Сьцісла:
- Сыстэма ня можа адрэагаваць на самую галоўную патрэбу грамадзян — замену самой сыстэмы.
- Сыстэма паступова вымывае людзей, якія вераць у нейкія ідэі — застаюцца толькі тыя, якія ўмеюць «хістацца разам зь лініяй партыі».
- Чынавенства больш баіцца за свае пасады, бо іх можна страціць, калі будзе анэксія Беларусі Расеяй.
- Сыстэма выйшла на такі ўзровень рэпрэсіяў, калі ўжо ня можа спыніцца.
- Санкцыі ўведзены Захадам ужо не за палітвязьняў. Таму «абмяняць» іх на палітвязьняў ужо немагчыма.
— Яшчэ ў красавіку Лукашэнка заявіў, зьвяртаюся да сілавікоў і чыноўнікаў: «Вы што, забылі, што ў 2020 годзе было? Альбо тут тры чвэрці людзей сядзяць, які радыя таму, што адбылося ў 2020-м, і хочуць паўтарэньня?». Што азначаюць гэтыя выказваньні? Ці сапраўды беларускія чыноўнікі ўнутрана не ляяльныя Лукашэнку і ён гэта ведае?
— Відавочна, Лукашэнка незадаволены працай чыноўніцкага апарату. І выбуховая сытуацыя, якая склалася перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні 2020-га, выкліканая ў тым ліку і тым, што вельмі кепска працаваў дзяржаўны апарат. Фактычна чыноўнікі стварылі перадумовы для таго масавага выбуху пратэсту.
Таму можна меркаваць, што Лукашэнка, гаворачы так, наракаў на кепскую працу дзяржаўнага апарату, які працуе неахайна, неахвотна, не зважае на тое, што называецца патрэбамі беларускіх грамадзянаў. І Лукашэнка баіцца, што кепская праца апарату цяпер зноў можа прывесьці для выбуху пратэставых настрояў.
— А чым бы вы патлумачылі гэтую кепскую працу? Ці гэта наўмысны сабатаж, ці проста чыноўнікі працуюць неахвотна, празь сілу? Альбо мо гэта проста непазьбежная адметнасьць гэтай палітычнай сыстэмы, у якой чыноўнікі не нясуць адказнасьці перад сваімі выбарнікамі, а толькі перад начальствам?
— Вядома, сыстэма ня можа адрэагаваць на самую галоўную патрэба грамадзян — замену самой сыстэмы. Пасьля 2020 году з сыстэмы выйшла шмат людзей, і гэта былі ня самыя кепскія работнікі. Пераважна сышлі сумленныя прафэсіяналы, большасьць зь якіх лічылі, што яны працуюць ва ўладзе на карысьць беларускай дзяржавы, а не на Лукашэнку.
Таксама назіраецца і стомленасьць самой сыстэмы, якая вымушаная працаваць амаль у ваенных умовах; ніхто ня ведае, якія задачы і даручэньні выконваць. Сыстэма паступова вымывае людзей, якія вераць у нейкія ідэі, у патрыятызм — застаюцца толькі тыя, якія ўмеюць «хістацца разам зь лініяй партыі», якая можа зьмяняцца кожны дзень. На сёньня ў чыноўніка павінна быць толькі адна бясспрэчная каштоўнасьць — гэта ляяльнасьць і пэрсанальная адданасьць Лукашэнку. А тут яшчэ грамадзяне нешта ад гэтай сыстэмы патрабуюць — вельмі некамфортная сытуацыя для чыноўніка.
— Той адток кадраў з сыстэмы, які адбыўся ў 2020 годзе — ён ужо спыніўся? Хто цяпер там застаўся? Акрамя невялікага працэнту ідэйна адданых лукашыстаў, як сябе адчуваюць астатнія? Як гэта — рабіць штодня тое, што не супадае з тваімі жыцьцёвымі падыходамі?
— На жаль, можна канстатаваць, што большасьць чыноўнікаў адаптавалася да гэтых маральна некамфортных умоваў. Ніхто зараз там ня бачыць для сябе нейкай дасягальнай альтэрнатывы. Яны жывуць адным днём і самі разумеюць, што ходзяць на працу, каб вытрываць яшчэ адзін дзень. На маю думку, гэта такі моцны адкладзены стрэс, які прынясе свае непрыемныя сюрпрызы. Прафэсійнае выгараньне, памножанае на два — калі людзі могуць проста «згарэць на працы».
— А якія геапалітычныя настроі ў чынавенства? З вашага досьведу, калі вы працавалі там, унутры сыстэмы; з вашымі цяперашнімі кантактамі, што вы захоўваеце, якое ўражаньне ў вас складваецца? Ёсьць думка, што большасьць сілавікоў сёньня настроеныя па-прарасейску. А цывільныя чыноўнікі?
— Іхнія настроі — прачынавенскія. За гады незалежнасьці зьявілася пэўная кляса чыноўнікаў, якой было камфортна працаваць у незалежнай Беларусі. Тут іншая канкурэнцыя, ты ўсіх ведаеш у твар. Бюракратычная гульня за пасады быў зразумелай, яе камфортна было праводзіць у межах вузкай беларускай прасторы. Вядома, была пэўная зайздрасьць да больш багатых расейцаў. Але ў цэлым гэта была пазыцыя, якую можна назваць каньюнктурна прабеларускай.
Беларуская чынавенства больш баіцца за свае пасады, бо іх можна страціць, калі будзе анэксія Беларусі Расеяй. Усе разумеюць, што тады шмат чыноўнікаў страцяць свае пасады, бо на іх месца прыйдуць расейцы. І Лукашэнка зараз адпрацоўвае наратыў, што «калі б я пратэсты не задушыў, то ў нас было б так, як ва Ўкраіне». А таксама ўвесь час падкрэсьлівае, што ніякай інкарпарацыі ня будзе.
І цяпер для чыноўнікаў два галоўныя сыгналы. Па-першае, можна не хвалявацца за сваю пасаду, бо Лукашэнка абараняе чынавенства. Па-другое, лепш так, пад сваёй уласнай дыктатурай, чым цалкам пад Расеяй.
— Нядаўна быў даволі прыкметны скандал, калі беларускія спэцслужбы праслухоўвалі расейскую амбасаду. З аднаго боку, ніхто не зьдзівіўся, але з другога — гэта ўсё ж адзіны саюзьнік, да таго ж спонсар. Ці можа гэты інцыдэнт неяк адбіцца на беларуска-расейскіх адносінах? Ці могуць расейцы гэта ўспрыняць як пэўную абразу?
— Гэта ў любым выпадку моцная абраза. Калі такі інцыдэнт здарыўся ў нямецка-амэрыканскіх дачыненьнях, то ён выклікаў вялікі скандал. Саюзьнікі не павінны праслухоўваць адзін аднаго, мусіць быць давер, ёсьць нават падпісаныя дакумэнты, якія гэта забараняюць. Вядома, супрацоўнікі амбасадаў ведаюць, што за імі сочаць і назіраюць, і таму ніякіх сур’ёзных рэчаў праз звычайны тэлефон не абмяркоўваюць.
Калі б гэта здарылася да пачатку вайны, то гэта быў бы вельмі сур’ёзны скандал. Але цяпер гэта скандал, адкладзены ў часе, ён яшчэ адгукнецца. Прытым скандалам ёсьць найперш тое, што гэтая інфармацыя выцекла на публіку.
— Як беларускі дзяржаўны мэханізм рэагуе на вайну? Яны выбіраюць мілітарызацыю і працяг рэпрэсіяў? Гэта на сёньня адзіны даступны ім варыянт?
— Так, сыстэма выйшла на такі ўзровень рэпрэсіяў, калі яны ўжо сама ня можа спыніцца. Калі б сыстэма пажадала спыніцца, то даўно б пачала гандаль палітвязьнямі, «лібэралізацыю». Цяпер узровень і колькасьць рэпрэсіяў даўно перайшлі ў якасьць, яны сталі глыбейшыя і шырэйшыя. Гэта паказвае, што вярнуцца да старой мадэлі «рэпрэсіі — лібэралізацыя — рэпрэсіі» ўжо немагчыма.
Новае і тое, што санкцыі ўведзеныя Захадам ужо не за палітвязьняў. Таму «абмяняць» іх на палітвязьняў ужо немагчыма. Рэжым перайшоў нейкую мяжу, калі яго перасталі ўспрымаць дамоваздольным. Апошняй кропкай быў міграцыйны крызіс, калі эўрапейцы вельмі хутка зарыентаваліся, што з рэжымам няма сэнсу размаўляць.
А тым больш пасьля пачатку вайны менскаму рэжыму ўжо немагчыма адматаць назад. Таму беларуская сыстэма будзе працягваць рэпрэсіі, пакуль не разваліцца. Бо калі яна спыніцца, калі будуць нейкія паслабленьні, то гэта падвышае імавернасьць новага жніўня-2020. І яны лічаць, што калі будуць працягваць рэпрэсіі і мілітарызацыю, то яшчэ нейкі час можна прытрымацца.
— А што можа прывесьці да абрыву сыстэмы, камбінацыя якіх чыньнікаў?
— Самае блізкае, што можа адбыцца — гэта перамога Ўкраіны ў вайне супраць Расеі. Гэта тое, што наблізіць зьмену рэжыму ў Беларусі. Бо гэта выведзе з гульні эканамічную падтрымку беларускага рэжыму з боку Крамля. Калі фінансавая крыніца скончыцца ў выніку паразы Расеі, то беларуская сыстэма пачне даволі хутка развальвацца знутры.