Расейскія тэлеграм-каналы, якія спэцыялізуюцца на відэа палонных украінцаў і замежных легіянэраў, зьмясьцілі ролікі з паказаньнямі Яна «Тромблі» Дзюрбейкі і Сяргея «Кляшча» Дзягцёва. Паводле апублікаванай расейскімі каналамі інфармацыі, астатнія каліноўцы загінулі.
Паводле інфармацыі Свабоды, гаворка можа ісьці пра:
- Івана «Брэста» Марчука (яго сьмерць пад Лісічанскам афіцыйна пацьверджаная);
- Васіля «Сябро» Парфянкова;
- Васіля «Атама» Грудовіка;
- Вадзіма «Папіка» Шатрова.
Пра Івана Марчука Свабода ўжо пісала. Вось кароткія гісторыі астатніх каліноўцаў.
«Сябро»: Абаронца Курапатаў
Васілю Парфянкову было 38 гадоў. Ён мянчук. Пасьля школы працаваў аўтасьлесарам. Быў сябрам незарэгістраванай Партыі свабоды, якую ўзначальваў Сяржук Высоцкі.
Яшчэ ў 2002 годзе Васіль браў удзел у абароне Курапатаў. Менавіта Парфянкоў быў на дзяжурстве ва ўрочышчы, калі 19 красавіка там хтосьці падпаліў намёт з валянтэрамі. Сам Васіль тады не пацярпеў, але дапамог хлопцу і дзяўчыне ўратавацца ад агню.
«Курапаты — гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе можна жыць пад нашым бел-чырвона-белым сьцягам, размаўляць вольна па-беларуску. Гэта й ёсьць галоўны вынік», — казаў тады Васіль. Ён правёў ва ўрочышчы амаль усе восем месяцаў абароны.
Васіля неаднаразова затрымлівалі на розных акцыях пратэсту, ён сядзеў на сутках. Езьдзіў на Майдан у 2004 годзе, тады ўступіў у шэрагі УНА-УНСО. У 2010-м далучыўся да «Гавары праўду».
На пачатку 2011 году Парфянкоў быў сярод затрыманых за падзеі Плошчы-2010. Яго трымалі ў СІЗА на Валадарскага, а потым асудзілі на 4 гады калёніі строгага рэжыму. Адбываў тэрмін у Воршы. На волю выйшаў праз памілаваньне Лукашэнкі ў жніўні 2011 году. Васіль пісаў прашэньне аб памілаваньні, але ў ім не прызнаў сябе вінаватым.
У 2012 годзе Парфянкова зноў асудзілі на шэсьць месяцаў калёніі за парушэньні правілаў прэвэнтыўнага нагляду. Пакараньне адбываў у Баранавічах, хоць прасіўся ў Глыбокае — да Зьмітра Дашкевіча.
Яшчэ праз год Васіля зноў хацелі судзіць за тое самае, але накіравалі на год на прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Потым Васіль яшчэ год адбыў у калёніі ў Горках, там амаль увесь час праводзіў у адзіночных камэрах і ШЫЗА, яго пазбаўлялі перадач і спатканьняў. Праваабаронцы ўсе разы прызнавалі Парфянкова палітвязьнем.
Літаральна праз пару тыдняў пасьля вызваленьня ў сьнежні 2014 году Парфянкоў зьехаў ва Ўкраіну, дзе яго чакала жонка зь дзіцем. Ужо на пачатку студзеня 2015 году Васіль быў на фронце. Ён увайшоў у батальён Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, быў там адзіным беларусам, знаходзіўся ў Песках.
«Страх з часам прытупляецца. Гэта першы тыдзень-два страшна, калі побач пачынае працаваць „Град“... Страшна, рэальна страшна. А потым усё менш зьвяртаеш на гэта ўвагу. Проста на аўтамаце шукаеш укрыцьцё, каб адседзець гэтыя залпы. Тут хутка вучысься. Галоўнае чуць, дзе ляціць, і ты будзеш ведаць, куды снарад прызямліцца. Усе дамы ў Песках разьбітыя, але засталіся падвалы, добрыя, крэпкія, іх не прабівае „Град“», — казаў Васіль.
Спачатку Васіль быў стралком, а потым яго перавялі ў дывэрсійна-выведную групу. У верасьні 2015 году быў паранены, але хутка пайшоў на папраўку. У 2015-м Васіль атрымаў украінскае грамадзянства. Некалькі разоў трапляў у прыгоды ў Кіеве — прыкладам, калі ўдзельнічаў у пагроме банку. Васіля нават судзілі.
З пачаткам вайны ў 2022 годзе Парфянкоў далучыўся да батальёну Каліноўскага. Супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў прымусілі маму Васіля запісаць відэа, дзе яна асуджае дзейнасьць сына. У Васіля засталіся жонка і двое дзяцей.
«Атам»: вулічны музыка
Васіль Грудовік родам зь Пінску, яму было 30 гадоў. З краіны зьехаў пасьля ўдзелу ў пратэстах 2020 году. Жыў спачатку ва Ўкраіне, а потым у Польшчы.
Спачатку працаваў на будоўлі, а потым займаўся вырабам сьвечак. Яшчэ ў Беларусі граў на барабанах у гурце Istota. Потым зарабляў вулічнай музыкай у Варшаве, браў гітару ў рукі і падчас службы ў палку Каліноўскага. У Беларусі служыў у войску ў рэзэрве. Двойчы быў жанаты, але абодва разы разводзіўся.
У 2020-м Васіль актыўна ўключыўся ў выбарчыя падзеі ў Пінску, арганізоўваў пікет Сьвятланы Ціханоўскай у горадзе. 9 жніўня быў разам зь людзьмі, якія хадзілі на перамовы з гарадзкімі ўладамі, потым удзельнічаў у сутычках зь міліцыяй. Шмат каго з удзельнікаў тых падзей арыштавалі.
«Я тады натачыў дзіды з арматуры, нарэзаў анучак, сабраў шкляныя бутэлькі. Усё гэта склаў і паклаў у багажнік аўто. Я не радыкал, а такім чынам абараняў сваё жыцьцё», — казаў ён потым.
На Васіля таксама завялі крымінальную справу.
У палку Каліноўскага Васіль быў кулямётчыкам. Удзельнічаў у наступальнай апэрацыі ў Херсонскай вобласьці.
«Калі пачалася вайна, то я адчуваў патрэбным вярнуць доўг Украіне, якая мяне прыняла зь верасьня 2020 да сакавіка 2021 году. Гэта шанец вярнуцца дадому. Калі я паеду дамоў, то мне проста на мяжы скруцяць рукі, паб’юць і асудзяць ад 15 год да сьмяротнага пакараньня. Ці там загіну, ці тут. Але ва Ўкраіне я хаця б буду карысны», — казаў «Атам».
Хлопцы з батальёну Каліноўскага згадвалі, што перад выездам 26 чэрвеня Васіль казаў пра адчуваньні, што гэта яго апошняя баявая выправа.
«Папік»: шматдзетны бацька
Вадзіму «Папіку» Шатрову было 44 гады. Ён родам з Воршы, але ўжо больш за дваццаць гадоў жыў ва Ўкраіне, у Днепрапятроўскай вобласьці. Там у Вадзіма была жонка, трое дзяцей, а таксама дом.
Пазыўны «Папік» Вадзім узяў таму, што любіў аднайменны сэрыял.
Паплечнікі кажуць, што «Папік» вельмі дзівіўся вялізнай колькасьці беларусаў, якія прыехалі на вайну ва Ўкраіну. «Я бараню свой дом, а вы што тут робіце?» — часам жартам, а часам усур’ёз казаў ён сваім сябрам.
Пры гэтым Шатроў ніколі ня ўлазіў ані ў палітычныя пытаньні, ані ўва ўнутраныя праблемы палку — быў засяроджаны выключна на выкананьні баявых задач.