Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы і ўкраінцы даруюць вінаватым


Дэмантаж помніка дружбе ўкраінскага і расейскага народаў, Кіеў, 26 красавіка 2022
Дэмантаж помніка дружбе ўкраінскага і расейскага народаў, Кіеў, 26 красавіка 2022

На гэтым тыдні былі амаль адначасова апублікаваны вынікі двух сацыялягічных апытаньняў у Беларусі — Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага і беларускага праекту брытанскага Chatham House пад кіраўніцтвам Рыгора Астапені. Юры Дракахруст аналізуе гэтыя лічбы ў сваім артыкуле на партале «Зеркало».

Першае дасьледаваньне — тэлефоннае апытаньне ўсяго дарослага насельніцтва краіны, праведзенае ў сярэдзіне траўня, другое — онлайн-апытаньне гараджанаў, праведзенае месяц таму.

Нягледзячы на гэтыя адрозьненьні, абодва апытаньні паказалі вельмі падобныя вынікі.

Па-ранейшаму толькі нязначная доля беларусаў лічаць, што беларускае войска павінна ўступіць у вайну ва Ўкраіне на баку Расеі. Як адзначыў Астапеня, гэта ў асноўным людзі, якія ня вельмі лічаць сябе беларусамі. У іх «жалезная» лёгіка: Беларусь — гэта Расея; Расея вядзе вайну, значыць, і Беларусь мусіць ваяваць.

Таксама большасьць, хоць і меншая, адмоўна ставіцца да прысутнасьці расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

Аднак у дачыненьні да вайны самой па сабе, па-за сувязьзю з удзелам або няўдзелам у ёй Беларусі, навідавоку прыкладная роўнасьць колькасьці прыхільнікаў і праціўнікаў ваенных дзеяньняў Расеі зь невялікай перавагай у бок праціўнікаў.

І нарэшце, у пытаньні аб геапалітычных перавагах, аб выбары паміж ЭЗ і Расеяй, перавага — на баку Расеі. Паводле дадзеных Беларускай аналітычнай майстэрні прапорцыі пераваг з пачатку вайны (і нягледзячы на вайну) наогул не зьмяніліся, паводле дадзеных Chatham House — крыху павялічыліся долі прыхільнікаў абодвух геапалітычных вэктараў, але расейскага — больш.

На першы погляд, такія суадносіны ацэнак вельмі супярэчлівыя, ледзь не шызафрэнічныя. Аднак псыхалягічна яны дапускаюць несупярэчлівую інтэрпрэтацыю.

І ў звычайным жыцьці мы нярэдка можам асуджаць учынак або паводзіны блізкага нам чалавека — сваяка або сябра. Але ці спыняе гэта блізкасьць, ці абавязкова мы разрываем адносіны з гэтым чалавекам? Неабавязкова. Мы можам асуджаць асобныя яго дзеяньні, але гэта можа не рабіць нашыя адносіны халаднейшымі.

Таксама бывае і ў адносінах паміж народамі. Для многіх беларусаў Расея робіць кепска, ганебна, злачынна. Але на стаўленьні да яе як такой гэта не адбіваецца.

Як растлумачыў Рыгор Астапеня, для многіх беларусаў Расея — гэта частка іх ідэнтычнасьці, іх культуры. Адмовіцца ад сваёй ідэнтычнасьці, ад сваёй культуры цяжка нават пад уплывам вельмі моцных шокаў.

Дарэчы, працу гэтага палітыка-псыхалягічнага мэханізму можна было ўбачыць у выніках апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні наконт стаўленьня ўкраінцаў да беларусаў.

Майстэрня сумесна з Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі правяла ў канцы траўня рэпрэзэнтатыўнае апытаньне ва Ўкраіне аб адносінах яе грамадзянаў да беларусаў у сувязі з вайной і роляй у ёй Беларусі.

Большасьць (68%) украінцаў адказалі, што іх стаўленьне да беларусаў праз вайну пагоршылася, толькі ў 24% яно засталося ранейшым і толькі ў 3% яно палепшылася. На пытаньне, ці ўдзельнічае Беларусь у ваенным канфлікце ва Украіне, станоўчы адказ дала пераважная большасьць — 84%. Але ў пытаньні аб іх цяперашнім стаўленьні да беларусаў рэспандэнты падзяліліся прыкладна напалову: 42% назвалі сваё стаўленьне да паўночных суседзяў добрым, 47% — кепскім.

Як жа так? У 68% украінцаў стаўленьне да беларусаў пагоршылася, а дрэнна да іх зараз ставяцца толькі 47%? Ну вось так — у многіх стаўленьне пагоршылася, але не настолькі, каб стаць дрэнным.

І яшчэ — пра тое, што ляжыць у аснове працы мэханізму «прабачэньня вінаватых». Гэта, як і ў асабістых адносінах, блізкасьць. З ідэалягічнага канструкту аб «трыадзіным народзе» не абавязкова рабіць выснову наконт неабходнасьці адзінай дзяржавы для гэтага «трыадзінага». Для многіх прыхільнікаў гэтага канструкту ён проста канстатацыя блізкасьці.

Ва Ўкраіне 27% лічаць украінцаў і беларусаў адным народам. І гэта больш як палова з тых украінцаў, якія захавалі добрае стаўленьне да беларусаў.

Яшчэ больш уражваюць адказы беларусаў на падобнае пытаньне, прычым ня толькі ў дачыненьні да іх, расейцаў і ўкраінцаў, але і ў дачыненьні да расейцаў і ўкраінцаў паміж сабой.

Як ужо было сказана, з прыхільнасьці канцэпту «трыадзінага народу» не вынікаюць адназначныя палітычныя высновы. Але сёе-тое зь яго ўсё ж вынікае.

Гэта, у прыватнасьці, тлумачыць захаваньне сымпатыяў беларусаў да Расеі, прыхільнасьць значнай іх часткі да саюзу з Расеяй. Збольшага і таму ж не назіраецца зьніжэньня (хоць і павелічэньня) сымпатыяў да Ўкраіны.

З другога боку, ізноў жа збольшага, на гэтым грунтуецца і асуджэньне расейскіх ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Ануфрый у першы ж дзень вайны назваў расейскі напад на Ўкраіну «Каінавым грахом». І многія беларусы асуджаюць гэты напад менавіта таму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG