознае — напрыклад, пра турэмны слэнг: «Вось, напрыклад, з „тармазамі“: навошта [кажуць] „тармазы“, а ня проста „дзьверы“? Дык вось, прыкол у тым, што гэта сапраўды ніякія ня дзьверы, у звыклых для нас дзьвярах ёсьць ручка абапал і яшчэ ты можаш іх адкрыць (ваў), ну і звычайна ў іх няма ніякіх кармушак... Увогуле, што я хачу гэтым сказаць: усе звыклыя для нас рэчы ў турме перайначаныя і нават могуць быць перакручаныя па сваім ужываньні».
«Кася заўсёды была вельмі творчай, удзельнічала ў андэграўнд-выставах, у яе было шмат скетчбукаў, дый увогуле яна заўсёды вельмі любіла маляваць», — расказвае пра лісты ад сяброўкі Іра.
«Раней малюнкі прыходзілі ў кожным лісьце, — кажа Іра. — Цяпер лісты прыходзяць толькі сваякам і ад сваякоў — гэта вельмі мала лістоў, і амаль усе яны без малюнкаў. Нават калі малюнак і быў першапачаткова, то часта пасьля цэнзуры ліст даходзіў безь яго».
«Мы зь ёй пазнаёміліся, калі нам было па 14 гадоў. І тады, ня маючы ніякай мастацкай адукацыі, ня ходзячы ні на якія гурткі па маляваньні, яна ўвесь час малявала — і вельмі клёва, мне здаецца. Яна малявала ўвесь свой вольны час. Потым, калі час прыйшоў паступаць, яна хацела паступаць на лягапэда. Я яе вельмі асуджала за гэта, таму што было бачна, як яна гарыць маляваньнем. У выніку яна паслухала сваё сэрца і пайшла паступаць на мастацкі факультэт», — расказвае Іра.
Па словах сяброўкі, Кася — вельмі моцная асоба, таму замест скаргаў і перажываньняў з-за кратаў працягвае жартаваць і падбадзёрваць блізкіх сьмешнымі гісторыямі: «Вы ні за што не адгадаеце, як на „Валадарцы“ называюць Сьледчы камітэт. Я наогул лічу, што ім пашанцавала з клікухай, ну вельмі яна сьмешная. Дык вось, завуць іх „Кэльвін Кляйн“, і гэта не таму, што ўсе супрацоўнікі СК такія прыгожыя, што маглі б рэклямаваць прадукцыю Кэльвіна, усё куды прасьцей. Уся соль у скарачэньні абрэвіятуры гэтых дзьвюх арганізацый: яны складаюцца зь дзьвюх аднолькавых літар СК і СК, такі вось лякальны мэм „Валадаркі“».
У адным зь лістоў Кася расказвала пра сны ў турме: спачатку ёй сьнілася свабода — родныя, сябры, месцы, дзе ў звычайным жыцьці яна часта бывала. Але з часам усе падзеі ў снах сталі адбывацца ў зьняволеньні: «Мая сонная фабрыка пераносіць падзеі, людзей да мяне ў турму».
«Вядома, яна вельмі хвалюецца за сваю будучыню: як-ніяк два гады змарнаваныя, баіцца, што яна так надоўга выпала з сацыяльнага жыцьця і зараз не ўвальецца, што ўсе яе сябры расьлі і разьвіваліся, а яна — не. Нядаўна пісала, што налета ёй будзе 22, але адчувае сябе так, нібыта ёй па-ранейшаму 19, з прычыны застою», — кажа Іра.
У лістах Кася рассказвае пра свой новы побыт, працу, узаемаадносіны з сукамэрніцамі. Напрыклад, піша аб тым, што ў СІЗА на Валадарскага карыстаюцца папулярнасьцю «шматслойныя лукі»: дзьве пары шкарпэтак, надзетыя адна на адну, некалькі кофтаў пад овэрсайз-байкай і спартовы абутак, «галоўнай разыначкай якога стала адсутнасьць матузоў». Дзеліцца, як страшна хадзіць па начах у прыбіральню праз чуткі пра пацукоў у каналізацыі. («Тыя, каму пашчасьціла пасядзець у Жодзінскай турме, расказваюць пра пацукоў, якія вылазяць з унітаза, і каб не адбывалася такіх сюрпрызаў, перад тым як скарыстацца прыбіральняй, трэба змыць вялікую колькасьць вады»). Расказвае, што ў калёніі трэба падпісваць усе свае рэчы, каб ня скралі, «хоць і так крадуць, асабліва трусы». Зьняволеным выдаюць маленькія шматкі чорнай тканіны і раствор з высокай канцэнтрацыяй хлёркі, якім трэба напісаць сваё прозьвішча, а потым прышыць гэты чорны шматок да бялізны.
Аднойчы яны з сукамэрніцамі зладзілі паэтычную вечарыну — вырашылі па чарзе чытаць вершы, але ўспомніць цалкам хаця б адзін твор не змаглі, піша Кася: «Цяжка быць рамантыкам без інтэрнэту».
Яшчэ будучы студэнткай, далёкай ад турмаў і калёній, Кася падтрымлівала іншых палітвязьняў, дый наогул усіх зьняволеных, расказвае яе сяброўка: «Мне здаецца, гэта вельмі добрая яе якасьць: яна не выбірае, за каго перажываць у турме, а за каго не — яна заўсёды была за рэабілітацыю зьняволеных, прычым любых. Верыла, што пры належнай працы любы маньяк і гвалтаўнік можа выправіцца».
Выступаючы з апошнім словам у судзе, Кася казала, што, нягледзячы ні на што, любіць сваю краіну: «Мне здаецца, што нашае грамадзтва баіцца праблем, закрывае на іх вочы, думаючы, што яны вырашацца самі па сабе. Таму мне крыўдна за ўсё тое, што адбываецца ў нашай краіне. Што самыя пэрспэктыўныя, вартыя з нас студэнты вымушаны зьяжджаць ці сядзець у турме. Але я люблю Беларусь з усімі яе плюсамі і мінусамі — нават праз восем месяцаў у турме».
Ад таго часу прайшоў яшчэ год, які Кася Будзько правяла за кратамі. Яе тэрмін заканчваецца 30 лістапада.
«Андрэй за кратамі, а яго вершы — на волі». Дзіцячыя мультфільмы на вершы Андрэя Скурко
Андрэй Скурко — кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу газэты «Наша Ніва», у розныя гады быў яе аўтарам і рэдактарам, з 2006 па 2017 год — галоўным рэдактарам, а таксама пісаў для часопіса «Наша гісторыя».
У ліпені 2021 году Скурко і іншых ягоных калегаў арыштавалі нібыта за арганізацыю пратэстаў, але ў выніку ў сувязі з пратэстамі не прад’явілі наогул ніякіх абвінавачаньняў. Андрэя асудзілі на 2,5 года пазбаўленьня волі па артыкуле 216 («Прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу»). Суд пагадзіўся з довадамі сьледзтва аб тым, што кіраўніцтва «Нашай Нівы» нібыта няправільна аплачвала камунальныя паслугі — па тарыфах для фізычных асоб, а не юрыдычных — і так прычыніла шкоду прадпрыемству «Мінэнэрга» ў памеры больш за 10 тысяч рублёў (каля $4 тысяч). Пры гэтым само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не зьвярталася.
На пачатку чэрвеня 2022 году Андрэя перавялі ў калёнію № 15 у Магілёве. Адтуль ён піша вершы для свайго маленькага сына Тамашыка — а на волі яны ператвараюцца ў мультфільмы.
Жонка Андрэя Паўліна расказвае, як зьявіліся першыя вершы: «Два тыдні пасьля затрыманьня Андрэя трымалі ў ІЧУ на Акрэсьціна ў Менску. Па чацьвяргах там прымаюць перадачы для зьняволеных — два кіляграмы. І ты ўсё думаеш, што туды пакласьці, у гэтыя два кіляграмы: пасту маленькую, шчотку зубную. Шмат чаго не бяруць. Я памятаю, што пакавала яму нейкія арэшкі, печыва — тое, што не псуецца. А на Галоўпаштамце купіла шмат паштовак, проста для ўзьняцьця баявога духу, з выявамі розных зьвяроў — гэта абʼекты нашых сямейных жартаў, мэмаў. Я ведала, што яны яго падбадзёраць».
Гэтую перадачу аддалі толькі праз тыдзень, калі Андрэя перавозілі на «Валадарку».
«Яго перавозілі ў жудасным стане: ён, верагодна, захварэў на каранавірус, ніякай дапамогі не аказвалі, ён вельмі моцна кашляў, была высокая тэмпэратура. Калі ён трапіў у сьледчы ізалятар, яго адразу перавялі ў мэдчастку і там адкачалі. І вось ён трапіў туды з гэтай перадачай, дзе былі мае паштовачкі. Мінуў, мусіць, тыдзень пасьля таго, як ён трапіў на Валадарку, і мне прыходзіць першы ліст. У ім паштоўка з ласём і першы верш — пра лася і 38 пірагоў».
«Гэта была такая спроба не паддацца журбе, нудзе ў гэтых дзікіх абставінах», — кажа Паўліна. Яна стала ўвесь час перадаваць паштоўкі мужу, а ён перасылае ў лістах па адной зь некалькімі вершамі. Паўліна пачала публікаваць гэтыя вершы ў фэйсбуку, а калегі Андрэя Скурко па «Нашай Ніве» іх перадрукавалі. Так вершы ўбачылі аўтары дзіцячага ютуб-каналу «Бэйбус» і вырашылі анімаваць іх. Усяго «Бэйбус» ужо апублікаваў 55 мультфільмаў-вершаў у сэрыі «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў».
«Калі пра гэта даведаўся Андрэй, ён, вядома, быў вельмі рады, — расказвае Паўліна. — Рады, што гэта мае нейкі сэнс».
Сыну Андрэя і Паўліны Тамашу цяпер 2,5 года. «Калі б не было гэтага малога, ня ведаю, ці пісаў бы Андрэй гэтыя дзіцячыя вершы? А так у яго ёсьць такая ўдалая спроба захоўваць сувязь, — кажа Паўліна. — Калі Андрэя забралі, малому было 1,5 года, ён усё гэта бачыў. Сёньня ляжаў са мной і разважаў: „Тата ў замку? — Тата ў замку (у Пішчалаўскім замку. — РС). — А яго хутка выпусьцяць? — Хутка. — А яго добрыя ці дрэнныя людзі выпусьцяць?“ Вось так мы зь ім размаўляем. І ён, вядома, усе гэтыя вершы вельмі цэніць: разумее, што яны яму прыходзяць, ведае, на якой паштоўцы які верш напісаны».
У студэнцкія гады Андрэй пісаў тэксты песень для музычнага рок-гурту «Цмокі», у якім граў, але для сябе, для душы не пісаў вершаў ніколі, успамінае яго жонка: «Ён казаў сваёй маме: „Я разумею, што ня буду геніяльным паэтам, а пасрэдным — навошта быць?“ А потым зьявіліся дзіцячыя часопісы, якія выдавала „Наша Ніва“, — „Дуда“ і „Асьцярожна: дзеці!“. Ім увесь час патрэбныя былі вершы да тэмы нумара, і рэдактары часта зьвярталіся да Андрэя. Ён пісаў, і атрымлівалася даволі ўдала».
Для гэтых часопісаў Андрэй пасьпеў папрацаваць і з турмы: на замову рэдакцыі прыдумляў сцэнары коміксаў і высылаў зь СІЗА лістамі. «З Новага году выданьні вымушаныя былі спыніць выхад, але канец лета і ўсю восень выходзілі з коміксамі і вершамі, створанымі ў менскім турэмным замку», — расказвае Паўліна.
Тамсама ў ізалятары Андрэй па памяці пераклаў на беларускую мову паэму Карнея Чукоўскага «Айбаліт» — у Скурко атрымаўся «Доктар Будзьздароў». «Яго ўзялося выдаваць адно выдавецтва: часопіс „Сіцідог“ апублікаваў пачатак, і адразу ж мне напісала жанчына з ЗША, што магла б падтрымаць яго фінансава», — кажа Паўліна.
«Я думаю, што творчасьць — гэта спосаб для палітвязьняў дыстанцыявацца ад той жудаснай сытуацыі, у якой яны апынуліся. Гэта такія ўнутраныя ўцёкі. Таму тым, хто можа знайсьці сябе ў творчасьці, вельмі пашанцавала — ім крыху лягчэй, крыху весялей сядзець», — кажа жонка Андрэя Скурко.
«Цяпер вершы, якія піша Андрэй з калёніі, вельмі часта — пра нашы з Тамашом прыгоды або заняткі, якія я дэталёва апісваю ў сваіх лістах, — расказвае Паўліна. — Напрыклад, адным з апошніх мы атрымалі верш пра купаньне — мы з Андрэем успомнілі, як мы купалі Тамаша, калі ён быў зусім маленькі (да 1,5 года, да таго часу, калі Андрэя забралі.) Я расказала, як малеча купаецца цяпер, ужо ў дарослай ваньне, якіх „сяброў“ бярэ з сабой. І вынікам гэтай перапіскі стаў верш».
«Бывае, мы пішам тату нашы заказы: лічылкі, напрыклад, або скорагаворкі, або Тамаш просіць верш пра каня, — працягвае Паўліна. — Ці я пішу, што Тамаш захапіўся флямінга — і праз 10 дзён да нас прыходзіць паштоўка з флямінга зь вершыкам на адваротным баку».
Згодна з прысудам Андрэй Скурко павінен выйсьці на волю 18 жніўня 2023 году.
У Андрэя ёсьць пляны, ёсьць натхненьне, і гэта радуе, кажа Паўліна: «Выходзяць вершы, і гэта невялікае, але аднаўленьне справядлівасьці. Сам Андрэй несправядліва за кратамі, але ягоныя вершы — на волі, і ў іх шчасьлівы лёс»
Арыгінал артыкула тут.